1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Святкаванне Купалля па-палеску

Гомельская арганізацыя “Талака” ладзіць народны абрад Купалля ўжо 15 год – дзяўчаты апранаюцца ў сапраўдныя нацыянальныя строі, спяваюць песні, плятуць вянкі, а хлопцы складаюць вялікае вогнішча, праз якое скоча моладзь.

default

фото из архива

Моладзевая арганізацыя “Талака” святкуе Купалле на прыродзе, недалёка ад Гомеля. Месца для Купалля павінна адпавядаць некалькім крытэрыям. Перадусім абіраецца ўзбярэжжа ракі – каб была магчымасць купацца на досвітку, як таго патрабуе традыцыя. Побач мусіць быць вялікі поплаў з кветкамі для дзявочых вянкоў і дубы – для мужчынскіх.

У пэўны момант я ўжо нават згубіў надзею, што здолею дабрацца да месца святкавання. Машына ўпарта адмаўлялася ехаць па бездарожжы, загрузала ў глыбокіх калюжынах, да таго ж цэлыя суткі без перапынку церушыў дождж. Выехаць на жаданае месца мне дапамаглі купальскія песні, якія я пачуў у начным лесе.

На беразе ракі каля вялікага вогнішча я ўбачыў гурт маладых людзей у нацыянальных строях. Хлопцы і дзяўчаты ўжо частаваліся рытуальнай ежай – яешняй і белым сырам. Якія яшчэ традыцыі захоўвае гомельскае Купалле, я запытваюся ў найстарэйшага сябра “Талакі” Кастуся Грошава: “Гэтае Купалле палескае. Мы зрабілі асноўныя рэчы, якія павінны быць на Купаллі - крамбабулю, была рытуальная страва – сыр і яешня. У нас ёсць слуп, аздоблены вянком з зёлак, і роўна а 12-й гадзіне ночы мы яго запальваем”.

Не проста скокі…

Кастусь не хавае эмоцый. Для яго Купалле – гэта не проста народныя песні, скокі, гульні: „Я чакаў гэтага гомельскага Купалля пяць год. Бо я працаваў у Сібіры, пасля ў Казахстане. Гэта настальжы было такое, што не перадаць. Я чакаў Купалля ўсімі фібрамі душы. І нават гэты дождж, але наш беларускі імпэт файны і жыве Беларусь“.

Я цікаўлюся ў іншых маладзёнаў, што прымусіла іх прыехаць на Купалле, нягледзячы на бесперапынны дождж і злых камароў:

„Гэтае нашае нацыянальнае свята, так гістарычна склалалася. Ніякае надвор’е не перашкодзіць нам святкаваць сённяшні дзень“ (Андрэй Цянюта, “Малады Фронт”).

„Менавіта тут Беларусь сабралася. Не там, у Менску, дзе збіраюцца людзі, якія не адчуваюць сябе нацыяй. Тут мы адчуваем сябе людзьмі і народам, а не быдлам, якое збіраецца на плошчы 3 ліпеня. Там натоўп, а тут сапраўдная нараджаецца нацыя“ (Кастусь Жукоўскі, каардынатар БХД па Гомельскай вобласці).

„Бо тут мае аднадумцы, тут мае сябры. Сюды я здолеў выцягнуць сваю сям’ю. Мы ўсе тут адзін аднаго разумеем, і гэта наш свет“ (Алесь Сівакоў, “Талака”).

Падабаецца беларускае Купалле і кітайскаму студэнту Шэн Дзя, які прыехаў сюды разам з сябрамі: „Хорошо, очень хорошо, тут как в сказке. У нас в Китае нет такого. Что нравится мне? Добрые люди белорусские и процессы Купалья – танцуем, поем и играем в славянские игры“.

Старшыня “Талакі” і арганізатарка свята Ларыса Шчыракова распавядае, што гэтымі днямі Купаллі ладзяцца па ўсёй Беларусі. Поспех гомельскага Купалля Ларыса тлумачыць тым, што тут арганічна спалучаюцца народная традыцыя і сучаснасць: „Да прыкладу, студэнцкае этнаграфічнае таварыства вельмі рупяцца пра аўтэнтычнасць – усё павінна быць згодна апісанням, якія яны самі і сабралі. Мы звычайна на “Талацэ” ставім на тое, што гэта павінна быць свята, гэта павінна быць весела. Мы ж усё ж такі не сяляне, для нас гэта ўжо не рытуалы, звязаныя з дабрабытам, мы прыходзім на святы“.