1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Рэстаўрацыя храма - шкода для помніка

У Полацку хуткімі тэмпамі рэстаўруюць Спаса-Прэабражэнскую царкву — самы старажытны з дзеючых храмаў на тэрыторыі Беларусі. Наколькі гэта апраўдана?

Актывізацыя рэстаўрацыі ўжо выклікала адстаўку з пасады навуковага кіраўніка работ Уладзіміра Ракіцкага, навукоўца, які аднаўляў унікальныя фрэскі напрацягу пятнаццаці гадоў. Нагадаем, што ён сыйшоў ў пасады ў знак нязгоды з планамі рэстаўрацыі, якія прапанавалі чыноўнікі. Зараз яны самі змяняюць гэтыя планы. І гэтыя крокі сведчаць аб тым, што Уладзімір Ракіцкі меў рацыю.

Яшчэ нядаўна чыноўнікі, адказныя за рэстаўрацыю храма, сцвярджалі: «Спаса-Прэабражэнская царква мусіць змяніць свой выгляд да 5 чэрвеня». У гэты дзень у Беларусі памінаюць Еўфрасінню Полацкую — выбітную асветніцу і духоўнага дзеяча, якую хрысціяне лічуць нябеснай заступніцай Беларусі. Сёлета ў Полацку мусяць прайсці ўрачыстасці з нагоды ўсталявання новай ракі для мошчаў Святой Еўфрасінні. Чакаецца, што на іх завітае кіраўнік дзяржавы. Таму рэстаўрацыя царквы, да якой раней амаль нікому не было справы, пайшла хуткімі тэмпамі. Неапраўдана хуткімі — так лічыць былы кіраўнік рэстаўрацыі Уладзімір Ракіцкі.

Нагадаем, што ён сыйшоў са сваёй пасады, якую займаў 15 гадоў, таму што быў упэўнены: новы план замест рэстаўрацыі унікальнай царквы прапануе нешта кшталту касметычнага рамонту. За вонкавай прыгажосцю новага праекта хаваецца непапраўная шкода для помніка, які складае нацыянальнае дастаянне беларусаў, казаў Уладзімір Ракіцкі. Галоўнае, супраць чаго ён выступае, — правядзенне ў царкву ацяплення, якога там ніколі не было. У выніку, кажа Ракіцкі, могуць проста асыпацца фрэскі 12-га стагоддзя.

Да словаў навукоўца не прыслухоўваліся. Але потым і іншыя эксперты пацвердзілі: ацяпленне можа быць шкодным для роспісаў царквы. Таму планы рэстаўратараў змяніліся. Гаворыць прадстаўнік Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі:

- Для таго, каб зрабіць цёплую падлогу, яна ў прынцыпе можа быць зроблена, аднак трэба правесі вельмі вялікія разлікі. Павінна быць сістэма вентыліравання храма, сістэма кантролю за тэмпературным рэжымам. Мы павінны дакладна ведаць, якім чынам цяпло ці гэтыя новыя кліматычныя ўмовы ўнутры царквы будуць уздзейнічаць на фрэскі. Самае каштоўнае для нас - гэта фрэскі.

І ўсё ж чыноўнікі пакуль не выключаюць магчымасці правядзення ў царкву ацяплення. Гэтае ж тычыцца і электрычнасці - пытанне таксама будуць вывучаць. А вось што тычыцца пазалочанага купала, то ён павінен хутка з’явіцца на храме, хаця Уладзімір Ракіцкі папярэджваў, што старыя канструкцыі могуць яго не вытрымаць.

Але чыноўнікаў стрымлівае не столькі клопат пра ўнікальную царкву. Зараз вядзецца праца па ўнясенні храма ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў гэтай арганізацыі Уладзімір Шчасны адзначыў: галоўны крытэрый спіса - унікальнасць і аўтэнтычнасць гістарычнага помніка. Ацяпленне і святло могуць паставіць крыж на планах унясення царквы ў спіс ЮНЭСКА.

- Мы не будзем спяшацца, каб зрабіць усё запланаванае да 5 чэрвеня, - кажа цяперашні кіраўнік рэстаўрацыі Генадзь Лаўрэцкі.

Адзінае, чаго ён баіцца - каб пасля свята не спынілася фінансаванне работ.