1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Станем за журналістыку!

5 лістапада з ініцыятывы Міжнароднае федэрацыі журналістаў у Беларусі прайшлі акцыі "Станем за журналістыку!", прысвечаныя барацьбе за правы журналістаў.

default

Міжнародная федэрацыя журналістаў 5 лістапада ініцыявала кампанію "Станем за журналістыку!" прысвечаную барацьбе за правы журналістаў, супраць палітычнага і эканамічнага ціску на СМІ, фізічнага гвалту дачынна журналістаў і кепскіх умоваў іх працы.

У розных краінах журналісцкія арганізацыі самі вырашалі, якім чынам праводзіць мерыпрыемствы. Па словах сябра Рады Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Аляксандрава, на гэтым тыдні ў Беларусі пройдуць некалькі акцый.

"Гэта такі заклік да грамадства дбаць пра свабоду слова, бо праблемы журналістыкі падаюцца вузка прафесійнымі праблемамі саміх журналістаў, а мы хочам давесці грамадству, што без якаснай журналістыкі, без рэалізацыі свабоды слова немагчымае нармальнае існаванне самога грамадства".

На думку Андрэя Аляксандрава, праблемы незалежных журналістаў адбіваюцца на нармальным функцыянаванні грамадства і фактычна на жыцці кожнага чалавека.

Патрабаванні да ўладаў

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна падкрэсліла, што ў ачоленай ёю арганізацыі назапасілася багата патрабаванняў да дзейнае ўлады дзеля забеспячэння нармальнай дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі і асобных журналістаў.

Да прыкладу, БАЖ патрабуе стварыць роўныя эканамічныя ўмовы для СМІ, вярнуць незалежную грамадска-палітычную прэсу ў сістэму дзяржаўных прадпрыемстваў-манапалістаў, якія займаюцца распаўсюдам - "Белпошты" і "Белсаюздруку". Адно з асноўных патрабаванняў БАЖу – забяспечыць журналістам доступ да інфармацыі.

"Сёння ўлада абмяжоўвае інфармацыю пра дзейнасць органаў дзяржаўнага кіравання, а гэта абсалютна ненармальная з’ява ў нашым грамадстве. Увядзенне заявачнага прынцыпу акрэдытацыі журналістаў – гэта таксама страшэнна важна і звязана з доступам да інфармацыі людзей нашай прафесіі", - сказала Жанна Літвіна.

Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама настойвае на прывядзенні беларускага заканадаўства аб СМІ ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі.

"Пройдзе літаральна два месяцы, і ўсе мас-медыі будуць абавязаныя перарэгістравацца па новым Законе "Аб СМІ", - нагадвае старшыня БАЖ. – Новы закон не з’яўляецца цалкам дэмакратычным. Той самы закон не даў адказу на пытанне, што будзе з інтэрнетам, лёс якога будзе вырашацца спецыяльнай пастановай урада. І сёння, пакуль ёсць час, журналісты сапраўды павінны прадэманстраваць карпаратыўную прафесійную салідарнасць дзеля таго, каб паўплываць на вырашэнне нашых самых ключавых праблемаў".

Салідарнасць з журналістамі

Салідарнасць з журналістамі праявілі 5 лістапада палітыкі і дэмакратычныя актывісты. Маладыя людзі, што прыехалі з Брэста, Гомеля, Магілёва, правялі ў цэнтры Мінска пэрформанс.

Яны прайшлі па галоўных вуліцах сталіцы ў ружовых акулярах, з прыпудранымі фрызурамі, раздаючы мінакам, у тым ліку й студэнтам, што жывуць у інтэрнатах, пакуначкі з локшынамі. Вось як патлумачылі свой удзел у пэрформансе некаторыя яго ўдзельнікі:

"Мы вырашылі далучыцца да гэтай акцыі, на якой ажыццёўлены некаторыя метафары, як то апрананне ружовых акуляраў, вешанне лапшы на вушы, пудранне мазгоў".

"Акцыя прысвечаная таму, якім чынам дзяржаўныя тэлекампаніі асвятляюць нашае жыццё, і гэтая акцыя актуальная таму, што ў нас амаль няма незалежнай прэсы, няма недзяржаўнага тэлебачання. А тое, што мы бачым па нашых тэлеканалах, яно адлюстроўвае наша жыццё з дакладнасцю да наадварот".

Апроч згаданага пэрформансу, актывісты раздавалі ў горадзе мінакам незалежныя газеты, ствараючы чаргу, якая сымбалізавала чаргу ў чаканьні вольнага слова. А старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі ад імя ягонай арганізацыі накіраваў на імя старшыні БАЖ зварот у падтрымку незалежных беларускіх журналістаў.

Контекст