1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Тэрмін рэгістрацыі беларускіх прадпрыемтсваў скароцiцца да 20 дзён

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выдаў дэкрэт, які ўнёс дапаўненні і змяненні ў палажэнне пра дзяржаўную рэгістрацыю і ліквідацыю суб’ектаў гаспадарання.

Як сказана ў дэкрэце, ён накіраваны на абарону правоў грамадзянаў і арганізацыяў і на прадухіленне бюракратычных працэдураў. Змест дэкрэту, а таксама меркаванні экспертаў адносна яго эфектыўнасці вывучаў.

Дапаўненні і змяненні, прадугледжаныя дэкрэтам, скарачаюць тэрмін дзяржаўнай рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання з аднаго месяца да дваццаці дзён і выключаюць мажлівасць падаўжэння гэтага тэрміну. Пры гэтым на орган рэгістрацыі ўскладаюцца абавязкі выдаваць разам з пасведчаннем аб прэгістрацыі дазвол на права вырабу пячаткаў і дакументы, якія пацвярджаюць пастаноўку на ўлік у падаткавай інспекцыі і іншых дзяржорганах. Раней гэтыя дакументы выдаваліся ў шматлікіх інстанцыях.

Апрача таго, згодна дэкрэту, пры рэгістрацыі забараняецца ўзыманне іншых плацяжоў, апрача збору і дзяржмыты за выдачу пасведчання кіраўніку арганізацыі. Да таго ж, дакумент уводзіць і шэраг іншых ноўшасцяў, якія набудуць сілу з 1 чэрвеня.

Незалежныя эксперты паставіліся да прэзідэнцкага дэкрэта крытычна. “Калі ў хворага рак трэцяй ступені, а ён глынае аспірын, гэта наўрад ці дапаможа яму выздаравець”, - так ацаніў эфектыўнасць дакумента кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. Паводле яго меркавання, дэкрэт носіць касметычны характар і асноўных праблемаў не вырашае. Ён, адзначыў Раманчук, не прадугледжвае паведамляльнага прынцыпу рэгістрацыі, не адмяняе фіксацыю намінальнага статутнага фонду, а таксама не ліквідуе абавязковае ўказванне ў рэгістрацыйных дакументах пераліку відаў дзейнасці. Абарона ж заснавальнікаў ад неабгрунтаваных пабораў, паводле Раманчука, выглядае проста смешна, бо ў Беларусі, як выказаўся эксперт, цяпер усе дзяржаўныя паборы абгрунтаваныя.

З Раманчуком салідарны і незалежны юрыст Сяргей Балыкін, які заявіў, што мінусаў у новага дэкрэта значна больш за плюсы. У прыватнасці, дакумент пашырае пералік падставаў для пазасудовага зліквідавання арганізацыяў паводле рашэння выканкамаў. А таксама прадугледжвае фінансавыя санкцыі за дзейнасць прыватнага ўнітарнага прадпрыемства па хатняй адрэсе, чаго раней не было. Паводле юрыста, гэта адкрывае шырокія магчымасці для свавольства чыноўнікаў. Што тычыцца станоўчага ў дэкрэце, то галоўнае ў ім, як адзначыў Балыкін, гэта скарачэнне тэрміну рэгістрацыі да 20 дзён. Хаця і гэты тэрмін, упэўнены юрыст, занадта вялікі.