1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Старт не азначае прыход да фінішу

Аб’яднаныя дэмсілы Беларусі пачалі выбарчую гонку, але не выключаюць спынення свайго ўдзелу ў парламенцкіх выбарах. Пры якіх умовах?

default

Свой удзел у выбарчай кампаніі тыя суб’екты апазіцыі, якія вырашылі ўдзельнічаць у гонцы, пачынаюць не з нуля. Ужо вызначаны адзіны спіс кандыдатаў ад кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, таксама гатовы спіс і рэпрэзэнтантаў АДС у акруговыя выбаркамы. Старшыня кампаніі “За свабодныя выбары”, прадстаўнік руху “За свабоду” Віктар Карняенка не выключае, што ў акруговыя камісіі сябры дэмакратычных сілаў трапяць без вялікіх праблемаў.

“Але самае прынцыповае – гэта ўчастковыя выбарчыя камісіі, як нам добра зразумела, там, дзе адбываецца падлік галасоў, і, канешне, гэта будзе найбольш яскравая дэманстрацыя таго, ці згодная ўлада на частковую лібералізацыю выбарчага працэсу”.

Па словах лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, “калі нашых людзей не будзе ў выбарчых камісіях, тады мы пакідаем за сабой права зняць з гонкі кандыдатаў з адзінага спіса”.

Толькі доўгатэрміновае назіранне

Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі звярнуў асаблівую ўвагу на пытанне замежнага назірання за выбарамі.

“Мы не падтрымліваем прыезд назіральнікаў у Беларусь на адзін дзень, таму што ў нас з савецкіх часоў засталіся працуючыя буфеты, музыка, і стварыць нейкае ўяўленне, што насамрэч адбываецца, у гэты дзень немагчыма. Таму мы падтрымліваем ідэю доўгатэрміновага наглядання”.

Анатоль Лябедзька таксама адзначыў, што ўмовы, у якіх дэмакратычным сілам давядзецца ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі, пакуль даволі цмяныя.

“Мы не ведаем, наколькі ў нас будуць хоць нейкія мінімальныя мажлівасці. Калі мы гаворым пра магчымасць пяціхвіліннага выступу па тэлевізіі, мы не гаворым, што мы робім прарыў інфармацыйнае блакады. Але мы гаворым, што выкарыстоўваем маленькую мажлівасць, каб сто дзесяць чалавек сказалі пра тое, што людзі не чуюць па тэлевізіі чатыры гады”.

Не зважаць на перашкоды

Намеснік старшыні Парты БНФ Віктар Івашкевіч падкрэсліў, што дэмакратычныя кандыдаты мусяць весці барацьбу, не зважаючы на любыя ўладныя перашкоды.

“Нашы кандыдаты не павінны звяртаць увагі на абмежаванні з боку ЦВК. Мы павінны дэ-факта праводзіць кампанію так, як мы патрабуем ад улады. Хай ЦВК піша абмежаванні, а мы будзем распаўсюджваць агітацыйных матэр’ялаў столькі, наколькі ў нас хопіць рэсурсаў, а не колькі нам дазволіць ЦВК”.

Апроч таго, адзначае палітык, “мы будзем збіраць подпісы столькі, колькі нам спатрэбіцца для таго, каб максімальна стварыць банк дадзеных актывістаў на будучую кампанію, а не столькі, колькі кажа ўлада. Мы будзем праводзіць перадвыбарчыя сустрэчы з выбарцамі па дварах, там, дзе захочам і дзе зручней, а не на пустырах, куды нас будуць пасылаць выканкамы”.

Паводле словаў Віктара Івашкевіча, “улада, у дадзеным выпадку, будзе стаяць перад выбарам – ці яна здымае нашых кандыдатаў і сама сваімі рукамі ажыццяўляе байкот і закопвае надзеі на прызнанне гэтай Палаты на Захадзе, ці яна па факце дазваляе нам гэтым займацца, і мы, такім чынам, гэтым займаемся”.

Віктар Карняенка ўсё ж глядзіць з пэўным аптымізмам на выбарчую кампанію: “Палітычная мэта ў любым выпадку будзе дасягнута, праўда, пры ўмове, калі захаваецца адзінства дэмакратычных сілаў, калі мы будзем удзельнічаць у кожным этапе кампаніі, калі, як мне здаецца, сёння матывацыя знойдзена, то яе трэба захаваць да канца выбарчае кампаніі”.

А Віктар Івашкевіч дакладна акрэсліў саму ідэю ўдзелу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў у цяперашніх парламенцкіх выбарах:

“Наша агітацыя і наша кампанія павінна прывесці ці да стварэння фракцыі АДС у парламенце, ці да непрызнання Палаты на Захадзе”.

Контекст