1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Правы чалавека ў Беларусі: агляд тыдня

Беларускі незалежніцкі блок патрабуе вызвалення ваўкавыскіх экс-прадпрымальнікаў, “Маладому фронту” зноў адмовілі ў рэгістрацыі, суд апраўдаў адмоўніка ад службы ў войску, нанова канфіскаваны наклад незалежнага выдання.

На столе лежит судейский молоток - символ правосудия

Рада Беларускага незалежніцкага блоку прыняла спецыяльны зварот, у якім патрабуе вызвалення Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі, Міністэрства юстыцыі чарговым разам адмовілася легалізаваць дзейнасць “Маладога фронту”, гомельскі суд апраўдаў маладзёна, якога аштрафавалі за няяўку ў ваенкамат, на Магілёўшчыне канфіскаваны наклад незалежнай газеты.

Вызваліць палітвязней

Рада Беларускага незалежніцкага блоку (БНБ), у які ўваходзяць Рух “За свабоду”, Партыя БНФ, Партыя “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” ды некаторыя іншыя апазіцыйныя структуры, у адмысловай заяве запатрабавала тэрміновага вызвалення палітвязняў, былых прадпрымальнікаў з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі, крымінальны працэс над якімі гэтым часам працягваецца ў Вярхоўным Судзе Беларусі. БНБ лічыць гэтую справу сфабрыкаванай.

Николай Автухович

Мікалай Аўтуховіч

Як адзначаецца ў дакуменце, “Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка ёсць ахвярамі палітычных гульняў сённяшняга рэжыму, у судзе не прагучала доказаў, якія б сведчылі пра дачыненне прадпрымальнікаў да так званых тэрактаў”. Паводле аўтараў звароту, большасць сведкаў выкарысталі адкрытасць суда і распавялі, як выбіваліся сведчанні пад час следства і як прымяняўся ўціск на іх і іх сем’і. Як сцвярджаецца ў заяве БНБ, “справа супраць прадпрымальнікаў развалілася, але вядома, што незалежнага суда ў Беларусі няма, таму зразумела, што суд не апраўдае Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенку”.

“МФ” зноў не зарэгістраваны

Міністэрства юстыцыі Беларусі ў шосты раз адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі “Маладому фронту”. Падставай для такога рашэння Мінюст палічыў неадпаведнасць дакументаў на юрыдычны адрас. Апроч таго, як і пры адмове ў легалізацыі дзейнасці гэтай арганізацыі ў 2007 годзе, Міністэрства юстыцыі пацвердзіла існаванне ў краіне “прызумпцыі вінаватасці” заснавальнікаў гэтай моладзевай структуры, а менавіта тое, што многія з іх раней прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці. Як робіць выснову дзяржаўная ўстанова, гэты факт “не сведчыць аб намеры заснавальнікаў Міжнароднага моладзевага аб’яднання “Малады фронт” ажыццяўляць дзейнасць у межах заканадаўства Рэспублікі Беларусь, не парушаючы грамадскі парадак, правы і законныя інтарэсы іншых грамадзянаў”.

Активисты Молодого Фронта сидят за столом

“Маладому фронту” ў шосты раз адмовілi ў дзяржаўнай рэгістрацыі

Старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту (БХК) Алег Гулак лічыць абуральным той факт, што арганізацыя столькі разоў не можа легалізаваць сваю дзейнасць. На думку юрыста, Міністэрства юстыцыі пры рэгістрацыі выстаўляе патрабаванні, якія супярэчаць дзейнаму заканадаўству, у дадзеным выпадку тое, што заснавальнікі арганізацыі прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці. І тут, па словах праваабаронцы, праблема не толькі Мінюста, але праблема ўвогуле сістэмы, таму што падобныя пытанні і праблемы ўжо шмат разоў разглядаліся Вярхоўным Судом, куды падаваліся скаргі на адмовы ў рэгістрацыі. “Вярхоўны Суд павінен быў бы ў сваіх рашэннях даваць аналіз падставаў, якія Міністэрства юстыцыі выкарыстоўвае для адмовы ў рэгістрацыі, і тады б Мінюст не выкарыстоўваў незаконныя падставы ізноў”, - упэўнены Алег Гулак.

Як прадкрэсліў праваабаронца, Вярхоўны Суд, на жаль, гэтую сваю функцыю не выконвае, што дае магчымасць Мінюсту ўжо на працягу даволі доўгага тэрміну рабіць незаконныя дзеянні. “Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што сітуацыя ляжыць не ў прававым полі, а мае палітычную падаплёку”, - заявіў кіраўнік БХК.

Па словах намесніцы старшыні “Маладога фронту” Насты Палажанкі, арганізацыя будзе працягваць сваю дзейнасць, нягледзячы на адмову Міністэрства юстыцыі ў яе дзяржаўнай рэгістрацыі.

Канфіскацыя незалежнага выдання

Супрацоўнікі правахоўных органаў чарговым разам канфіскавалі наклад незалежнага друкаванага выдання “Витебский курьер”. Аўтамабіль заснавальніка газеты Віктара Рамнёва быў спынены ў Магілёўскай вобласці, калі кіраваўся са Смаленскай друкарні. Супрацоўнікі Горацкага РАУС сканфіскавалі каля 10 тысяч асобнікаў выдання.

Газеты лежат в киоске Белсоюзпечать

Ў Беларусі караюць за распаўсюд недзяржаўных газет

На Віктара Рамнёва зноўку быў складзены пратакол за быццам бы незаконны распаўсюд друкаванае прадукцыі. Рамнёва ўжо шматкроць каралі за распаўсюд недзяржаўных газет. Напрыклад, 25 сакавіка супрацоўнікі Ліёзненскага РАУС затрымалі машыну Віктара Рамнёва непадалёк ад расійска-беларускай мяжы і сканфіскавалі ўвесь наклад газеты - 10 тысяч асобнікаў. А ўвечары таго ж дня Віктара Рамнёва пакаралі штрафам у 1,2 мільёна рублёў (каля 300 еўра ў эквіваленце). На наступны дзень суд Віцебскага раёну аштрафаваў Віктара Рамнёва за перавозку незарэгістраванай у Міністэрстве інфармацыі газеты “Наш Дом”.

Аўпраўданне адмоўніка

8 кастрычніка суд Савецкага раёну Гомеля апраўдаў 25-гадовага Яўгена Якавенку, якога абвінавачвалі ў няяўцы на мерапрыемствы прызыву на вайсковую службу. 11 лютага маладзёна прызналі вінаватым і пакаралі штрафам у памеры 175 тысяч рублёў (больш за 40 еўра ў пераліку). 12 сакавіка Гомельскі абласны суд адмяніў папярэдняе рашэнне суда Савецкага раёну абласнога цэнтра і накіраваў справу на новы разгляд. Тым не менш, на Яўгена Якавенку ўжо завялі крымінальную справу паводле артыкуда 435-1 (“ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу”), якая ўжо перададзена ў суд.

Дарэчы, рашэнне суда Савецкага раёну Гомеля ад 8 красавіка ёсць першым апраўдальным ў шэрагу справаў супраць маладзёнаў, якія патрабавалі даць ім магчымасць праходзіць альтэрнатыўную службу.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў

Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Контекст

Аудио- и видеофайлы по теме