1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Прастора і ідэнтычнасць у Беларусі

У межах ХІ Мінскага форума адбыўся "круглы стол", удзельнікі якога ўзнялі пытанні самаідэнтыфікацыі беларусаў і праблему культуры гістарычнае памяці і кансалідацыі грамадства.

default

Па словах нямецкага дырэктара Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Яханэса Рау Астрыд Зам (Astrid Sahm), гісторыя заўжды з’яўляецца ў тым ліку і прадметам палітычных дыскусіяў і нават палітычных канфліктаў. Сёння канкуруючыя палітычныя праекты прапаноўваюць розныя культурна-гістарычныя варыянты інтэрпрэтацыі беларускае гісторыі.

"Адны пераважна арыентуюцца на досвед савецкай, партызанскай Беларусі, іншыя больш арыентуюцца на спадчыне Вялікага Княства Літоўскага, - адзначае Астрыд Зам. – У апошнія гады адбылася пэўная пераарыентацыя, і сёння ўжо ёсць афіцыйныя спробы інтэрпрэтацыі беларускай гісторыі і нацыянальнай ідэнтычнасці, якія імкнуцца інтэграваць два гэтыя прыклады гістарычнае мінуўшчыны".

"Зачыстка" гістарычнае навукі

З меркавання кандыдата гістарычных навук Ігара Кузняцова, сёння афіцыйна зусім не надаецца ўвагі такой старонцы беларускай гісторыі, як сталінскія рэпрэсіі: "За апошнія дваццаць год у Беларусі не абаронена ніводная дысертацыя па гісторыі палітычных рэпрэсіяў".

Па словах навукоўца, на дзяржаўным узроўні не было заўважанае сямідзесяцігоддзе пачатку самай моцнай хвалі сталінскіх рэпрэсіяў, дваццацігоддзе адкрыцця праўды пра Курапаты. Мала таго, дачынна да навукоўцаў, якія займаліся чорнымі старонкамі беларусакае гісторыі, пачаліся рэпрэсіі.

"Пасля 2003 года прайшла “зачыстка” гістарычнай навукі на тэрыторыі Беларусі, - кажа Ігар Кузняцоў. – З Інстытута гісторыі НАН звольнены вядомыя навукоўцы Стужынская, Сагановіч, Тарасаў, Кіштымаў, спіс можна працягваць. Палітолагі неяк больш выжылі, сацыёлагі пайшлі ў Вільнюс у эміграцыю, а гісторыкаў “дабіваюць” на нашай тэрыторыі".

Правалы ў гістарычнай памяці

Што да гістарычнае памяці, то Ігар Кузняцоў прывёў прыклад мястэчка Трасцянец пад Мінскам, дзе ў 30-40-я гады былі расстраляныя каля 30 тысяч вязняў сталінскіх турмаў, а пад час Другой сусветнай вайны былі закатаваныя ўжо фашыстамі больш за 200 тысяч чалавек, сярод іх - велізарная колькасць габрэяў, у тым ліку і прывезеных з Нямеччыны ды іншых еўрапейскіх краінаў.

"На мерапрыемствах, звязаных з 65-годдзем знішчэння Мінскага гета, прэзідэнт Беларусі сапраўды павярнуўся тварам да Халакоста – да праблемы, якая доўга замоўчвалася ў Беларусі, і тады было сказана, што найбліжэйшым часам у Трасцянцы будзе створаны мемарыял еўрапейскага ўзроўню ахвярам нацызму. Пра ахвяраў сталінізму – ні слова", - адзначыў Ігар Кузняцоў.

На думку загадчыка кафедры гісторыі і беларусазнаўства Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Сяргея Новікава, вялікую ролю на свядомасць беларусаў аказвае гісторыя менавіта мінулай вайны. "Суверэнная беларуская нацыя абавязана мець не толькі нацыянальную гісторыю, але і нацыянальную памяць. Патрэба ў гэтым існуе па той прычыне, што беларусам у будучыні неабходна годна глядзець у вочы сваім дзецям і быць упэўненымі ў галоўным: ваенная гісторыя застанецца надзейна служыць справе ўмацавання суверэнітэта беларускай дзяржавы і на справе стане гарантам будучыні беларускага грамадства", - ўпэўнены Сяргей Новікаў.

Камсамолам моладзць не выхаваць

Сёння дзяржава не ў той бок накіроўвае працу з моладдзю, каб маладыя людзі маглі лічыць сябе беларусамі, лічыць музыкант, літаратар і мастак Лявон Вольскі: "Моладзевая дзяржаўная палітыка – гэта крах. Усе гэтыя БРСМы, святкаванні 90-годдзя камсамолу ў дзяржаве, дзе ніякага камсамолу ўжо 20 гадоў як няма – “всё это было бы смешно, когда бы не было так грустно".

Ljavon Volski

Лявон Вольскi

Лідэр культавага рок-гурта НРМ мяркуе, што пры іншым раскладзе гістарычных падзеяў тэма самавызначэння беларусаў магла і не паўстаць: "Каб не было ў 1937-м годзе практычна татальнага вынішчэння беларуска арыентаванай інтэлігенцыі ў нашай краіне, мы б зараз не вялі ніякай размовы пра самаідэнтыфікацыю і ідэнтычнасць беларусаў".

Без кансалідацыі няма будучыні

Паводле палітолага Валерыя Карбалевіча, няма нічога кепскага ў тым, што ўлады спрабуюць выхоўваць патрыятызм сярод моладзі і наогул насельніцтва Беларусі праз прыклады дасягненняў у спорце, конкурсах і гэтак далей. Але важнай застаецца праблема яднання грамадства.

"Немагчыма нейкая кансалідацыя нацыі, грамадства ва ўмовах таго фундаментальнага светапогляднага разладу, разлому, які сёння існуе, які сёння заганяецца ўладамі ўсё больш у нейкае гета, - упэўнены эксперт. - Пачатак кансалідацыі павінен адбыцца з пачаткам дыялогу, і не толькі дыялогу паміж Беларуссю і Захадам, але з пачатку павінен быць дыялог унутры беларускага грамадства. Павінна пачацца нейкая публічная дыскусія аб тым, куды ж мы ідзем, у які бок.

Ці мы будзем ствараць нейкую саюзную дзяржаву з Расіяй, таму што гэтая ідэя, хаця і задвінута крыху ў бок, але ж яна не знята з парадку дня, ці ўсё ж мы будзем будаваць нейкую нацыю і на якіх падставах. То бок, патрэбна агульнанацыянальная дыскусія, патрэбны дыялог усіх палітычных, нацыянальных і культурніцкіх сіл, чаго сёння ў нас абсалютна не адбываецца. Без гэтага ва ўмовах расколу ніякай кансалідацыі ў прынцыпе немагчыма чакаць".