1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Унікальная знаходка ў цэнтры Кобрына

Жыхар Кобрына Героній Бычкоўскі зараз з’яўляецца мясцовай славутасцю. Падчас зямельных работ на сваім падворку пенсіянер знайшоў клад, каштоўнасць якога вызначаюць спецыялісты.

155 срэбраных манет наміналам 2, 5 і 10 злотых, а таксама адзін злоты, зроблены з нікелю, былі схаваныя ў цэнтры горада – на вуліцы Леніна. Усе манеты маюць дачыненне да трыццатых гадоў мінулага стагоддзя, калі Кобрын знаходзіўся ў межах тагачаснай польскай дзяржавы. Героній Бычкоўскі кажа, што знайшоў клад выпадкова, калі перакопваў участак вакол дрэваў. Па яго словах, манеты знаходзіліся ў чугунке, які амаль не захаваўся.

Зараз манеты даследуюць супрацоўнікi ваенна-гістарычнага музею імя Аляксандра Суворава, які знаходзіцца ў Кобрыне. Па словах дырэктара музею Алены Бабенкі, самі манеты не з’яўляюцца унікальнымі, але іх колькасць выклікае цікавасць да асобы, што некалі была ўладальнікам такога багацця. Бо сума даволі значная і складае 940 злотых. Для прыкладу: заробак сярэдняга рабочага складаў у тыя часы ад 10 да 30 злотых штомесяц.

Алена Бабенка спадзяецца, што пасля ўсіх неабходных экспертыз, знаходка застанецца ў мясцовым музеі. Ва ўсялякім выпадку так зрабілі з папярэднімі знаходкамі, калі ў Кобрыне адшукалі 6200 польскіх і літоўскіх манет XVIII стагоддзя. Пытанне пра тое, дзе будуць захоўвацца манеты з новага кладу, знаходзіцца ў кампетэнцыі Міністэрства культуры.

Калі спецыялісты вызначаць, што знаходка ўсё ж мае гістарычную каштоўнасць (а, хутчэй за ўсё, так і будзе), гаспадар хаты атрымае пэўную ўзнагароду. Гэта падцвердзіў галоўны спецыяліст аддзела культуры Кобрынскага райвыканкаму Юрый Барысюк. Па яго словах , той, хто знайшоў клад, можа разлічваць на 100% узнагароды. Але, паколькі зямля належыць дзяржаве, гаспадар хаты атрымае 25%.

Пакуль жа Геронія Бычкоўскага непакоіць іншае: ці не будзе яго зямельны надзел у цэнтры Кобрына месцам, дзе “чорныя шукальнікі” захочуць знайсці штосьці яшчэ.