1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Прэм’ера спектакля «Восем закаханых жанчын»

У гомельскім абласным драматычным тэатры адбылася прэм’ера. Падзея, здаецца, і не з’яўляецца экстраардынарнай, калі не ўлічваць той факт, што на сцэне ігралі зняволеныя старэйшай у Беларусі жаночай папраўчай калоніі.

default

Учора, 12 снежня, у гомельскім абласным драматычным тэатры адбылася прэм’ера спектакля па п’есе французскага драматурга Рабэра Тама «Восем закаханых жанчын». Падзея, здаецца, і не з’яўляецца экстраардынарнай, калі не ўлічваць той факт, што прэм’ера праходзіла пры зачыненых дзвярах, а на сцэне ігралі зняволеныя старэйшай у Беларусі жаночай папраўчай калоніі.

Гледачы на прэм’еру прапускаліся толькі па спецыяльных запрашэннях, а будынак тэатра быў ачэплены ўнутранымі войскамі. На спектаклі прысутнічала амаль уся гомельская наменклатурная і юрыдычная эліта – абласны пракурор, начальнік абласнога ўпраўлення ўнутраных справаў, мэр горада, а таксама дэпутаты парламента, святары, сваякі зняволеных.

Жанр п’есы – дэтэктыўны, і па сюжэце восем закаханых жанчын сваімі інтрыгамі метадычна забіваюць адзінага каханага мужчыну. Прысутныя на спектаклі гледачы адзначылі, што ў мастацкім плане тэатральная пастаноўка нічым не адрозніваецца ад звычайнай, хаця ігра акторак падаецца нават больш шчырай у параўнанні з прафесійнымі акторамі. Уся трупа налічвае 20 жанчын, вось толькі іх прозвішчы ў праграмках не былі пазначаны.

Прэм’ера адбылася ў межах праекта «Тэатр у турме». Ягонымі ініцыятарамі з’яўляюцца «Цэнтр сацыяльнай падтрымкі» Беларускага саюза жанчын і шведская грамадская арганізацыя N-Studio пры садзеянні Дэпартамента па выкананні пакаранняў Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь.

Досвед рэалізацыі такіх праектаў існуе ў ЗША, Швецыі, Расеі і Украіне. Ідэя належыць вядомаму шведскаму актору і рэжысёру Ёну Ёнсану. Актор каралеўскага драматычнага тэатра Стакгольму больш за 20 гадоў працуе ў турме і ставіць п’есы пры дапамозе зняволеных. У сакавіку гэтага года ён прыехаў у Беларусь, дзе прэзентаваў свой спектакль-маналог, у якім выяўляецца сутнасць працы са зняволенымі ў якасці актораў. У Гомелі паказы адбыліся ў Моладзевым тэатры і жаночай папраўчай калоніі. Дарэчы, у калоніі з ангельскай мовы спектакль перакладала адна з асуджаных.

Наступным крокам стала пастаноўка пра восем закаханых жанчын у гэтай жа жаночай калоніі пад кіраўніцтвам вядучага актора Гомельскага драматычнага тэатра Аляксея Бычкова. Па ягоных словах, рэпетыцыі ішлі штодзённа, а ўсе строі і дэкарацыі стваралі самі зняволеныя. У кастрычніку спектакль быў упершыню паказаны ў калоніі, а ягонымі гледачамі сталі асуджаныя і адміністрацыя папраўчай установы.

Варта адзначыць, што, нягледзячы на прэм’еру на сцэне абласнога тэатра, спектакль наўрад здолее ўбачыць шырокая публіка. П’есу плануецца паказваць толькі ў месцах зняволення. Гэта звязана як са складанасцямі тэхнічнага забеспячэння такіх пастановак, так і дыктуецца асноўнай мэтай праекта – праз мастацтва садзейнічаць сацыяльнай рэабілітацыі асуджаных, дапамагаць ім знайсці душэўную свабоду і слушны жыццёвы шлях.