1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Беларусі адзначылі "Дзяды"

Сотні людзей 2 лістапада ўзялі ўдзел у адзначэнні Дня памінавення продкаў. У Мінску адбыліся шэсці і мітынгі ў месцы пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах, а да магіл вядомых людзей былі ўскладзены кветкі.

default

"Без асэнсавання гісторыі немагчыма адраджэнне нацыі "

Не ўсе, хто жадаў узяць удзел у адзначэнні “Дзядоў” у Мінску, змаглі гэта зрабіць. На прыклад, на выездзе з Магілёву ранкам у нядзелю быў затрыманы аўтобус з дзесяткамі актывістаў ствараемага моладзевага руху “Маладая Беларусь”, якія ў выніку так і не здолелі дабрацца да сталіцы. А ў самім Мінску людзі збіраліся ў двух месцах - да Гадзіннікавага заводу прыйшлі сябры Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі, “Правага альянсу” і той жа “Маладой Беларусі”, а на Усходніх могілках групаваліся актывісты іншых дэмакратычных партыяў і аб’яднанняў.

Ветэраны дэмакратычнага руху ўзгадвалі падзеі дваццацігадовае даўніны, калі ў Мінску прайшло першае адзначэнне “Дзядоў”, разагнанае вайскоўцамі з выкарыстаннем слезацечнага газу “Чаромха” і гумавымі дручкамі.

Кветкі слынным сынам Беларусі

Як кажа тэатральны рэжысёр Валеры Мазынскі, “гэта была такая вялікая прыступка ў вельмі доўгай лесвіцы. Першая, відаць, прыступка, якая была заўважаная пасля 30-х гадоў. Недзе ў пачатку 30-х гадоў, пакуль жылі нашы адраджэнцы, гэтая прыступка згубілася там недзе ў дрыгве. А цяпер ужо мы ідзем па гэтай лесвіцы”.

На Усходніх могілках людзі ўсклалі вянкі і кветкі да магіл Васіля Быкава, Уладзіміра Мулявіна, Пімена Панчанкі, Міхася Ткачова, Генадзя Карпенкі, Уладзіміра Кармілкіна і многіх іншых слынных суайчыннікаў, але самы першы вянок быў пакладзены на магілу пісьменніка, паэта, драматурга, мастака Уладзіміра Караткевіча.

“Для нашага пакалення Уладзімір Караткевіч быў глыток таго паветра, якога мы ў савецкай Беларусі нідзе не маглі глынуць, - адзначае старшыня Партыі Беларускага народнага фронту Лявон Баршчэўскі. – Караткевіч адкрыў для нас Беларусь, і мы яму за гэта вельмі ўдзячны”.

Асэнсаваць гісторыю

Пасля ўскладання кветак сфармаваная ўжо калона рушыла па ходніках до ўрочышча Курапаты. Больш за палову ўдзельнікаў шэсця былі маладыя людзі з розных дэмакратычных арганізацыяў. Як сказаў лідэр “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч, “найноўшае адраджэнне Беларусі пачалося дваццаць гадоў таму менавіта з гэтай акцыі, і мы хочам, каб маладыя людзі разумелі важнасць гэтага моманту. Для таго, каб нацыя адрадзілася, яна мусіць асэнсаваць сваю гісторыю, зрабіць высновы з памылак, яна мусіць пакаяцца ў сваіх грахах”.

У саміх Курапатах адбыўся невялікі мітынг. Як сказаў у сваім выступе Лявон Баршчэўскі, “сёння вядомыя толькі два прозвішчы тых, хто закатаваны ў Курапатах, а знойдзены парэшткі дзесяткаў тысяч нашых суграмадзянаў. Я б хацеў, каб каля кожнага крыжа ляжала хаця б па кветачцы, таму што кожны з крыжоў знаходзіцца на месцы, дзе пахаваныя людзі”.

Вандалы нішчылі крыжы

А позна ўвечары ў суботу, акурат перад “Дзядамі”, актывісты Кансерватыўна-хрысціянскай партыі злавілі ў Курапатах двух вандалаў, якія нішчылі надмагільныя крыжы. Злачынцаў перадалі супрацоўнікам праваахоўных органаў. Але гэта быў адзін з соцень актаў вандалізму, якія дагэтуль засталіся беспакараныя. Да сённешнягя дня ў Курапатах няма не тое што аховы, але нават афіцыйнага мемарыяльнага знаку. Па словах старшыні Аргкамітэту сёлетніх “Дзядоў” Віктара Івашкевіча, “усе ўлады, якія з 1988 года ёсць ў Беларусі, прызнаюць гэты мемарыял нехаця, і таму яны нічога тут рабіць не будуць”.

Сёлетнія “Дзяды”, які і ў мінулыя гады, прайшлі і завершыліся мірна. Горыч засталася толькі ад таго, што розным структурам, якія лічаць сябе дэмакратычнымі, і гэтым разам не ўдалося дамовіцца і правесці адну агульную моцную акцыю.

Генадзь Канстанцінаў

Контекст