1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі набірае абароты

Ініцыятыўныя групы васьмі прэтэндэнтаў на прэзідэнта актыўна збіраюць подпісы ў падтрымку сваіх кандыдатаў.

default

Ініцыятыўныя групы васьмі прэтэндэнтаў на прэзідэнта актыўна збіраюць подпісы ў падтрымку сваіх кандыдатаў. Адзін з прэтэндэнтаў, цяперашні прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка дзеля выбараў нават змяніў свой указ пра спонсарскую дапамогу і дазволіў прадастаўляць яе выбарчым камісіям.

Першы тыдзень збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў на прэзідэнта супаў з навагоднімі святамі. Паводле Аляксандра Бухвостава, кіраўніка ініцыятыўнае групы кандыдата ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, гэта не перашкодзіла добраму пачатку працы групы. “Былі факты перашкодаў з боку міліцыі ў часе ўсталявання пікету зборнікамі, але ў цэлым усё ідзе нармальна”, - кажа Бухвостаў. Дэпутат Маскоўскага райсавету Аляксандр Зарэмбюк, які збірае подпісы за Мілінкевіча, паведаміў, што за дзень ён збірае каля 50 подпісаў. “У мяне падпісваецца адсоткаў 70 ад тых, хто адчынае дзверы”, - запэўнівае Зарэмбюк. Паводле дэпутата, галоўная перашкода ў працы – гэта гасціннасць гаспадароў, якія часта спрабуюць пасадзіць за святочны стол.

Сяргей Галаганюк, кіраўнік ініцыятыўнае групы экс-дэпутата Сяргея Скрабца, таксама задаволены стаўленнем грамадзянаў да зборнікаў подпісаў. Той факт, што Скрабец цяпер знаходзіцца ў турме і падазраецца ў карупцыі, людзі ўспрымаюць па-рознаму. “Многія падтрымліваюць, многія апасаюцца. Але ў цэлым усе ставяцца з разуменнем”, - заўважыў Галаганюк.

Кіраўнікі ініцыятыўных групаў яшчэ не падсумоўвалі папярэднія вынікі збору подпісаў. Каманда Мілінкевіча, напрыклад, плануе зрабіць гэта 5-га студзеня, Скрабца – 14-га. А каманда экс-рэктара БДУ Аляксандра Казуліна першыя вынікі абвесціць заўтра. Як распавёў кіраўнік штабу Казуліна Мечыслаў Грыб, “па неафіцыйных дадзеных мы сабралі ўжо каля 15 тысяч подпісаў”. Нагадайма, што збор подпісаў працягнецца да 27-га студзеня.

Яшчэ адная перадвыбарчая навіна – гэта прыняцце прэзідэнтам указу, якім дазваляецца накіроўваць спонсарскую дапамогу выбарчым камісіям. Раней дабраахвотная спонсарская дапамога “для падрыхтоўкі і правядзення выбараў” была забароненая нараўне з дапамогаю для гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу.

Як патлумачыў “Нямецкай хвалі” сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік, у прэзідэнцкім указе гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра бескарыснае прадастаўленне памяшканняў для выбаркамаў. Паводле Лазавіка, “традыцыйна камісіі для сваёй працы выкарыстоўвалі не толькі дзяржаўныя памяшканні, але і грамадскіх арганізацыяў, у першую чаргу прафсаюзаў”. Усе астатнія выдаткі, звязаныя з правядзеннем выбараў, запэўніў сакратар ЦВК, прадугледжаныя бюджэтам.