1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Святкаванне 210-годдзя Адама Міцкевіча пачалося з выставы

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску экспануецца міжнародная фотавыстава “Па мясцінах Адама Міцкевіча”. Урачыстым адкрыццём выставы пачаліся мерапрыемствы, прысвечаныя 210-годдзю вялікага паэта.

default

Плакат да фотавыставы “Па мясцінах Адама Міцкевіча”

Цырымонія адкрыцця выставы пачалася з радкоў з вершаў Адама Міцкевіча ў выкананні прафесійнага актора Алега Менскага. Фотавыстава “Па мясцінах Адама Міцкевіча” ёсць вынікам міжнароднага фотапленэра, які адбыўся ў чэрвені гэтага года пры фінанасавай падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску і Беларускага грамадскага аб’яднання “Фотамастацтва”.

Шляхамі Міцкевіча

Падчас пленэру па мясцінах, звязаных з асобай самога паэта, яго сяброў і родных вандравалі фотамайстры Беларусі, Польшчы і Літвы. Яны пабывалі ў фальварку Завоссе, дзе нарадзіўся Міцкевіч, на возеры Свіцязь, у Валеўцы, Райцы, Варончы, Карчове, наведалі Туганавіцкі парк, Наваградак, Шчорсы і Карэлічы.

На фотаздымках – тыя мясціны, па якіх калісьці, магчыма, хадзіў Міцкевіч, людзі, якія жывуць там зараз, архітэктурныя помнікі, дрэвы, якія, - зыходзячы з іх выгляду, - магчыма, бачыў Міцкевіч, ды наўпрост вясковыя хаты. Аніякіх абмежаванняў – што і як здымаць – не было. Кожны абраў свой ракурс: беларусы Юрый Васільеў, Валерый Сібрыкаў, Сяргей Плыткевіч, Валерый Ведрэнка, Віктар Сядых, Наталля Ракіцкая, літоўцы Сігітас Канцявічус, Раймондас Пуйшыс, Рамуальдас Вайткус, палякі Ежы Пёнтак і Кшыштаф Макоўскі.

"Самое галоўнае, што яны працавалі разам", - зазначыў на адкрыцці выставы амбасадар Польшы ў Беларусі Генрык Ліцьвін.

"Міцкевіч – гонар чатырох народаў"

Дарэчы, дыпламаты на адкрыццё выставы, прысвечанай Адаму Міцкевічу, прыйшлі цалкам не выпадкова, таму што, ак адзначыў амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас, "мабыць, у Еўропе няма больш такой асобы, якая б так яднала тры народа. У палякаў няма аніякага сумневу, што гэта нацыянальны польскі здабытак. Беларусы лічаць Міцкевіча шчырым беларусам. Ну а “Літва, Айчызна мая”, - гэта ж пра нас. Гэта цуд, які патрэбен нам усім. Нават калі пачнем спрачацца, усё роўна не высвятлім, чый ён. Ён – наш”.

Думку амбсадара Літвы працягнуў дырэктар Інстытута Польскага ў Мінску Пётр Казакевіч: “Нам не трэба думаць, чый Міцкевіч быў. Трэба падумаць, што ён проста быў. І на столькі ён быў вялікі чалавек, што яго дзень нараджэння мы святкуем да гэтага часу. І мне вельмі прыемна, што не толькі нам, палякам, але і вам, беларусам, ён настолькі блізкі. Аб гэтым сведчыць той факт, што тут сёння так шмат людзей”. На гэтую ж тэму выказаўся і вядомы навукоўца і даследчык творчасці Міцкевіча прафесар Адам Мальдзіс, зазначыўшы, что Адам Міцкевіч абапіраўся на беларускі фальклор і цудоўна ведаў старажытную беларускую мову.

“Міцкевіч - гонар чатырох народаў, якія складалі Рэч Паспалітую. Міцкевіч не аддзяляў сябе ні ад Навагрудчыны, ні ад Літвы – ён жа літоўскія народныя песні запісваў. Ну і безумоўна, гэта вялікі польскі паэт, таму што ён сваімі творамі сцвердзіў абсалютна новы кірунак – народны і рамантычны”. Часьцей за ўсё, распавядае ўдзельнік пленэра Сяргей Плыткевіч, ў яго пыталіся: “Ці былі падчас пленэру спрэчкі, да культуры якога народа належыць творчасць Міцкевіча. У нас наогул не было ніякіх спрэчак. Для большасьці літоўцаў і для палякаў гэта было першае знаёмства з Беларуссю, з зямлёй Адама Міцкевіча. Ідэя нашага пленэра у тым, што мы хацелі паказаць край, у якім нарадзіўся і вырас Адам Міцкевіч, які не беларускі, не польскі і не літоўскі нават дзеяч. Гэта чалавек планетарнага маштабу, які аб’ядноўвае не тры народа, але значна больш. Таму што ён зрабіў такі ўзнёсак у гісторыю, які будзе помніцца тысячагоддзямі”.

Сяргей Плыткевіч спадзяецца, што ў недалёкай будучыне фотапленэры “Сцежкамі Міцкевіча” пройдуць у Літве, Францыі і Турцыі – краінах, з якімі было звязанае жыццё вялікага паэта. А фотавыставу, якая зараз экспануееца ў Мінску, у бліжэйшы час пабачаць у розных кутках Беларусі і ў Музеі літаратуры імя Адама Міцкевіча ў Варшаве.

Контекст