1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Працягваюцца допыты апазіціянераў на прадмет выбуху ў Мінску

У Беларусі працягваюцца допыты дэмакратычных актывістаў на прадмет іх дачынення да выбуху ў Мінску ўноч на 4 ліпеня падчас святкавання Дня Незалежнасці. Праваахоўнымі органамі ўжо затрыманыя чатыры сябры апазіцыі.

default

Праваахоўныя органы Беларусі затрымалі чатырох дэмакратычных актывістаў пасля допытаў іх на прадмет дачынення да выбуху ў Мінску.

Напярэдадні ў аддзяленне КДБ гораду Нясвіжу выклікалі мясцовую актывістку “Маладога Фронту” Насту Азарку, якую дапыталі наконт факту мінскага выбуху. Супрацоўнікі КДБ высвятлялі, ці ведае актывістка акалічнасці здарэння, дзе яна знаходзілася ў ноч на 4 ліпеня, паказвалі фотаробат магчымага арганізатара тэракту. Па справе выбуху былі дапытаныя таксама маладафронтаўцы з Гомеля.

У Салігорску падчас збору подпісаў за еўрапейскую інтэграцыю Беларусі былі затрыманыя моладзевыя актывісты браты Іван і Ілля Шылы, а таксама Крысціна Самойлава, Андрусь Тычына і Павел Батуеў. Супрацоўнікі міліцыі ўзялі тлумачэнні на конт таго, што рабілі маладзёны ў ноч з 3 на 4 ліпеня, і ці валодаюць яны нейкай інфармацыяй на гэты конт. Як паведамляе прэс-служба "Маладога фронту", непаўнагадовых Івана, Іллю, Андруся і Крысціну, якіх трымалі ў асобным пакоі, збівалі да крыві падчас затрымання і ў самім РУУС. У пастарунак да іх выклікалі "хуткую дапамогу". Пазней актывістаў адпусцілі.

У Мінску супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі дэмакратычных актывістаў Міраслава Лазоўскага, Ігара Корсака і Сержука Чыслава. Як паведаміла жонка Лазоўскага, намеснік старшыні рады грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", былы прэсавы сакратар экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Казуліна Ніна Шыдлоўская, “ён ідзе як адзін з тых, каго падазраюць у дачыненні да выбуху. Сёння адвакат Міраслава сустракаўся са следчым, яму сказалі, што сёння не мяркуецца ніякіх следчых дзеянняў, і, адпаведна, па артыкуле “хуліганства”, па якім узбуджаная крымінальная справа, яго да трох дзён могуць трымаць у ізалятары часовага ўтрымання”.

Пад падазрэнне за былую дзейнасць

На думку Ніны Шыдлоўскай, прычынаю затрымання Міраслава Лазоўскага ды іншых, хучэй за ўсё, з’яўляецца іх актыўная грамадская дзейнасць у мінулым: “Ёсць яшчэ людзі, той жа самы Ігар Корсак, які затрыманы і знаходзіцца там жа ж. У свой час яны былі актывістамі незарэгістраванай грамадскай арганізацыі “Белы легіён”. Пра гэта супрацоўнікі камітэту, відавочна, таксама ведалі, яны, відаць, стаяць на пэўнай адзнацы ў камітэце, таму менавіта па іх і прайшліся”.

У часе ператрусу ў хаце Ігара Корсака, якога дзесяць гадоў таму ўжо судзілі за палітычныя графіці, супрацоўнікі спецслужбаў канфіскавалі балты, гайкі і гумавыя пальчаткі. Як адзначыла цешча затрыманага, гэта рэчы, якія ёсць у любой гаспадарцы.

Ніна Шыдлоўская лічыць, што маладзёнаў спецслужбы затрымалі ад безвыходнасці: “У гэтай сітуацыі склалася ўражанне, што яны самі не ведаюць, што з гэтым рабіць. Па-мойму, там дастаткова разумных людзей, якія разумеюць, што ідуць не па тым следзе. Я не бяруся прагназаваць, але спадзяюся на лепшае, што ўсіх паадпускаюць”.

Крыжовы паход супраць іншадумцаў

Як адзначыў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, яшчэ зранку 4 ліпеня дэмакратычныя сілы зрабілі адмысловую заяву ў звязку з выбухам, у якой спрагназавалі падобнае развіццё падзеяў пасля здарэння.

“Мы накіравалі ўладам пасланне, каб яны ўстрымаліся ад спакусы арганізоўваць “крыжовы паход” супраць дэмакратычных актывістаў. І Лукашэнка на пачатку сказаў, што не збіраецца выкарыстоўваць нейкія сілавыя ўздзеянні супраць сваіх апанентаў. Але гэта былі словы, а на справах бачым тое, што адбываецца. Гэта ёсць частка сцэнара выбарчае кампаніі”.

На думку былога суддзі Гары Паганяйлы, у такіх выпадках адмысловыя службы насамрэч мусяць праводзіць актыўныя следчыя дзеянні. Аднак, “зараз ідзе хапун. І тое, што там апынуліся і моладзевыя лідэры, сябры моладзевых арганізацыяў, гэта вынік таго, што яны пастаўленыя на ўлік як радыкальныя. У нас жа здаўна нармальная апазіцыя лічыцца як радыкальная апазіцыя. Сам стан такі, што людзі на ўліках, людзі ў спецраспрацоўцы, дазваляе спецслужбам дзейнічаць такім чынам”.

Па словах юрыста, расследаванне практычна ўсіх падобных выпадкаў у Беларусі не дало станоўчага выніку: “Выбухі ў Віцебску так да канца не расследаваныя, выбух на нафтаправодзе “Дружба” не расследаваны, выбух ля будынку суда Савецкага раёна Мінску таксама да канца не расследаваны. То бок, ніводная праява фактаў, магчыма, звязаных з тэрарызмам, да канца не расследаваная, вінаватыя не знойдзеныя”.

Як адзначае Гары Паганяйла, “гэта сведчыць пра слабасць спецслужбаў, пра прафесійную слабасць тых, хто мусіў займацца гэтымі рэчамі. Усе сілавыя структуры сёння задзейнічаныя на палітычны вышук, на слежкі, а не на прафесійную працу”.

Контекст