1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Прадпрымальнікі больш не павінны плаціць збор за карыстанне транспартнымі сродкамі

Мінулым летам парадак спагнання гэтага збору стаўся нагодай для масавай галадоўкі ўладальнікаў маршрутных таксовак у Берасці. Адпаведны указ падпісаў прэзідэнт Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сваім указам №569 скасаваў рэспубліканскі збор за карыстанне транспартнымі сродкамі ў прадпрымальніцкай дзейнасці.

Згодна з каментаром, які распаўсюдзіла прэс-служба прэзідэнта, новы указ закліканы спрасціць парадак падаткаабкладання юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, і пачне дзейнічаць з 1 студзеня наступнага году.

Адначасова гэты дакумант прызнае згубіўшым сваю моц указ №140 ад 22 сакавіка 2004 году, які выклікаў хваляванне сярод прадпрымальнікаў, што выкарыстоўвалі ўвезеныя з-за мяжы транспартныя сродкі ў камэрцыйных мэтах. Справа ў тым, што ў гэтым указе не было пазначана, з якой даты уведзены згаданы рэспубліканскі збор. У выніку падатковыя ворганы пачалі патрабаваць уплаты збора нават з тых прадпрымальнікаў, хто прывёз свае аўтамабілі ў Беларусь яшчэ да з’яўлення указа №140.

Толькі ў Берасці ў спіс тых, каму належыць сплаціць гэты збор, трапіла каля сотні ўладальнікаў машын, што выкарыстоўваліся пераважна ў якасці маршрутных таксі. Пасля безпаспяховых спробаў аспрэчыць рашэнне падатковых ворганаў у розных судовых установах, група прадпрымальнікаў ў гэтым горадзе 5 ліпеня пачала бестэрміновую галадоўку, выказваючы пратэст супраць такой трактоўкі прэзідэнцкага указа. Галадоўка цягнулася да 17 жніўня, у розны час да яе далучаліся 15 чалавек. Адна з удзельніц галадоўкі – Любоў Разановіч – адмовілася ня толькі ад ежы, але і ад вады, пасля чаго была шпітализіваная ў цяжкім стане ў цэнтральны гарадскі шпіталь Берасця.

Зараз у Любові Разановіч адбываецца курс рэабілітацыі ў хатніх умовах і, маючы другу групу інваліднасці, яна па-ранейшаму адчувае праблемы са здароўем. Прадпрымальніца яшчэ раз нагадала, што галадоўка была крокам адчаю, бо з яе патрабавалі сплаціць ў бюджэт каля 70 мільёнаў рублёў:

“Неймаверная сума рэспубліканскага збору, які налічаны “заднім чыслом” (хачу нагадаць яшчэ раз, што машы н ы я завезла ў 2003-м годзе, а указ выйшаў роўна праз год), і штодзённыя 40% штрафныя санкцыі з боку падатковых ворганаў, пераўтварылі маё жыццё і жыццё маіх дзяцей у сапраўдны кашмар. Я не магла спакойна жыць, спакойна спаць. Раптоўна паводле эканамічна непісьменнага, цалкам супярэчлівага ўсім нормам права указу, я стала правапарушальнікам. Пры гэтым штомесяц я плаціла ў бюджэт дзяржавы розных плацяжоў на 1 мільён 200 тысячаў беларускіх рублёў”.

Любоў Разановіч задаволеная тым фактам, што указ №140 усё ж такі адменены і гэта пазбавіла прадпрымальнікаў неабходнасці дадаткова пералічваць у бюджэт шматмільённыя плацяжы. Разам з тым, яна была здзіўленая паводзінамі брэсцкіх чыноўнікаў, якія падчас галадоўкі прадпрымальнікаў займалі пазыцыю чакання. Любоў Разановіч мяркуе: гэта можа азнацаць, што мясцовыя ўлады і на далей будуць спрабаваць замоўчваць праблемы, што ўзнікаюць у грамадстве, каб не пазбавіцца кіроўных пасадаў.