1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Таварыства аховы помнікаў пазбавілі сядзібы

Беларускае рэспубліканскае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры пазбавілася ўласнага офіса ў Траецкім прадмесці ў цэнтры беларускае сталіцы.

default

Фото из архива. Белорусский историк Антон Астапович

Напярэдадні калядных і навагодніх святаў Беларускае рэспубліканскае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры пазбавілася сваёй сядзібы, якая месцілася ў Траецкім прадмесці ў цэнтры Мінска. Актывісты Таварыства да апошняга спадзяваліся захаваць за сабою памяшканне і, адпаведна, юрыдычны адрас, але справа завершылася не лепшым чынам для гэтай арганізацыі.

Як распавёў Deutsche Welle старшыня Таварыства Антон Астаповіч, яшчэ ў траўні бягучага году з яго арганізацыяй не была працягнутая дамова арэнды з боку Арэнднай камісіі Мінгарвыканкама і Камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "Мінская спадчына", але Таварыству атрымалася праседзець у займаным памяшканні амаль да Новага года без дамовы арэнды.

Выкінулі за дзейнасць

"Прычыну ў такім стаўленні да нас я бачу толькі ў дзейнасці самога Таварыства, таму што мы бы костка ў горле для нашага гарвыканкама, паколькі мы вельмі актыўна ўздымаем праблемы, у першую чаргу, па горадзе Мінску, звязаныя з парушэннямі гісторыка-культурнае спадчыны, а тут парушэнні татальныя", - адзначыў Антон Астаповіч.

Да таго ж, як паведаміў кіраўнік Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, пасля ўказа прэзідэнта, які з 24 красавіка ўсталяваў новыя арэндныя стаўкі, сума арэнды памяшкання для гэтай арганізацыі вырасла больш як у 10 разоў і складала апошнім часам 15 еўра за квадратны метр.

Беспадстаўная нацыяналізацыя

Па словах Антона Астаповіча, сам будынак, дзе знаходзіўся офіс ачоленай ім структуры, належыць самому Таварыству аховы помнікаў. "Яго проста незаконна праз Гаспадарчы суд забралі ў 2004 годзе, хоць будынак ставіўся за фінансавыя сродкі Таварыства, і проста-напраста адбылася беспадстаўная і незаконная нацыяналізацыя гэтага будынка", - падкрэсліў старшыня арганізацыі.

Па словах Антона Астаповіча, адбыўся працэс, які ўвогуле характэрны для Беларусі. "Гэта задушэнне ўсіх грамадскіх арганізацый і грамадскіх ініцыятыў, якое працягваецца і да гэтага часу, нягледзячы на так званую лібералізацыю", - сказаў старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Антон Астаповіч паведаміў, што зараз вырашаецца пытанне з новым офісам і новым юрыдычным адрасам Таварыства. (гк)

Контекст