1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Ужо можна не рызыкаваць

Суседняя Польшча спрашчае ўмовы працы для замежнікаў. Гэта датычыцца грамадзянаў Беларусі, Расіі і Украіны. Новыя правілы дазволяць беларусам працаваць у Польшчы без адмысловага дазволу на працягу трох месяцаў.

- На мой погляд, улады трохі паспяшаліся з новаўвядзеннямі. Мне падаецца, што ў першую чаргу нам варта было б вырашаць праблемы з уласным беспрацоўем і не спяшацца запрашаць на працу ў Польшчу іншаземцаў.

- - Калі гэта не шкодзіць нашым інтарэсам, а наадварот дапамагае вырашыць пэўныя праблемы на рынку працы, у прыватнасці, у тых сферах, куды не асабліва прагнуць працаўладкоўвацца палякі, то я не супраць.

Такія меркаванні давялося пачуць у варшаўскім Цэнтры занятасці насельніцтва, у чарзе каля кабінету рэгістрацыі беспрацоўных.

Меркаванні беспрацоўных палякаў -яно і зразумела, што большасць з іх да новаўвядзенняў ставяцца падазрона - зусім не падзяляюць тамтэйшыя працадаўцы, што пераважна знітаваныя з будаўнічай, медычнай, гандлёвай і сельскагаспадарчай сферамі. Асабліва цяжкая сітуацыя ў сферы медыцыны: за апошнія гады на працу ў краіны ЕС выехала вялікая колькасць польскіх лекараў. Увогуле ж, паводле экспертаў, апошнім часам за мяжу выехала да двух мільёнаў польскіх працаўнікоў. Таму запатрабаванасць у новай працоўнай сіле натуральная.

Як распавёў у інтэрв'ю „Нямецкай хвалі” намеснік дырэктара Дэпартаменту міграцыі Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі Януш Гжыб, «новыя правілы датычацца працаўнікоў з краінаў, што мяжуюць з Польшчай на усходзе – Беларусі, Расіі і Украіны»:

« Мы ўвесь час атрымліваем сігналы ад нашых працадаўцаў аб зацікаўленасці прыцягнуць на працу грамадзянаў гэтых краінаў. Таму і было прынятае такое рашэнне. Новаўвядзенні пачнуць дзейнічаць ужо з траўня. З гэтага часу грамадзяне Беларусі, Расіі і Украіны змогуць працаваць у Польшчы без адмысловага дазволу нашых уладаў на працягу трох месяцаў – прычым, ва ўсіх сферах. Хацеў бы падкрэсліць, што пры гэтым замежныя працаўнікі будуць мець роўныя правы з палякамі. Гэта датычыць і варункаў працы, і заробкаў, і стаўлення. Акрамя іншага, болей даступнымі стануцца і аб'явы аб працы. У хуткім часе яны будуць перакладзеныя і на беларускую мову».

Алена з Гродна жыве ў польскай сталіцы ўжо пяць гадоў. Сталай працы не мае: час ад часу падпрацоўвае перакладчыкам з польскай на расейскую. Заробку хапае, каб зняць сціплую аднапакаёвую кватэру, забяспечыць сябе і трохі падтрымаць сям'ю, што засталася ў Беларусі.

« Заробак, вядома, залежыць ад колькасці замоваў. Бывае, што ў месяц і тысячу даляраў магу зарабіць. У Беларусі я і таго не мела»,

-- распавядае суразмоўца .

Прывабнымі выглядаюць прапановы – што датычыцца заробкаў -- для тэхнічных адмыслоўцаў. Герман Сушкевіч, праграміст з Мінску, які пачынаў у Польшчы як распаўсюднік рэкламных улётак, сёння кіраўнік аналітычнага аддзелу ў буйной польскай кампаніі:

« Спачатку ўладкаваўся сістэмным адміністратарам у адну фірму, праз тры гады ўжо займаў пасаду праграміста, пасля кіраўніка праектаў, а зараз я ўзначальваю адзін з аддзелаў у буйной польскай кампаніі. Ніякага страху перад заўтрашнім днём у мяне няма. І ўвогуле тэхнічныя адмыслоўцы тут запатрабаваныя».

Вядома, што адна з галоўных праблемаў для жадаючых уладкавацца на працу, -- моўнае пытанне. Любая сфера вымагае мінімальнага ведання польскай мовы ці то праца ў рэстарацыі, ці ў гандлі, ці ў сферы абслугі ці будоўлі.

Як зазначае намеснік дырэктара Дэпартаменту міграцыі Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі Януш Гжыб, найбольш запатрабаваная сфера на дадзены момант – будаўніцтва. Паводле статыстыкі міністэрства, летась афіцыйны дазвол на працу ў Польшчы атрымалі 704 беларусы. Пры гэтым суразмоўца заўважае, маўляў, «вядома, што гэта зусім не адлюстроўвае рэальную карціну рынку працы і шмат людзей з Усходу працуе тут нелегальна».

Польскія ўлады папярэджваюць, што лепей так не рызыкаваць: нелегальная праца можа абвярнуцца дэпартацыяй на радзіму і адмовай у атрыманні працоўнай візы.