1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Правы чалавека ў Беларусі: падзеі тыдня

Працягваецца ціск з боку спецслужбаў на незалежных журналістаў, беларускія праваабаронцы акрэслілі парушэнні заканадаўства пад час мясцовых выбараў, актывістаў аштрафавалі за недазволены пікет.

Молоток судьи - символ правосудия

Спецслужбы працягваюць аказваць ціск на незалежных журналістаў, беларускія праваабаронцы назвалі асноўныя парушэнні дзейнага заканадаўства пад час апошніх выбараў у мясцовыя Саветы, актывістаў дэмакратычнага моладзевага руху асудзілі за правядзенне ў цэнтры Мінску несанкцыянаванага пікетавання.

Пераслед журналістаў

Беларускія спецслужбы працягваюць аказваць ціск на журналістаў незалежных сродкаў масавай інфармацыі - намеснікаў рэдактара недзяржаўнай газеты "Народная воля" Святлану Калінкіну і Марыну Коктыш, рэдактара сайту "Хартыі’97" Наталлю Радзіну і карэспандэнта ў Беларусі расійскай "Новой газеты" Ірыну Халіп.

Следчыя дзеянні ў дачыненні да журналістак вядуцца ў рамках расследавання крымінальнай справы, заведзенай пракуратурай Гомельскай вобласці па факце з’яўлення ў інтэрнеце паклёпу на былога начальніка Упраўлення КДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа.

Марина Коктыш

Намесніца рэдактара газеты "Народная воля" Марына Коктыш

Як паведамілі на прэс-канферэнцыі, якая адбылася 29 красавіка ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў, прадстаўніцы незалежных медыяў, адабраныя ў іх раней кампутары, а таксама носьбіты інфармацыі і надалей застануцца ў следчых органах. 28 красавіка журналістак, якія праходзяць па згаданай справе ў якасці сведкаў, дапыталі ў РУУС Першамайскага раёну Мінску,

Мэтанакіраваны ціск

Пераслед з боку органаў унутраных справаў, пракуратуры і дзяржбяспекі Святлана Калінкіна звязвае з прафесійнай дзейнасцю незалежных журналістаў. Па словах Калінкінай, знойдзеная падстава, каб націснуць на яе і яе калег, якія таксама працуюць па досыць гучных тэмах, каб дыскрэдытаваць іх, бо зараз вядзеца пошук асабістай інфармацыі ў пошце.

Пад час ператрусаў дома ў журналістак здымаліся дакументы і рэчы, якія нават тэарэтычна не могуць мець дачынення да паклёпу на Івана Каржа, кажа журналістка. "Насамрэч перад важнай палітычнай кампаніяй вядзецца наступ на незалежную журналістыку і на інтэрнет-сайты ў прыватнасці", - упэўненая намесніца галоўнага рэдактара “Народнай волі”.

Незаконныя дзеянні

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец адзначыў, што спробы следчых органаў узламаць электронную пошту журналістак з’яўляюцца ўмяшальніцтвам у таямніцу асабістага жыцця. Як падкрэсліў юрыст, асабістая перапіска – гэта тое, што ахоўваецца і Канстытуцыяй, і заканадаўствам.

Негосударственные газеты Беларуси

Да незалежных СМІ ў беларускіх уладаў асобае стаўленне

Па словах Андрэя Бастунца, гэта адбываецца ў адносінах да нават не абвінавачваемых, не падазраваных, а сведкаў. "Наогул вельмі дзіўна, што сведкаў увесь час цягаюць на допыты, праводзяць ператрусы, забіраюць у іх маёмасць - гэта ганебная старонка ў гісторыі беларускай праваахоўнай сістэмы", - заявіў намеснік старшыні БАЖ.

Як мяркуе Ірына Халіп, зараз ідзе вайна на знічэнне незалежных журналістаў, на знічэнне незалежных сайтаў. "Зараз пакуль яшчэ нас спрабуюць забіць прафесійна, маральна, поўнасцю дэмаралізаваць, але заўтра, калі мы нічога не будзем рабіць, нас пачнуць забіваць ужо фізічна, і мы не можам разлічваць ні на каго, апроч сябе і сваіх калег", - адзначыла карэспандэнт "Новой газеты".

