1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Пра мастацтва жыць у суладдзі з самім сабой

У Мінску адбылася прэзентацыя метадычнага дапаможніка “Мастацтва жыць у суладдзі з самім сабой, з іншымі, з прыродай”. Кніга сталася завяршэннем праекту, рэалізаўваным ў межах Праграмы падтрымкі Беларусі ўраду Нямеччыны.

Міжнародны праект “Адукацыя супраць гвалту” стаўся магчымым высілкамі трох арганізацыяў – Мінскага дзяржаўнага інстытуту павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, грамадскага аб’яднання “Адукацыйны цэнтр “ПОСТ” і Міжнароднага саюзу замірэння з нямецкага гораду Міндэн. Паводле арганізатараў праекту, ягоная актуальнасць выкліканая неабходнасцю паляпшэння сітуацыі ў сучаснай школе, якая робіцца ўсё больш аўтарытарнай і дэспатычнай ў адносінах да вучняў. У часе праекту настаўнікі мінскіх сярэдніх школ вызначалі магчымасці дэмакратызацыі адукацыйнага асяродку, а таксама вучыліся вырашаць канфліктныя сітуацыі на падставе дэмакратычных каштоўнасцяў.

Як распавёў “Нямецкай хвалі” старшыня Праўлення “Адукацыйнага цэнтру “ПОСТ” Зміцер Карпіевіч, фармаванне культуры ўдзельнікаў педагагічнага працэсу ў сфeры канструктыўнага вырашэння школьных канфліктаў ў рэшце рэшт спрыяе выхаванню cвабоднай, творчай і адказнай асобы.

“Праект скіраваны на тое, каб дэмакратычныя каштоўнасці прыходзілі ў беларускую школу. То бок ідэяй праекту было тое, што вырашэнне канфліктных сітуацый – гэта ўжо справа складаная. Калі канфлікт ужо ёсць, з ім ужо складана працаваць. У межах праекту, які быў скіраваны на працу з настаўнікамі, мы шмат навучаліся разнастайным тэхнікам, уключна медыяцыі. Але самае галоўнае – ствараць сітуацыі, калі канфліктных сітуацый не будзе”.

В межах праекту адбыўся навучальны візіт групы беларускіх педагогаў у Берлін. Настаўнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з нямецкай сістэмай адукацыі, а таксама даведацца пра рэалізацыю прынцыпаў супрацоўніцтва і негвалтоўных стасункаў у навучальных установах Берліну. Так, у Нямеччыне не выдаткоўваюцца грошы на тое, каб у кожнай школе працаваў псіхолаг. Па замове адміністрацыі ці бацькоў спецыяліст можа кансультаваць у школе толькі раз на месяц. У такіх варунках у многіх школах дзейнічаюць свае медыятары – пасярэднікі ў вырашэнні канфліктаў. Гэта, як правіла, адмыслова навучаныя школьнікі, якія дапамагаюць сваім аднагодкам канструктыўна ўзаемадзейнічаць. Школьнікі-медыятары маюць падтрымку з боку педагагічных калектываў, але пры гэтым ніводзін настаўнік не можа пасягнуць на таямніцу кансультацыйнага працэсу.

Нямецкі досвед у прафілактыцы гвалту ў школе дапамог стварэнню кнігі “Мастацтва жыць у суладдзі з самім сабой, з іншымі, з прыродай”, якая з’явілася падсумаваннем усяго праекту. Гаворыць Зміцер Карпіевіч:

“Аснову кнігі складае праграма заняткаў цыклу класных гадзінаў для старшакласнікаў, якая была распрацаваная і апрабіраваная ў межах праекту “Адукацыя супраць гвалту”. Гэта менавіта цыкл класных гадзінаў, і размова ідзе пра тое, каб цягам году класны кіраўнік працаваў па гэтым дапаможніку і працаваў на тое, каб дзеянні вучняў былі больш канструктыўнымі”.

Аўтары кнігі і арганізатары праекту спадзяюцца, што дзякуючы іх высілкам еўрапейскія прынцыпы супрацоўніцтва і негвалтоўных стасункаў здолеюць укараніцца і ў навучальных установах Беларусі.