1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Сілавыя структуры пачалі падрыхтоўку да 28 верасня

Сілавыя структуры пачалі падрыхтоўку да апошняй стадыі выбараў. Пра гэта сведчыць дакумент, што трапіў у праваабарончы цэнтр "Вясна" і выклікаў адмоўную рэакцыю юрыстаў. Яны выступілі са спецыяльнай заявай.

default

Сілавыя структуры пачалі падрыхтоўку да апошняй стадыі выбараў. Пра гэта сведчыць дакумент, што выпадкова трапіў у праваабарончы цэнтр "Вясна".

Гэты дакумент сілавых структур мае складаны назоў – "Рашэнне на забеспячэнне аховы правапарадку і дарожнай бяспекі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення на тэрыторыі Брэсцкай вобласці выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання". Ён зацверджаны начальнікам УУС Брэсцкага аблвыканкама палкоўнікам міліцыі Красніченкам і ўзгоднены з начальнікам УКДБ па Брэсцкай вобласці палкоўнікам Дзядковым і пракурорам Брэсцкай вобласці Хмаруком.

З гэтага дакумента вынікае, што на тэрыторыі Брэсцкай вобласці створаны Сітуатыўна-аператыўны штаб (САШ) "у мэтах каардынацыі дзеянняў сіл і сродкаў, задзейнічаных на ахову правапарадку ў перыяд правядзення выбарчай кампаніі 2008 года". У гэты штаб увайшлі прадстаўнікі розных структурных падраздзяленняў абласнога ўпраўлення ўнутраных справаў.

Пад асаблівай увагай – моладзь

Як адзначаецца ў заяве праваабаронцаў, акрамя мерапрыемстваў, якія сапраўды з’яўляюцца неабходнымі для забяспечання грамадскага парадку і бяспекі грамадзян у перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў, пазначаныя і такія, што выклікаюць вялікую занепакоенасць і пратэст Праваабарончага цэнтру "Вясна", паколькі з’яўляюцца дакументальна пацверджаным сведчаннем падрыхтоўкі да масавых рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў улады і іншадумцаў.

Паводле дакумента, розным структурным падраздзяленням і іх кіраўнікам ставіцца задача на правядзенне такіх мерапрыемстваў, як то прыняць прывентыўныя захады па папярэджанні магчымых правакацыйных дзеянняў, нейтралізацыі грамадзян, якія выношваюць замыслы сарваць, дэзарганізаваць падрыхтоўку і правядзенне выбараў ці ажыццявіць акцыі па дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў, у тым ліку з боку нефармальных моладзевых груповак.

Апроч іншага, дакументам прадпісана паставіць у абавязкі падраздзяленням ДАІ адсочванне на маршрутах патрулявання фактаў расклейвання ўлётак, перавозкі друкаваных выданняў, вырабленых з парушэннем устаноўленага заканадаўства, вывешвання сцягоў неўстаноўленай сімволікі і недапушчэнне надпісаў на фасадах будынкаў і збудаванняў, правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў і гэтак далей, спіс усіх распараджэнняў згаданых вышэй высокапастаўленых абласных сілавікоў даволі доўгі.

Рэпрэсіўны сцэнар

Як адзначыў юрыст "Вясны" Валянцін Стэфановіч, "у прынцыпе, нічога новага гэты дакумент нам не сказаў, мы гэта і так усё ведаем, але вельмі цікава было пабачыць гэта на паперы. Натуральна, мы хочам сказаць, што будзем вельмі пільна сачыць за тым, што адбываецца ў краіне, прынамсі, у нас ужо ёсць прозвішчы тых, хто адказны за гэтыя мерапрыемствы".

"Нягледзячы на абяцанні і дэкларацыі як Лукашэнкі, так і Цэнтральнай выбарчай камісіі і іншых высокіх беларускіх чыноўнікаў, мы бачым, што яны не настроены на правядзенне празрыстых, адкрытых і дэмакратычных выбараў, - заявіў віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі. – Якраз нааадварот, яны будуць іх праводзіць па загадзя спланаваным рэпрэсіўным сцэнары, дзе органы правааховы, найперш міліцыя будуць адыгрываць значную ролю ў так званым, можна цяпер ужо смела казаць, "выбарчым працэсе".

Сваю заяву беларускія праваабаронцы даводзяць да ведама міжнародных назіральных місіяў АБСЕ і СНД, а таксама беларускай грамадскасці.