1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Пра што маўчыць кіраўніцтва “Гродна-Азот”?

У мінулую пятніцу на ААТ “Гродна-Азот” у цэхе аміяку 4-ай чаргі адбыўся прарыў газавай трубы. Газ з трубы ішоў пад ціскам ад 10 да 12 атмасфераў.

Згодна з тэхнікай бяспекі працу трэба было спыніць, а рабочых эвакуіраваць. Але кіраўніцтва прадпрыемства вырашыла праводзіць газавыратавальныя мерапрыемствы, не памяньшаючы ціск газу, і не прымая іншых мераў бяспекі. Па сведках спецыялістаў, у любы момант мог прагучаць выбух.

Выбух усе ж адбыўся, але у цэхе цыклагексанону 2-ой чаргі. Там узарвалася паглыбная помпа, і ў выніку адзін з супрацоўнікаў атрымаў апёкі рук і шыі. Але адміністрацыя дала яму адгулы на лячэнне, каб ён не паведамляў аб здарэнні і не звяртаўся ў паліклініку. Днямі ў тым жа цэхе здарыўся прарыў трубы бензолу.

Уся інфармацыя аб аварыях у адкрытым акцыянерным таварыстве “Гродна-Азот” зачыненая для грамадскасці. Аб здарэннях не паведамляе завадская газета “Хімік” ды дзяржаўная мясцовая прэса. Да чаго можа прывесці ліквідацыя аварый з парушеннямі тэхнікі бяспекі? Як паведаміў былы тэхнолаг прадпрыемства Мікалай Яфіменка, пацярпець могуць не толькі супрацоўнікі. Па словах Яфіменкі, “выбух мог бы прывесці да таго, што не толькі цэх, увесь “Азот” мог бы ўзляцець. Калі выбухнут сховішча аміяка – можа накрыць увесь горад”.

Чаму кіраўніцтва “Азота” ідзе на рызыку і не спыняе вытворчасць? У адміністрацыі завода катэгарычна адмаўляюцца абмяркоўваць здарэнні і называюць размовы пра іх правакацыяй. А супрацоўнікі хімічнага прадпрыемства тлумачаць маўчанне кіраўніцтва тым, што яно не жадае зрыву тэрмінаў пастаўкі прадукцыі, таму што гэта – жывая валюта.

Затое аб аварыях вядома незалежнаму прафсаюзу “Азот”. Яго старшыня Сяргей Антусевіч кажа, што калі б супрацоўнік, які пацярпеў ад выбуху і які, дарэчы, з’яўляецца сябрам гэтага прафсаюза, звярнуўся за дапамогай, ён атрымаў бы юрыдычную кансультацыю. Але, па словах Сяргея Антусевіча, усе супрацоўнікі аб’яднання “Гродна-Азот” пераведзены на кантракты, баяцца канфліктаў з кіраўніцтвам і як выніку – звальненняў.

Сёння “Гродна-Азот” – гэта адзін з буйнейшых у Эўропе вытворцаў капралактаму і азотных угнаенняў. У бліжэйшы час прадпрыемства плануе пабудаваць новы комплекс па вытворчасці азотных угнаенняў, і пляцоўка для будоўлі абрана ў межах горада. У гэтай сувязі лідэр незалежнага прафсаюзу “Гродна-Азот” Сяргей Антусевіч нагадаў, што Беларусь ратыфікавала Орхускую Канвенцыю “Аб доступу да інфармацыі ў працэсе прымання рашэнняў па пытаннях, якія датычацца навакольнага асяроддзя”, згодна з якой усе буйныя праекты павінныя абмяркоўвацца з удзелам грамадскасці. Па яго словах, адсутнасць незалежных СМІ, слабасць прафсаюзнага руху і страх рабочых робяць немагчымым грамадскі кантроль за такім магутным і небяспечным прадпрыемствам як “Гродна-Азот”, дзе любое парушэнне тэхнікі бяспекі можа прывесці да непрадбачанных наступстваў для жыхароў Гродна.