1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Прадухіліць культурную трагедыю дапаможа еўрапейскі досвед?

Праблему захавання архітэктурнай спадчыны абмяркоўвалі ўдзельнікі семінара “Помнікі нашы”. Арганізатары - Грамадскае аб’яднанне “БНФ “Адраджэньне” і Беларускае рэспубліканскае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў.

default

Навукоўцы і грамадскія дзеячы, гісторыкі і культуролагі адзначылі, што сёння над большасцю з тых нямногіх помнікаў, якія яшчэ засталіся ў Беларусі, навісла пагроза поўнага знішчэння пад выглядам рэстаўрацыі, але прадухіліць “культурную трагедыю” яшчэ магчыма.

Барацьба за захаванне гістарычнай спадчыны, уратаванне старажытных помнікаў гісторыі пачалася не сёння. Паводле аднаго з арганізатараў семінара Вінцука Вячоркі, яшчэ на пачатку 80-х гадоў Лявон Баразна і Зянон Пазьняк змагаліся за ўратаванне раёну Нямігі. Узгадаў Вінцук Вячорка і першую ў гісторыі сучаснай Беларусі акцыю пратэсту супраць зносу будынка першага беларускага тэатра, на падмуркі якога цяпер узгруваздзіўся навадзел пад назовам “гатэль Еўропа”.

“То быў 84-ты год, калі 13 чалавек 13-га чэрвеня выйшлі на тую дэманстрацыю”.

Знішчэнне помнікаў, як адзначыў культуразнаўца Сяргей Харэўскі, адбываецца і сёння:

“У нашай краіне склалася непрымальная практыка паэтапнага разбурэння помнікаў архітэктуры, калі гаварыць у агульнанацыянальным маштабе, мы перажываем часы, якія можна параўнаць з шасцідзесятымі гадамі. За пяць апошніх год у Беларусі няма ніводнага раёна, дзе не было б незваротных стратаў помнікаў архітэктуры, гісторыі, археалогіі”.

Навукоўца падкрэсліў, што сёння ў краіне:

“Нарастае новая небяспечная тэндэнцыя – гэта спроба дыверсіфікацыі гісторыі, спроба пад маркаю ўзнаўлення помнікаў ствараць навабуды і выдаваць іх за нейкія гісторыка-культурныя каштоўнасці. Калі мы раней гаварылі пра адзінкавыя прыклады, то сёння мы маем такія абсалютна макабрычныя прыклады, як аднаўленне замка ў Мазыры, пра што не ведалі ні гісторыкі, ні археолагі, на месцы рэальнага замчышча, і гэта выдаецца за аднаўленне, за рупнасць пра гісторыю”.

Такое было і ў Мінску, і ў Гародні, і ў Віцебску, дзе гэткім жа чынам “аднавілі” Вежу Альгерда, і ў іншых месцах. А гэта, з меркавання гісторыка Алега Трусава, адбываецца таму, што…

“…ў Беларусі не рыхтуюць архітэктараў-рэстаўратараў. А займаюцца гэтым людзі, якія нічога не ведаюць. А калі не ведаюць, то яны ўсё ламаюць і зносяць”.

Таварыства аховы помнікаў шматкроць звярталася да прадстаўнікоў улады розных узроўняў з заклікам спыніць знішчэнне помнікаў, але ўладнікі, якія раней проста не звярталі ўвагі на такія апеляванні, апошнімі гадамі змянілі тактыку, адзначае доктар гістарычных навук з Гародні Алесь Смалянчук:

“Гэта ўжо і запалохванні, рэпрэсіі, таму што ў нас пачалася больш актыўная дзейнасць, мы вырашылі паставіць каля некаторых будынкаў пасты, пастаянна выходзілі маладыя людзі, каб спыніць працы па разбурэнню. У рэшце рэшт міліцыя пачала затрымліваць людзей, асабліва моцна даставалася моладзі”.

Складаная сітуацыя, паводле вядомага даследчыка гісторыі Мінска доктара гістарычных навук, прафесара Захара Шыбекі, складваецца і ў беларускай сталіцы:

“Імкненне сучаснай гарадской улады ўзняць Мінск на ўзровень еўрапейскіх сталіц упіраецца ў зусім недастатковы гістарычны рэсурс горада. У ім няма ні каралеўскіх, ні вяльможных палацаў. Недастатковы гістарычны рэсурс штурхае мінскае кіраўніцтва да выкарыстання савецкага патэнцыяла, што мае сваім вынікам далейшае замацаванне за горадам савецкага вобразу і разбурэнне старой забудовы. Так што званне сталіцы стала трагічным для былога губернскага горада Мінска”.

Але не толькі ў статусе трагедыя горада, адзначае прафесар Шыбека:

“Трагізм Мінска палягае не ў тым, што ён стаў сталіцаю, а ў тым, што гэта адбываецца не на аснове беларускай традыцыі, а на яе руінах”.

Каб змяніць існую сітуацыю, на думку Вінцука Вячоркі, трэба…

“звярнуцца да міжнароднага і еўрапейскага досведу. Заклікаць грамадства і ўлады скарыстаць прапановы Еўрапейскага Звязу, у якіх ёсць таксама пакет і культурна-адукацыйных прапановаў. Наша далучэнне да еўрапейскіх праграмаў, да распрацоўкі праектаў і ўласна ўратавання архітэктуры дазволіла б вырашыць шмат якія матэрыяльныя праблемы, на якія часцяком спасылаюцца чыноўнікі”.

Пры канцы семінара яго ўдзельнікі прынялі “Дэкларацыю”, у якой заклікалі прадстаўнікоў усіх галінаў улады Беларусі “неадкладна прыняць рашучыя захады дзеля зберажэння нацыянальнае спадчыны”.

Контекст