1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Правы чалавека ў Беларусі: падзеі тыдня (1-5 лютага)

У Беларусі стартавала кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары", "Міжнародная амністыя" назвала імя новага беларускага вязня сумлення, гарадзенскі абласны суд разгледзіць справу актывіста Партыі БХД.

Символ правосудия - молоток судьи на столе

Беларускія праваабаронцы распачалі кампанію па маніторынгу мясцовых выбараў, міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала асуджанага верніка-адмоўніка вязнем сумлення, гарадзенскі абласны суд 18 лютага павінен разгледаць крымінальную справу супраць актывіста партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД).

Новы "вязень сумлення"

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала верніка габрэйска-месіянскай суполкі "Новы запавет" Івана Міхайлава "вязнем сумлення". 1 лютага суд Мінскага раёна абвінаваціў маладзёна ва ўхіленні ад вайсковай службы і прыгаварыў яго да трох месяцаў арышту.

Молодой человек смотрит через замерзшее стекло

У Беларусі зноў ёсць палітзняволеныя

На судовым працэсе Іван Міхайлаў заяўляў, што служыць у арміі яму не дазваляюць рэлігійныя перакананні. Юнак спасылаўся на Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе грамадзянам краіны права на альтэрнатыўную службу. Amnesty International патрабуе неадкладнага вызвалення Івана Міхайлава з вязніцы.

Маніторынг выбараў

У Беларусі стартавала кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары", якую ладзяць Беларускі Хельсінскі камітэт (БХК) і Правабарончы цэнтр "Вясна". Па словах старшыні БХК Алега Гулака, маніторынг будзе доўгатэрміновым. Праваабаронцы маюць намер адсочваць усе этапы выбарчай кампаніі, пачынаючы ад фармавання выбарчых камісій і выбарчых акругаў і заканчваючы працэдурай агітацыі, галасавання і падліку галасоў.

Алег Гулак лічыць вельмі важным, што праваабаронцы адсочваюць і ацэньваюць сітуацыю, на фоне якой адбываюцца выбары, бо сапраўдны свядомы выбар будзе, на яго думку, калі люді не будуць баяцца.

Неспрыяльныя ўмовы

Кіраўнік Правабарончага цэнтру "Вясна", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (МФПЧ) Алесь Бяляцкі падкрэсліў, што ў Беларусі склалася сітуацыя, неспрыяльная для правядзення аб’ектыўных і празрыстых выбараў. Гэта, паводле праваабаронцы, у першую чаргу датычыцца рэгістрацыі палітычных партыяў.

Валентин Стефанович и Алесь Беляцкий

Беларускія праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкий

Кіраўнік "Вясны" канстатаваў, што з 2000-га году на беларускай палітычнай арэне фактычна не з’явілася ніводнай новай палітычнай сілы, наадварот, колькасць палітычных суб’ектаў пастаянна скарачаецца. Па словах Бяляцкага, у 2009 годзе правабаронцы зарэгістравалі звальненні палітычных і грамадскіх актывістаў, а таксама выключэнні студэнтаў з ВНУ за актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Эксперт прыгадаў апошні абуральны выпадак, калі прадстаўнікоў розных палітычных партый, што працуюць настаўнікамі, выклікалі ў мінскі аблвыканкам, дзе ад іх катэгарычна запатрабавалі выйсці з палітычных структур. "Цэнтральныя ўлады на гэта глядзяць скрозь пальцы і нават ухваляюць такую дэпалітызацыю беларускага грамадства, у выніку чаго правесці нармальную выбарчую кампанію робіцца практычна немагчыма", - заявіў віцэ-прэзідэнт МФПЧ.

Рэкамендацыі ўдзельнікам выбарчага працэсу

Беларускі Хельсінскі камітэт разам са спецыялістамі ў галіне выбарчага заканадаўства падрыхтаваў і прапанаваў палітычным партыям і ўсім удзельнікам выбарчага працэсу шэраг рэкамендацый, звязаных з абскарджваннем парушэнняў выбарчага права. Старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла падкрэсліў, што гэта важна, каб адсачыць, наколькі працэдуры выбарчага працэсу будуць адпавядаць існуючым заканадаўчым нормам.

Омоновцы бегут через площадь Ленина в Минске

На Беларусі і сёння афіцыйна ўсхваляюць Леніна як правадыра рэвалюцыі

Юрыст нагадаў, што на мінулых выбарах суды не прымалі да разгляду скаргі ўдзельнікаў выбарчых працэдур. "Сёння у трынаццаці выпадках у Выбарчым кодэксе маюцца прадпісанні аб магчымасцях судовага абскарджвання рашэнняў выбарчых адміністрацый", - падкрэсліў праваабаронца.

Суд над актывістам

Гарадзенскі абласны суд 18 лютага ў касацыйным парадку разгледзіць крымінальную справу актывіста Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" з Навагрудка Юрыя Казака. Суд першай інстанцыі прысудзіў маладзёну штраф у памеры 8 мільёнаў 750 тысяч рублёў - каля 3 тысяч еўра ў пераліку за тое, што ён нібыта ўноч на 7 лістапада 2009 году ў Наваградку абліў помнік Леніну зялёнай фарбай.

Адвакат актывіста Павел Сапелка лічыць, што Навагрудскі суд неабгрунтавана крытычна ацаніў паказанні яго падабароннага, а таксама цалкам не прыняў да ўвагі і памылкова ацаніў паказанні сведкаў. Сапелка лічыць, што прысуд Казаку мусіць быць адменены.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў

Рэдактар: Уладізімір Дорахаў

Контекст

Аудио- и видеофайлы по теме