1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Сітуацыя ў апазіцыі вакол выбараў накаляецца

У беларускай апазіцыі ўзмацняюцца спрэчкі наконт далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Адныя суб’екты АДС выступаюць за зняццё дэмакратычных кандыдатаў да 23 верасня, іншыя заяўляюць аб удзеле ў выбарах да канца.

default

У беларускай апазіцыі ўзмацняюцца спрэчкі наконт далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Адныя суб’екты АДС, як Партыя БНФ, выступаюць за зняццё дэмакратычных кандыдатаў да 23 верасня, іншыя, як ПКБ, заяўляюць аб удзеле ў выбарах да канца.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі – прадстаўнікі Партыі БНФ, "Маладога Фронту" і грамадзянскай кампаніі "Хартыя’97" адзначылі, што ўлады не выканалі патрабавання апазіцыі да 8-га верасня дафармаваць участковыя камісіі прадстаўнікамі дэмсілаў, бо іх прадстаўніцтва ў гэтых камісіях складае палову сотай часткі працэнта ад агульнай колькасці чальцоў. Такім чынам, на думку прадстаўнікоў названых вышэй структураў, адзіным верным крокам у дадзенай сітуацыі можа быць зняццё ўсіх дэмакратычных кандыдатаў з выбарчай гонкі да 23-га верасня.

Аднак, такога меркавання прытрымліваюцца далёка не ўсе сябры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Да прыкладу, апазіцыйныя камуністы на сваім з’ездзе вырашылі ісці на выбарах да канца, такую ж думку выказваюць і прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Нават у самой Партыі БНФ няма адзінства ў гэтым плане: у СМІ з’явілася заява 15-ці зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты ад Партыі БНФ, якія выказалі нязгоду з рашэннем Сойму партыі аб зняцці кандыдатаў і маюць намер весці барацьбу і далей. Варта адзначыць, што кіраўніцтва партыі назвала гэтую заяву фальшыўкай. Праўда, старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі дадаў, што існуе партыйная дысцыпліна, і да тых, хто не дадпарадкуецца рашэнням Сойму, будуць ужытыя захады ў адпаведнасці са статутам.

Ва ўсім вінаваты Захад

Палітык адзначыў, што апошнім часам істотна змянілася стаўленне Захаду да працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, і апазіцыю "заходнікі" літаральна падштурхоўваюць да ўдзелу ў так званым "выбарчым фарсе", не ўлічваючы меркавання па гэтым пытанні саміх дэмакратычных сілаў.

"З пачатку гэтага году заўважылася змена курсу заходніх партнёраў, і галоўная тэза гэтага курсу была такая: апазіцыя ў Беларусі слабая, таму трэба непасрэдна кантактаваць з уладамі, - сказаў лідэр БНФ. – І хаця на словах абяцалі, што голас апазіцыі будзе пачуты, у рэальнасці гэты голас не быў пачуты. Апошнія факты, скажам, сустрэчы спадара Сідорскага з прэм’ер-міністрам Літвы Кіркіласам сведчаць пра тое, што ніхто з апазіцыяй, прынамсі, з Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі ў гэтых пытаннях не кансультаваўся".

Паводле словаў Лявона Баршчэўскага, "вельмі ўплывовыя колы Захада рыхтуюць прызнанне, хай сабе і абмежаванае, Палаты прадстаўнікоў як легітымнага органа, з якім будуць пашыраны кантакты пасля гэтых так званых выбараў. На жаль, гэтая лінія знайшла прыхільнікаў у Беларусі".

Як адзначыў палітык, Палата прадстаўнікоў не павінна быць прызнаная, таму што ўмовы для яе абрання не адпавядаюць дэмакратычным стандартам, а мізэрныя сродкі, выдаткаваныя дзяржавай на агітацыйную кампанію кандыдатам, не дазваляюць правесці яе належным чынам: "Іншых сродкаў няма, і гэта таксама палітыка, якая дыктуецца з-за мяжы – пакінуць апазіцыю без сродкаў, без магчымасці, звязаць яе па руках і нагах, а потым сказаць: "слабая апазіцыя", таму мы будзем кантактаваць з рэжымам".

"Малады Фронт" з’яўляецца адзінай арганізацыяй, якая ад самага пачатку абвесціла пра кампанію байкоту сёлетніх парламенцкіх выбараў. З меркавання лідэра гэтай структуры Зміцера Дашкевіча, "не вельмі зразумела, чаму яшчэ цяпер раздаюцца галасы, што трэба ўдзельнічаць у гэтым фарсе. Зважаючы на лозунгі і заклікі некаторых лідэраў дэмакратычных сілаў, можна прыйсці да высновы, што яны і іхныя партыі ўдзельнічаюць у выбарах дзеля таго, каб нешта даказаць назіральнікам АБСЕ, замест таго, каб нешта даказваць свайму ж народу".

Звяртаючыся да выбаршчыкаў, каардынатар "Хартыі’97" Зміцер Бандарэнка сказаў: "Ваш голас, каб не быў скрадзены, можа быць пачуты толькі на плошчы 28 верасня а 20-й гадзіне. У гэты дзень прыходзьце і не верце палітыкам ні з Захаду, ні з Усходу. Слова павінен сказаць беларускі народ".

Байкот як маргінез

На думку палітолага Валерыя Карбалевіча, жаданне пэўных сілаў дабіцца няўдзелу ўсіх дэмакратычных кандыдатаў у выбарах не спраўдзіцца: "Заклікі да байкоту выглядаюць зусім як маргінальная палітыка. Нават калі АДС прыме рашэнне аб зняцці ўсіх кандыдатаў, яно проста не будзе выкананае, таму што настрой тых кандыдатаў, якія ўжо ўдзельнічаюць у выбарах, арыентаваны на тое, каб удзельнічаць да канца".

Як адзначыў Валеры Карбалевіч, яшчэ на пачатку выбарчай кампаніі стала зразумела, што АДС – гэта не кааліцыя ў полўным сэнсе, а толькі каардынацыйны цэнтр, і надалей суіснаваць цяперашнім суб’ектам АДС будзе ўсё цяжэй.

"І на сённяшні дзень гэтае аб’яднанне даволі няўстойлівае, а тое, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў разнагалоссі ўзмацняцца, дык ужо і зараз ёсць заклікі ў розныя бакі, і гэта сур’ёзная праблема".

Контекст