1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

У Беларусь едзе Дзяржсакратар Святога Пасаду

18 чэрвеня ў Беларусь з афіцыйным візітам прыбывае Дзяржаўны сакратар Святога Пасаду кардынал Тарчызіа Бертонэ, у якога запланаваны сутрэчы на самым высокім узроўні. Апроч Мінска, госць наведае іншыя рэгіёны краіны.

default

Дзяржаўны сакратар Святога Пасаду кардынал Тарчызіа Бертонэ

Чакаецца, што ў кардынала Тарчызіа Бертоне адбудуцца сустрэчы не толькі з беларускім прэзідэнтам, але і з міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым, а таксама ўпаўнаважаным у справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леанідам Гулякам. Плануецца і сустрэча кардынала з мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым экзархам усёй Беларусі Філарэтам.

Як адзначыў адказны за СМІ пры Сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз Аляксандр Амяльчэня, “гэта сапраўды беспрэцэдэнтны візіт, таму што ніколі ў гісторыі ні сучаснай, ні гістарычнай Беларусі не было візіту другой асобы ў каталіцкім Касцёле, якая завецца Дзяржсакратаром. Гэта сапраўды вельмі важная падзея, якую мы чакалі і чакаем і на якую мы вельмі разлічваем”.

Дэманстрацыя лучнасці

Паводле словаў ксяндза Аляксандра, “Каталіцкі Каcцёл у Беларусі не чакае, што кардынал Бертонэ вырашыць нашы пытанні, нашы праблемы абсалютна. Гэта перш за ўсё візіт, які паказвае лучнасць Святога Пасаду, лучнасць Святога Айца з намі, клопат Святога Айца аб Беларусі – краіне, якая шмат выцерпела і ў якой Каталіцкі Касцёл займае важнае месца і які заўсёды адчуваў і адчувае сябе інтэгральнай часткай беларускага грамадства”.

Ксёндз Аляксандр Амяльчэня падкрэсліў, што візіт высокага госця з Ватыкану будзе вельмі насычаным: “Кардынал Бертонэ выказаў думку, што ён павінен як найбольш азнаёміцца з сітуацыяй у Беларусі, з рэлігійнай сітуацыяй, таму ён наведае не толькі Мінск, але і Пінск, Гродна, ён будзе сустракацца са святарамі, вернікамі, а ў Мінску ён сустрэнецца з беларускай моладдзю ў парафіі ў Серабранцы”.

Ксёндз Аляксандр асабліва адзначыў, што гэта не толькі рэлігійны візіт Дзяржсакратара Святога Пасаду: “Гэта перш за ўсё дзяржаўны візіт, таму што кардынал Бертонэ прыязджае не па запрашэнні Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі, а па запрашэнні беларускай дзяржавы, таму гэты візіт будзе насіць дзяржаўны характар”.

Да канкардату гатовы

Перад візітам высокага ватыканскага госця ў многіх мас-медыях, як беларускіх, так і замежных, з’явілася інфармацыя, што беларуская дзяржава выказала намер падпісаць канкардат з каталіцкай царквой. З праваслаўнай царквой такі дакумент ужо падпісаны раней. Як сказаў ксёндз Аляксандр Амяльчэня, “Каталіцкі Касцёл заўсёды гатовы да падпісання такога дакументу, мы разлічваем, што гэта дало б большую магчымасць узаемадзейнічаць Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі і дзяржаве ў вырашэнні надзённых праблемаў сучаснага грамадства – праблемаў секулярызму, маральнага рэлятывізму, праблемаў маральнага характару, я маю на ўвазе аборты. Таму мы вельмі разлічваем, што працы па стварэнні гэтага дакументу ў нашым беларускім кантэксце будуць працягвацца і скончацца эфектам, імя якому сапраўды канкардат”.

Паводле ксяндза Аляксандра Амяльчэні, ідэя канкардату ўзнікла нават не ў каталіцкім касцёле, але ў высокіх беларускіх дзяржаўных асобаў: “Ён павінен быць сапраўды тым, што прынясе нам узаемную карысць, перш за ўсё ў рэлігійнай, маральнай, сацыяльнай, у грамадскай сферах”.

Час збіраць камяні

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што Ватыкан і афіцыйны Мінск па-рознаму ставяцца да самой падзеі гэтага візіту.

“Я думаю, што для Ватыкану гэта хутчэй нейкае рутыннае мерапрыемства, а вось беларускі афіцыйны бок надае яму вялікае значэнне, таму што зараз стаіць вострая задача неяк наладзіць стасункі з Еўропай. А Ватыкан – гэта ў пэўным сэнсе сімвал еўрапейскай цывілізацыі”.

Што да ініцыятывы беларускіх уладаў наконт падпісання канкардату з Каталіцкім Касцёлам, то тут, паводле Аляксандра Класкоўскага, прычына ў наступным:

“Па-першае, тут праваліўся праект так званай братняй інтэграцыі, у якім, натуральна, праваслаўная царква адыгрывала важную ролю. І другі момант - гэта тое, што шмат наламана дроў, і беларускае гармадства вельмі падзеленае па палітычных ды іншых прыкметах, і я думаю, улада разумее, што ў пэўным сэнсе ўжо пара збіраць камяні, таму робяцца вось такія рэверансы перад касцёлам”.