1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Рэпрэсаваныя беларускія студэнты змогуць працягнуць навучанне ў больш як 100 ВНУ Польшчы

Прэм'ер-міністр Польшчы К. Марцінкевіч і лідэр аб'яднанай апазіцыі А. Мілінкевіч падпісалі стыпендыяльную праграму, якая прадугледжвае 300 месцаў у польскіх ВНУ для беларускіх студэнтаў, адлічаных па палітычных матывах

Як адзначаецца ў стыпендыяльнай праграме, усе беларускія студэнты, якія будуць прынятыя ў польскія ВНУ, спачатку атрымаюць магчымасць вывучыць польскую мову ў Варшаўскім універсітэце. Таксама яны будуць забяспечаныя стыпендыяй і інтэрнатам.

Прыезд першай групы беларускіх студэнтаў чакаецца ўжо на пачатку лета -- а з ліпеня ў маладых людзей пачнецца інтэнсіўны курс польскай мовы. 1 кастрычніка беларускія студэнты раз'едуцца ў абраныя імі навучальныя ўстановы. А гэта, нагадаю, больш за 100 універсітэтаў па ўсёй Польшчы. Шырокі і выбар спецыяльнасцяў -- ад журналістыкі да маркетынгу.

Дарадца польскага прэм'ер-міністра Казімежа Марцінкевіча Міхал Дворчык распавёў у інтэрв'ю "Нямецкай хвалі", што ўсе студэнты пройдуць сумоўе ў адмысловай камісіі, у складзе якой -- выкладчыкі розных ВНУ Польшчы.

"Але гэта не будзе ўступным іспытам, -- падкрэслівае Міхал Дворчык, -- маўляў, калі сумоўе малады чалавек не прайшоў, то "да пабачэння"... Рэч у тым, што навучальныя праграмы польскіх і беларускіх універсітэтаў розняцца. Таму мэта працы гэтай камісіі -- выявіць рэальны ўзровень ведаў студэнта і, зыходзячы з гэтай акалічнасці, абраць для яго апытмальны курс навучання ў польскай вышэйшай навучальнай установе", -- адзначыў дарадца прэм'ер-міністра Польшчы.

Дарэчы, заяўкі на навучанне ва ўніверсітэтах Польшчы прымаюцца і па сёння. Як адзначае дырэктар стыпендыяльных праграмаў Варшаўскага універсітэту Ян Маліцкі, адлічаныя па палітычных матывах беларускія студэнты могуць звяртацца ў канцэлярыю гэтай ВНУ да 20 чэрвеня ўключна.

Каардынацыяй праекту імя Кастуся Каліноўскага займаецца таксама інфармацыйны цэнтар "Салідарныя з Беларуссю" -- ініцыятыва, арганізаваная беларускімі эмігрантамі, што жывуць зараз у Польшчы.

"Усе беларускія студэнты могуць звяртацца і да нас -- і кожны з іх атрымае кансультацыю і практычную дапамогу. Нават у тым сэнсе, што мы проста зарыентуем іх, як лепей у Варшаве даехаць да таго ці іншага месца", -- распавёў у інтэрв'ю "Нямецкай хвалі" адзін з каардынатараў інфармацыйнага цэнтру Віталь Лоцманаў. Дарэчы, інфармацыйны цэнтр "Салідарныя з Беларуссю" ладзіць і іншыя кансультацыі. Гэты некамерцыйны праект, што ўзнік з ініцыятывы энтузіястаў з намётавага мястэчка, якое больш за 40 дзён прастаяла ля амбасады Беларусі ў Варшаве, задэклараваў сваёй галоўнай мэтай працяг традыцыяў намётавага мястэчка. А менавіта -- інфармаваць і палякаў, і тутэйшых беларусаў пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і ўсяляк дапамагаць рэпрэсаваным актывістам дэмакратычнай апазіцыі.