1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Рок-школа для маладых музыкаў

У Беларусі стартаваў праект "Рок-школа", ініцыятарам якога выступіла "Беларуская музычная альтэрнатыва". Мэтаю праекта ёсць спрыянне маладым рок-музыкам.

default

Паводле словаў кіраўніка ВМА-group Віталя Супрановіча, праект скіраваны на тых музыкаў, якія толькі пачынаюць свой творчы шлях. Аўтары праекту плануюць сабраць запісы маладых творцаў, адабраць, на думку экспертаў, найбольш перспектыўных і наладзіць заняткі пад умоўным назовам “Рок-школа”.

“У “Рок-школу” мы плануем запрасіць вядомых музыкаў, каб яны праслухалі гурты і штосьці ім параілі, правялі майстар-класы; запрасіць тэкставікоў беларускіх рок-гуроў, каб яны, можа быць, таксама далі ім нейкія парады. Са свайго боку, мы ім раскажам, што можна зрабіць для канцэртнай дзейнасці”.

Віталь Супрановіч адзначае, што музыкі-пачаткоўцы зведваюць шмат праблем, у першую чаргу, што да прасоўвання сваіх твораў у мас-медыі: “Сродкі масавай інфармацыі, якія ў Беларусі, у асноўным, дзяржаўныя, мала звяртаюць увагі на рок-музыкантаў, і таму ім цяжка данесці сваю творчасць. У гуртоў, якія здолелі стаць вядомымі, такіх як “Крама”, “N.R.М.”, “Палац”, на пачатку 90-х быў такі час, калі гэтыя гурты нармальна трапілі ў ратацыю на дзяржаўныя радыёстанцыі, на тэлеканалы”.

Таленты растуць

Як лічыць кіраўнік “Беларускай музычнай альтэрнатывы”, у маладых беларускіх музыкаў даволі вялікі творчы патэнцыял. "Нават у такіх не вельмі зручных умовах з’яўляюцца гурты, якія дарастаюць да ўзроўню “Крамы”, “N.R.М.”, гэта такія каманды як “IQ48”, “B:N”, “Таварыш Маўзэр”. Пры нармальным стаўленні ў дзяржаве гэтыя гурты маглі б вельмі хутка “раскруціцца”. Але калі яны не гучаць у нармальным FM-эфіры, то ім цяжка данесці сваю творчасць”.

Ветэран беларускага року лідэр гурту “Нейра Дзюбель” Аляксандр Куллінковіч спрыяльна ставіцца да такой ініцыятывы БМА. “Я добра адношуся да дзеяння, калі нешта ў галіне музыкі адбываецца на нармальным, не дзяржаўным узроўні, таму што дзяржава, апроч “75 адсоткаў”, больш нічога не можа”.

Але Аляксандр Куллінковіч не думае, што такую ідэю з вялікім энтузіязмам успрымуць самі пачынаючыя рок-музыкі. “Мне падаецца, маладым музыкам гэта не вельмі патрэбна. Маладыя музыканты, як правіла, максімалісты, яны задорныя, яны не маюць патрэбы ў настаўніках і дарадцах. Па розуму, мне падаецца, ім варта было б прыслухоўвацца да парадаў, але маладым музыкам, у асноўным, парады не патрэбныя”.

“Папса” не вечная

Паводле лідэра “Нейра Дзюбеля”, пачынаючым рок-музыкантам зараз складана развівацца. “Ракавікам сёння ўвогуле вельмі цяжка прабіцца, таму што няма людзей, зацікаўленых у іх творчасці. Мы дык не патапляемыя, - гэта гурты, якім больш за дзесяць гадоў. Таму што ў нас ёсць свае аматары, мы маем нейкае імя. А маладым вельмі складана, бо сёння іншы час – час “папсы”.

На думку Аляксандра Куллінковіча, час року яшчэ зменіць эпоху поп-музыкі: “Мне падаецца, што ў бліжэйшыя некалькі гадоў народ ужо проста ўсёй гэтай справай перанасыціцца, як гэта, у прынцыпе, ужо адбываецца ва ўсім свеце. Проста ў людзей ужо больш няма сіл. Рок, на мой погляд, гэта музыка культурная, а не “хавальная”, бо поп-музыка, эстрадная – гэта ўсё ж “музыка страўніка”. Я вельмі спадзяюся, што людзі ўсё ж зробяцца больш разумнымі і будуць слухаць музыку для мазгоў. А рок-музыка, на маю думку, гэта менавіта музыка для мазгоў”.