1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

"Самае галоўнае – не баяцца"

На днях газета ”Гомельская праўда” змясціла артыкул пад красамоўнай назвай ”Сваіх дзяцей – за мяжу, чужых – у змагары за дэмакратыю”. Праваабаронцы расцэньваюць яго як ціск спецслужбаў на мясцовую дэмакратычную апазіцыю.

default

Друкаваны дзяржаўны орган абвінаваціў мясцовых дэмакратаў у тым, што яны сваіх дзяцей дасылаюць вучыцца за мяжу, а чужых прымушаюць удзельнічаць ў апазіцыйных акцыях. У газеце пералічваюцца канкрэтныя прозвішчы і краіны, куды былі ўладкаваныя дзеці грамадскіх актывістаў Гомельшчыны.

Рэгіянальны юрыст Леанід Судаленка – адзін з ахвяраў газетнай публікацыі. Ён накіраваў скаргу на імя галоўнага рэдактара ”Гомельскай праўды”. Леанід Судаленка дамагаецца, каб газета зняпраўдзіла ілжывыя звесткі пра яго і ягоную сям’ю:

"Яны абвінавачваюць мяне ў тым, што я скарыстоўваю сваё грамадскае палажэнне, накіраваў сына за мяжу. Я ім напісаў, што мой сын насамрэч навучаецца за мяжой, але па іншай праграме – ”Дзеці рэпрэсаваных бацькоў”.

Насамрэч Леанід Судаленка адчуў пераслед уладаў. Да сакавіка 2006 года ён працаваў юрыстконсультам у гомельскім упраўленні ”Белтрансгазу”. Аднак пасля ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі на баку Мілінкевіча актывісту не працягнулі працоўны кантракт. Леанід Судаленка спрабаваў паразмаўляць з аўтарам газетнай публікацыі па прозвішчы Грушэнка, але такога журналіста ў ”Гомельскай праўдзе” не знайшлі:

"Я мяркую, што "Гомельская праўда" выконвае чыйсці загад, мне цяжка сказаць, чый. Яны ведаюць, што звесткі несапраўдныя, але усё адно іх падаюць".

Аўтар публікацыі ў ”Гомельскай праўдзе” наракае, што дарослыя дэмакраты выкарыстоўваюць моладзь у якасці ”гарматнага мяса” і не клапоцяцца пра ейную будучыню. Але прыклад Андрэя Цянюты сведчыць, што лёс маладых людзей вырашаюць іншыя органы.

У дзень уступнага іспыту маладзёна цягам дзвюх гадзін дапытвалі невядомыя. Яны цікавіліся дзейнасцю ”Маладога Фронта”. У выніку Андрэй разнерваваўся, праваліў іспыт і не здолеў паступіць ва універсітэт. Разабрацца ў сітуацыі Андрэй Цянюта папрасіў пракуратуру, куды накіраваў адпаведную скаргу.

Праваабаронцы заўважаюць, што гомельскія спецслужбы даволі часта гучаць у справах, звязаных з парушэннем правоў чалавека. Праваабаронца Уладзімір Лабковіч адзначае:

"Гомельскі абласны КДБ заўсёды адрозніваўся звышактыўнасцю нават тады, калі ў Менску і іншым рэгіёнах такі непрыхаваны ціск на апазіцыію лічыўся не заўсёды прымальным. У Гомельскай вобласці ён быў заўсёды больш жорсткі".

Уладзімір Лабковіч, юрыст ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра ”Вясна”, раіць грамадскім актывістам:

"Самае галоўнае –трымацца ўпэўнена і не баяцца. Трэба ведаць, што за тую дзейнасць, якую вядуць дэмакратычныя сілы, у нашай краіне няма той адказнасці, якой часта палохаюць спецслужбы ці ідэалагічныя супрацоўнікі".