1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

“Усё жыццё – дзіўны сон”

Так завецца новы альбом легендарнага беларускага рок-гурта “Крама”, які з’явіўся ў продажы ў музычных шапіках і цэнтрах. Выхаду альбома была прысвечаная сустрэча музыкаў з журналістамі і аўтограф-сесія.

default

Удзельнікі гурта раздавалі аўтографы, а фанаты літаральна змялі з прылаўкаў новенькія кампакты і плакаты з выявамі музыкаў.

Выхад кожнага новага альбома беларускіх рок-музыкаў ёсць адметнай падзеяй для любога меламана, бо здараецца такое нячаста, ды і сапраўдных беларускіх гуртоў, хаця і з’яўляецца з кожным годам усё больш, але ўсё роўна меньш, чым хацелася б. Таму на аўтограф-сесію “дыназаўраў” беларускага року ў “Містэрыю гука” прыйшлі дзесяткі прыхільнікаў “Крамы”. Музыкі з задавальненнем гутарылі з “фанатамі”, падпісвалі набытыя тут жа кампакт-дыскі ды плакаты. І ахвотна адказвалі на пытанні. Пра што новы альбом? – запытаўся я ў лідэра гурту Ігара Варашкевіча:

- Як заўсёды пра ўсё – пра любоў да Радзімы, пра каханне, пра нейкія жартоўныя рэчы – спектр, традыцыйны для “Крамы”. Але ў гэтым альбоме больш сур’ёзных песень пра каханне.

“Жыццё-дзіўны сон” – гэта ўжо восьмы па ліку альбом “Крамы”. Працавалі над ім музыкі больш за год, і чакалі выхаду альбома з нецярплівасцю не толькі аматары, але і спецыялісты. Вядомы музычны крытык Вітаўт Мартыненка так адзначыў, что такое “Крама” для сённяшняга андэграўнднага музычнага мастацтва Беларусі:

- Гэта як “Бітлз” для брытанскага року. Тут іначай не скажаш, таму што гэта каманда, якая рэальна захавала свой імідж, трымае яго і не становіцца нямоднай. Гэта самае прыемнае.

Паводле Вітаўта Мартыненкі, вартасць “Крамы” і ў вернасці сваім шматгадовым традыцыям, якія сфармаваліся ад самага ўзнікнення гурта ў 1991-м годзе:

- Чым мне падабаецца, напрыклад, НРМ, тым, што ён мяняецца. Але калі ўсе будуць мяняцца, мы разгубімся самі. І вось “Крама” - гэта такі слуп, які паказвае, што можна быць вечна актуальным. “Крама” у гэтым сэнсе паказвае прыклад.

Гітарыст гурту Сяргей Тухановіч згодны з журналістам, але адзначае і тое, што ягоная каманда не стаіць на месцы, хоць свій музычны стыль імкнецца захоўваць:

- Крышачку ёсць стылістычныя змены, бо мы ўпарта сочым за ўсімі гітарнымі навінкамі й стараемся нічога не прапускаць. Але ж мы стараемся таксама і вытрымліваць сваю “крамаўскую” стылістыку, такі фірмовы штамп.

У запісы новага альбому ўзялі ўдзел не толькі непасрэдна музыкі “Крамы”, але і бубнач гурту “Apple Tea” Аляксандр Сапега, вядомы сталічны гітарыст Леанід Варэніч і салістка каманды “Індзіга” Руся.

“Крама” спявае, за рэдкім выключэннем, па-беларуску, таму ў яе вельмі шмат прыхільнікаў і сярод моладзі, бо мода на родную мову й культуру ў краіне паволі ўзрастае:

- “Крама” мне падабаецца таму, што зараз вельмі складана знайсці гурт, які спявае на беларускай мове і пры гэтым спявае вельмі цікавы беларускі рок. Акрамя гэтага, “Крама выкарыстоўвае ў сваім стылі не толькі рок, а таксама і блюз, і мне здаецца, гэта сапраўдная беларуская музыка.

- “Крама” разам з НРМ і іншымі гуртамі робіць нашую краіну ў плане музыкі больш разнастайнай і цікавай.

Папулярны і варты ўвагі ды павагі гурт, але ў эфірах дзяржаўнага тэлебачання ды радыё яго практычна не чуваць. А канцэрты ўлады праводзіць не даюць. Вось і канцэртовая прэзентацыя новага альбому “Усё жыцьцё – дзіўны сон” ніяк не можа адбыцца, бо музыкам стабільна з розных прычынаў адмаўляюць у памяшканні. Ігар Варашкевіч так тлумачыць, чаму ўлады непрыхавана адмоўна ставяцца да ягонага гурту:

- Таму што мы спяваем не пра тыя рэчы, якія цікавяць уладу. Зразумела, мы спяваем не пра тую Беларусь, не пра “ЗА Беларусь”, а “ЖЫВЕ Беларусь!” – гэта вялікае адрозненне. Не патрэбныя мы тут уладзе. Тут будуецца новы Савецкі Саюз, новы калгас. А мы ў яго не ўпісваемся. Я не хачу жыць у калгасе. Я свабодны чалавек.

Лідэр “Крамы” добра ведае, для каго ён і яго сябры займаюцца творчасцю:

- Для тых, хто таксама хоча быць не ў статку, а хоча жыць свабодна, займацца тым, чым ён хоча. Я ведаю, што такія людзі ёсць, і нямала.

Ігар Варашкевіч распавёў, што вельмі актыўна працаваў усё лета, таму хутка ад яго можна чакаць і новых рэчаў:

- Я за два летнія месяцы запісаў разам са Змітрам Дзямідавым з гурту “Індзіга” дзесяць песень. Гэта “дэма”. Я проста ўзяў касеты, якія назапасіліся за гадоў 10 – 20 і запісваў такія “дэмкі”. І думаю, што, акрамя новага альбома “Крамы”, будзе яшчэ нейкі праект.

Музыкі паведамілі, што ўсё ж плануюць правесці канцэрт- прэзентацыю альбому “Усё жыццё – дзіўны сон” ужо ў гэтым месяцы. Гэта мусіць адбыцца 25-га верасня, вось толькі месца правядзення пакуль што з вядомых прычынаў “крамаўцы” назваць не спяшаюцца. Але спадзяюцца, што хутка надыдзе час, калі для нацыянальных выканаўцаў адчыняцца дзверы найбуйнейшых канцэртовых заляў на Радзіме, і не трэба будзе, шукаючы, дзе паказаць сваю творчасць, і выязджаючы дзеля гэтага ў іншыя краіны, з сумам казаць: “Бывай, мая айчына!” - “Auf Wiedersehen, mein Vaterland!”.