1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Пра беларускіх музыкантаў, якія вучацца ў Нямеччыне

Вось ужо на працягу трох гадоў Павал Целяпнёў вучыўся па класе флейты ў прафесара Мюнстэрскай вышэйшай музычнай школы. Як і многія студэнты-музыканты, Павал вядзе актыўную канцэртную дзейнасць.

default

Вось ужо на працягу трох гадоў Павал Целяпнёў вучыўся па класе флейты ў прафесара Мюнстэрскай вышэйшай музычнай школы Урсулы Вюст-Рыхтэр. А зусім нядаўна ён перамог у конкурсы на паступленне ў Вышэйшую школу музыкі Берлінскага ўніверсітэта мастацтваў, дзе на адзінае месца прэтэндавала 25 флейтыстаў.

Як і многія студэнты-музыканты, Павал вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Ён іграе сольныя канцэрты ў Мюнстары й рыхтуецца да выступаў у нядаўна створаным ансамблі авангарднай музыкі “Хёрзін”. У мінулым годзе студэнт-флейтыст прымаў удзел у міжнародным конкурсы ў Байріце і ў музычным фэсте “Вільнюскае лета”. Вось фрагмент выступлення Паўла Целяпнёва на вечарынах, прысвечаных эпохе расейскай і пост-савецкай музыкі, якія арганізаваў прафесар Мюнстэрскай Вышэйшай школы Райнберт Эверс.

У музычных сустрэчах у Гродна прымуць удзел яшчэ дзве гарадзенскія студэнткі, якія вучацца ў Вышэйшай школе музыкі ў Мюнстары – Вольга Вагнер і Лілія Сарасек, а таксама піяністка з Новай Зеландыі Дэбора Леанэ і віяланчэлістка з Чылі Сандра Фабіёла.

Арганізатар сустрэч “Беларусь – Нямеччына” з нямецкага боку, выкладчык па класе гітары Штэфан Шамахер ды піяністка Дэбора Леанэ правядуць майстар-класы для гарадзенскіх студэнтаў.

За 10 дзён у Гродна студэнты з Нямеччыны плануюць даць сольныя канцэрты у Гарадзенскім коледжы мастацтваў ды Новым замку, а таксама два канцэрты з камерным аркестрам Гарадзенскай капэлы. Яна была створаная 15 гадоў таму, як прадаўжальнік музычных традыцыяў Капэлы 18 стагоддзя, заснавальнікам якой быў стараста Гарадзенскай каралеўскай эканоміі Антоні Тызенгаўз. Гродна быў у той час другой сталіцай вялікага княства Літоўскага ды горадам каралёў, а ў захаваўшымся да нашага часу будынку тэатра Тызенгаўза выступалі артысты з італьянскай оперы ды французскага балету.

Сёння Гарадзенская капэла вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, яе музыканты былі на гастролях у Нарвегіі, Польшчы, Францыі й у Расіі. Камерны хор і камерны аркестр Гарадзенскай капэлы некалькі разоў прыязджаў на гастролі ў Нямеччыну, у тым ліку, і ў горад-пабрацім Гродна – Міндэн.