1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

"Трэба глядзець праўдзе ў вочы"

Пасля канферэнцыі ў Вільні беларускія дэмакраты больш падрыхтаваныя выйдуць на Кангрэс дэмакратычных сілаў, што павінен адбыцца ў найбліжэйшыя месяцы. Прынамсі, такія спадзяванні выказвалі ўдзельнікі сустрэчы, але...

Пасля канферэнцыі ў Вільні беларускія дэмакраты больш падрыхтаваныя выйдуць на Кангрэс дэмакратычных сілаў, што павінен адбыцца ў найбліжэйшыя месяцы. Прынамсі, такія спадзяванні выказвалі ўдзельнікі сустрэчы.

Адзін з яе арганізатараў, прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Дабравольскі, паведаміў, што на канферэнцыі былі зробленыя практычныя крокі па падрыхтоўцы нацыянальнай стратэгіі, што будзе вынесеная на абмеркаванне Кангрэсу, таксама па распрацоўцы праектаў эканамічных рэформаў, што прапануе апазіцыя. Паводле Дабравольскага, на сустрэчы ўдалася зацвердзіць узгоднены праект Малой Канстытуцыі краіны:

"Для нас важна, каб пасля рэформаў у будучай дзяржаве была стабільная і дэмакратычная прававая сістэма. Мы распрацавалі такі праект ужо зараз з удзелам вядомых і аўтарытэтных юрыстаў. Задача – стварэнне цывілізаванай сістэмы падзелу ўладаў, забеспячэнне прынцыпаў прававой дзяржавы, празрыстасці выбарчага працэсу і забеспячэнне правоў грамадзянаў. Малая Канстытуцыя будзе ахопліваць толькі структуру, паўнамоцтвы і ўзаемадзеянне ўладаў і выбарчую сістэму, і ня будзе ахопліваць тое, што ёсць і прымальна ў той Канстытуцыі, што зараз дзейнічае".

Сустрэчу азмрочыў няўдзел лідараў БНФ, а асабліва – адсутнасць хаця б прадстаўніка ад былога, пакуль што фармальна абранага лідара Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча. Ягоны прэсавы сакратар Павал Мажэйка не валодае ніякай інфармацыяй, каб Мілінкевіч быў запрошаны на канферэнцыю ў Вільню:

"Ён, па-першае, хворы і да панядзелку вырашыў адлёжвацца. Вось і ўсё. Ды і ў планах не стаяў удзел у тым мерапрыемстве, што было ў Вільні".

Тым часам арганізатары віленскага мерапрыемства сцвярджаюць, што Мілінкевіч асабіста быў запрошаны, а ягоны прадстаўнік Віктар Карняенка нават нібыта абяцаў прыехаць.

"Я даволі здзіўлены заявай Паўла Мажэйкі, што яго не запрашалі. Дакладна ведаю, што з ім гаварылі і Калякін, і Лябедзька. Мілінкевіч ім сказаў, што, на жаль, па стане здароўя сам ня можа, але будзе Віктар Карняенка. Гэткія рэчы адлюстроўваюць агульную сітуацыю, бо калі хтосьці не прыходзіць на паседжанне палітрады, ня ўдзельнічае ў мерапрыемствах, якія прысвечаныя падрыхтоўцы Кангрэсу – то трэба глядзець праўдзе ў вочы і казаць, што ёсць праблемы. І гэтыя праблемы трэба вырашаць",

- сказаў Алесь Дабравольскі. Што да БНФ Вінцука Вячоркі, то партыя у Вільні прадстаўленая была таксама на невысокім узроўні, бо Фронт якраз гэтымі днямі праводзіць свой чарговы Сойм і яго кіраўніцтва перавагу аддало ўнутрыпартыйнаму мерапрыемству.

Так ці інакш, арганізатары сустрэчы ў Вільні выказваюць надзею, што да Кангрэсу дэмакратычных сілаў непаразуменні ў стане беларускіх дэмакратаў удасца пераадолець. Дата Кангрэсу пакуль невядомая, але будзе прызначаная цягам некалькіх дзён. Пакуль мяркуецца, што агульнаапазіцыйны сход можа адбыцца ў сярэдзіне красавіка.