1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Расійска-беларускі газавы кантракт падпісаны

Учора ў Маскве быў падпісаны кантракт на пастаўку газу паміж ААТ “Газпрам” і ААТ “Белтрансгаз”. У 2006 г. будуць павялічаныя аб’ёмы паставак, што тычыцца кошту, то ён застанецца на ўзроўні каля 47 даляраў за куб. метр.

default

Учора ў Маскве быў падпісаны кантракт на пастаўку газу паміж ААТ “Газпрам” і ААТ “Белтрансгаз”. Згодна кантракту, у 2006 годзе будуць некалькі павялічаныя аб’ёмы паставак, а што тычыцца кошту, то ён застанецца на ўзроўні бягучага году - каля 47 даляраў за кубічны метр. Са свайго боку, Мінск захавае ранейшыя тарыфы за транзіт расійскага газу. Чаму прынятае такое рашэнне, якое не ўпісваецца ў цяперашнюю палітыку расійскага манапаліста па агульным павелічэнні экспартных коштаў, і як доўга можа існаваць для Беларусі ільготны кошт?

Часткова адказы на гэтыя пытанні ўтрымліваюцца ў афіцыйным прэс-рэлізе, распаўсюджаным “Газпрамам” па выніках перамоваў. Беларусь не ёсць выключэннем, гаворыцца ў дакуменце, але пры фармаванні для яе ільготных умоваў паставак газу вырашальны ўплыў аказалі наступныя тры абставіны.

Па-першае, неабходнасць кіравацца “адзіным стандартам” у межах саюзнае дзяржавы. Па-другое, той факт, што “Газпрам” ужо з’яўлаецца ў Беларусі ўласнікам магістральнага газаправоду “Ямал-Еўропа”. Па-трэцяе, і тое на дадзеным этапе галоўнае, - “Газпрам” разлічвае атрымаць у кіраванне газа-транспартную сістэму , якая цяпер знаходзіцца ва ўласнасці беларускае дзяржавы. Гаворка вядзецца пра магістральныя газаправоды прадпрыемства “Белтрансгаз”, перамовы пра продаж паловы акцыяў якога былі адноўленыя сёлета.

Незалежны беларускі аналітык Валеры Дашкевіч лічыць, што працэс пераходу часткі акцыяў “Белтрансгазу” ва ўласнасць “Газпраму” завершыцца да 19 сакавіка, да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Пра гэтыя ж тэрміны кажуць і прадстаўнікі “Газпраму”. Намеснік старшыні праўлення расійскае кампаніі Аляксандр Мядзведзеў заявіў, што стварэнне сумеснага прадпрыемства на базе “Белтрансгазу” можа адбыцца ў найбліжэйшыя два-тры месяцы.

Ці можа атрымацца так, што кошт на газ для Беларусі ў наступным годзе будзе перагледжаны? “Калі мы не выканаем умову па продажы часткі акцыяў “Белтрансгазу”, то, не выключана, што кантракт можа быць перагледжаны”, - кажа Валеры Дашкевіч. Яго меркаванне тут зноўку поўнасцю супадае з пунктам гледжання кіраўніцтва “Газпраму”. “Чым хутчэй мы дамовімся па “Белтрансгазу”, тым лягчэй будзе планаваць коштавую палітыку для Беларусі ў будучыні”, - падкрэсліў Аляксандр Мядзведзеў. Паводле яго, кошт на газ для Беларусі на наступны год – гэта адмысловы кошт, і ён будзе дзейнічаць толькі ў 2006 годзе.

У сваю чаргу, Дашкевіч заўважыў, што нават калі пытанне з продажам “Белтрансгазу” зноўку застопарыцца, як гэта было ўжо ў 2004 годзе, наўрадці кошт на газ для Беларусі павялічыцца да вырашэння расійска-украінскага канфлікту. “Мець праблемы адразу з дзвюма транзітнымі краінамі – гэта нязручна для расійцаў”, - падкрэсліў Валеры Дашкевіч.