Парушэнні на мясцовых выбарах

Пад час правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў мелі месца шматлікія парушэнні дзейнага заканадаўства. Пра гэта на сустрэчы з журналістамі 26 красавіка заявілі прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяў, якія вялі маніторынг выбарчай кампаніі. Спіс парушэнняў даволі вялікі – гэта і ўціск на ўдзельнікаў выбарчага працэсу яшчэ пад час рэгістрацыі ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, фармавання выбарчых камісій, калі людзей пад пагрозай звальнення з працы ці выключэння з навучальных установаў прамушалі адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі. Сярод парушэнняў забарона мясцовых уладаў праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі, прымусовы выган людзей на датэрміновае галасаванне, нядопуск назіральнікаў і нават саміх кандыдатаў у дэпутаты да працэдуры падліку галасоў.

Избиратели опускают бюллетени в урну

Праваабаронцы адзначылі вялікую колькасць парушэнняў пад час мясцовых выбараў

Што да апошняга, то, як мяркуе кіраўнік Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі, такое стаўленне да падліку галасоў тлумачыцца тым, што ўлады ўжо цяпер рыхтуюцца да прэзідэнцкіх выбараў і такім чынам апрабоўваюць магчымыя ў будучыні фальсіфікацыі. "Тое, што на сённяшні дзень робяць камісіі, тое, што зафіксавалі нашы назіральнікі, непразрыстасць падліку галасоў - гэта самае істотнае ў гэтай сітуацыі, і застаецца небяспека, што ўсё будзе паўторана", - мяркуе праваабаронца.

Па словах старшыні Беларускага Хельсінскага камітэта Алега Гулака, мелі месца і парушэнні, якіх не было падчас папярэдніх выбарчых кампаній. Напрыклад, як тое, што адбылося ў Оршы. Як паведаміў юрыст і праваабарнца, пад час датэрміновага галасавання змянілася тэрыторыя аднаго з выбарчых участкаў, куды дабавілі вайсковую частку, што сур’ёзным чынам змяніла сітуацыю на гэтым выбарчым участку. "Такіх сітуацый некалькі, мы будзем падаваць скаргі ад нашага імя і дапамагаць кандыдатам у дэпутаты, якія звярнуліся да нас па дапамогу", - паведаміў Алег Гулак.

Парушальнікі сталі дэпутатамі

Яшчэ адзін абуральны выпадак адбыўся на адным з участкаў у Мінскай вобласці. Літаральна за дзень да галасавання высветлілася, што чатыры кандыдаты ў дэпутаты Чысцінскага сельскага Савета адначасова з’яўляюцца чальцамі выбарчых камісіяў. У адпаведнасці з часткай 20 артыкула 68 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, "паўнамоцтвы асобы, вылучанай кандыдатам у дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў, якая ўваходзіць у склад Цэнтральнай, акруговай, тэрытарыяльнай, участковай выбарчай камісіі, лічацца спыненымі з моманту рэгістрацыі яе кандыдатам у дэпутаты".

Символ победы

На Беларусі штрафуюць за мірнае пікетаванне

Такім чынам, па словах праваабаронцаў, гэтыя чатыры асобы здзейснілі грубае парушэнне выбарчага заканадаўства, і выбары па дадзеных участках павінны быць прызнаныя не адбыўшыміся, а рашэнні пра рэгістрацыю дадзеных кандыдатаў у дэпутаты павінны быць адмененыя. Тым не менш, гэтыя парушальнікі выбарчага заканадаўства сталі дэпутатамі.

Штрафы за пікет

29 красавіка адбыліся суды над затрыманымі напярэдадні моладзевымі актывістамі, якія на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Мінску зладзілі пікет з патрабаваннем выдаць Кіргізстану скінутага прэзідэнта гэтай краіны Курманбека Бакіева. Міхаіла Наскова і Аляксея Атрошчанку аштрафавалі па мінімуму – на 17,5 тысячы беларускіх рублёў (каля 4 еўра ў пераліку), а Паўла Кузьміцкага прыгаварылі да штрафу ў памеры 700 тысяч беларускіх рублёў (каля 180 еўра), паколькі гэтае парушэнне ў хлопца было паўторным цягам году.

Маладым людзям інкрымінавалі арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Ноч перад судом маладзёны правялі ў вядомым Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, што знаходзіцца ў завулку Акрэсціна ў Мінску.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў

Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Контекст

Аудио- и видеофайлы по теме