1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Прэзідэнт Лукашэнка заклікаў беларускія сям’і мець не менш за трох дзяцей

За апошні год колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася на 47 тысячаў. Па прагнозах урада, да 2010 года беларусаў стане менш яшчэ на 211 тысяч. Як канкрэтна збіраецца змяніць сітуацыю Аляксандр Лукашэнка?

default

Прэзідэнт Беларусі вырашыў дасягнуць таго, каб кожная беларуская сям’я мела не менш за трох дзяцей, каб было каму абараняць краіну, якая па яго меркаванні, знаходзіцца пад пагрозай. Такую заяву Аляксандр Лукашэнка зрабіў 8 лютага на нарадзе па праектах праграмаў “Дзеці Беларусі” і “Маладыя таленты Беларусі” на 2006-2010 гады.

Дэмаграфічная сітуацыя ў краіне сапраўды патрабуе радыкальных рашэнняў. Але першай напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў агучыла план дзеянняў ў гэтым кірунку беларуская апазіцыя. Лукашэнка паспяшаўся перахапіць ініцыятыву.

“Як толькі мы прапанавалі свой комплекс мер, скіраваных на павышэнне колькасці насельніцтва да 10 мільёнаў чалавек, як улады адразу ж абвясцілі аб тым, што гатовыя ўдарнымі тэмпамі пераплюнуць апазіцыю і павялічыць колькасць беларусаў да 30 мільёнаў

- сказаў карэспандэнту “Нямецкай хвалі” кіраўнік даследчага цэнтра Мізеса АС “Стратэгія” Яраслаў Раманчук. Па ягоным меркаванні, улічваючы трэнды нараджальнасці, смяротнасці, старэння, гэтая задача можа быць вырашаная не раней за 2060 год і толькі пры ўмове актыўных кантактаў з такімі краінамі, як Індыя і Кітай.

Трэба адзначыць, што ўжо больш за дзесяць гадоў Беларусь коціцца ў дэмаграфічную яму. За апошні год колькасць насельніцтва скарацілася на 47 тысячаў і цяпер у краіне жыве 9 мільёнаў 778 тысячаў чалавек. Па прагнозах урада, да 2010 года беларусаў стане менш яшчэ на 211 тысяч. Як канкрэтна збіраецца змяніць сітуацыю Аляксандр Лукашэнка?

“Трэба дасягнуць таго, каб кожная сям’я ў Беларусі мела не менш за трох дзяцей. Тады ў нас будзе пэўны прырост насельніцтва. Ці могуць нашыя жанчыны нараджаць і мець трох і больш дзяцей? Канешне”

- лічыць беларускі лідэр. Іншае пытанне – адносіны да гэтай ініцыятывы маладых беларускіх жанчын. Сёння яны не жадаюць нараджаць дзяцей з-за нестабільнасці палітычнай сітуацыі, нізкіх даходаў і якасці сістэмы аховы здароўя. Шэраг экспертаў лічаць, што стымуляваць рост нараджальнасці можна забаронай абортаў і продажу кантрацэптываў, а таксама ўвядзеннм дадатковага падатку для тых, хто не мае неабходнай колькасці дзяцей.

Але паведамляць напярэдадні выбараў пра магчымыя прымусовыя меры Аляксандр Лукашэнка не рызыкнуў. Пакуль ён прапанаваў беларускім жанчынам “пернік” “Калі сям’я мае трох дзяцей, тады, да прыкладу, ёй даецца кватэра за палову кошту”, -- паабяцаў прэзідэнт. У такой сям’і, па ягоных словах, павінна быць дастаткова сродкаў, каб утрымліваць дзяцей. Між тым, сёння беларуская сям’я з трымя дзецьмі мае даход амаль на 40 адсоткаў ніжэй за сярэдні ўзровень па краіне. А сярод сем’яў з бюджэтам ніжэй за пражытачны мінімум больш двух трэцяў – шматдзетныя.

Акрамя таго, рэальнай пагрозай дэмаграфічнай бяспекі Беларусі з’яўляецца не толькі скарачэнне нараджальнасці, яна сёння не забяспечвае нават простага узнаўлення насельніцтва, але і высокі ўзровень смяротнасці беларусаў, асабліва мужчын працаздольнага ўзросту. Як паведамілі карэспандэнту “Нямецкай хвалі” ў Міністэрстве труда і сацыяльнай абароны, на аднаго занятага ў вытворчасці ўжо цяпер даводзіцца больш за аднаго ўтрыманца, і з кожным годам дзяцей і асобаў працаздольнага ўзросту становіцца ўсё менш, а пенсіянераў – усё больш. У сувязі з гэтым, эксперты адзначаюць, што, перахапіўшы ініцыятыву ў апазіцыі, улады рэальна наўрад ці здольныя кардынальна палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў краіне.