1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

Журналіста адправілі ў бестэрміновы адпачынак за публікацыі пра прэзідэнцкія выбары. Дэмакратычнага актывіста перадузята асудзілі да буйнога штрафу. Актывісту анархічнага руху падоўжылі тэрмін затрымання.

Молоток на столе судьи

Кіраўніцтва незалежнага выдання пад уціскам уладаў адправіла ў бестэрміновы адпачынак свайго журналіста. Актывіст грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" прыгавораны да велізарнага грашовага штрафу. На дзесяць сутак працягнуты тэрмін затрымання актывіста анархісцкага руху.

Штраф актывісту

Суд Савецкага раёна Мінска 19 кастрычніка прыгаварыў актывіста грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" пісьменніка Міхася Башуру да штрафу ў семнаццаць з паловай мільёнаў беларускіх рублёў (больш за 4200 еўра ў эквіваленце). Міхась Башура правёў за кратамі, пакуль вялося следства, амаль тры месяцы.

Владимир Некляев

Праваабаронцы звязваюць пакаранне Башуры з яго дзейнасцю ў кампаніі "Гавары праўду!"

Актывіста і літаратара абвінавачвалі ў падробцы даведкі пра заробак дзеля атрымання крэдыту, якога Міхась Башура так і не ўбачыў. Справа гэтая мела месца яшчэ год таму, але, як упэўненыя праваабаронцы, праваахоўныя органы "зачапіліся" за яе толькі пасля таго, як Башура стаў актывістам кампаніі "Гавары праўду!", якую ачольвае цяперашні прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду паэт Уладзімір Някляеў.

Міхась Башура сваёй віны не прызнаў, паколькі, як ён лічыць, ягоная памылка пры афармленні папераў не нанесла нікому матэр’яльнага ўрону. Пракурор Галіна Корнева патрабавала для актывіста шесць месяцаў арышту, а адвакат Тамара Сідарэнка прасіла поўнасцю апраўдаць свайго прадабароннага. Тым не менш, суд прыгаварыў Міхася Башуру да велізарнага па беларускіх мерках штрафу.

Прымусовы адпачынак

Кіраўніцтва недзяржаўнай газеты "Вечерний Бобруйск" прапанавала журналісту Змітру Растаеву напісаць заяву на адпачынак. Як адзначыў Растаеў ў сваім блогу ў "Жывым Журнале", такое рашэнне сталася следствам візіту заснавальніка газеты "Вечерний Бобруйск" Валянціна Сысоя да намесніка старшыні Бабруйскага гарвыканкаму Міхаіла Кавалевіча, які адказвае за ідэалагічны накірунак.

Прэтэнзіі галоўнага бабруйскага ідэолага былі звязаныя з публікацыямі Змітра Растаева ў іншым недзяржаўным выданні – "Белгазете" і ў "Жывым Журнале". Гэтыя публікацыі, апроч іншага, тычыліся і цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі.

Па словах Змітра Растаева, пасля гутаркі з Міхаілам Кавалевічам яго выклікала кіраўніцтва "Вечернего Бобруйска" і патлумачыла, што вымушана прыслухацца да пажаданняў гарвыканкаму, бо не можа рызыкаваць бізнесам. Журналісту прапанавалі напісаць заяву на адпачынак і паведамілі, што прыпыняюць усе ягоныя публікацыі. Сам Зміцер Растаеў упэўнены, што гэты ягоны адпачынак станецца бестэрміновым.

Ускосны ціск

Белорусские оппозиционные газеты

Ціск на апазіцыйныя СМІ збоку ўладаў працягваецца

Як адзначае намеснік кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) юрыст Андрэй Бастунец, і іншыя незалежныя выданні сёння зведваюць ускосны ціск з боку ўладаў. Андрэй Бастунец паведаміў, што па шэрагу рэдакцыяў праходзяць праверкі Міністэрства гандлю, звязаныя з рэкламай тэлеканала "Белсат" ды іншай рэкламай, і гэтыя праверкі могуць скончыцца для рэдакцыяў пэўнымі штрафамі.

"Але што тычыцца непасрэднага ціску на рэдакцыі ў звязку з прэзідэнцкімі выбарамі, то сёлета сітуацыя выглядае крыху лепей, і гэта, безумоўна, звязана з імкненнем афіцыйнага Мінска атрымаць прызнанне гэтай выбарчай кампаніі", - лічыць намеснік старшыні БАЖ.

Анархісту працягнулі тэрмін затрымання

Актывісту анархісцкага руху з Бабруйску Сяргею Слюсару на дзесяць сутак працягнулі тэрмін затрымання. Маладзёна затрымалі 17 кастрычніка па падазрэнні ва ўдзеле ў нападзе на будынак бабруйскага КДБ, які адбыўся ў тую ж ноч. Тады невядомыя шпурнулі ў будынак дзве пляшкі з так званым "кактэйлем Молатава", у выніку чаго, нягледзячы на адсутнасць пацярпелых, міліцыя завяла крымінальную справу.

Сяргея Слюсара ўжо затрымлівалі ў верасні бягучага году як падазраванага ў нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі ў Мінску, але праз тры дні хлопца адпусцілі без прад’яўлення абвінавачання. Зараз маладзён знаходзіцца ў бабруйскім СІЗА, але, як паведаміла праваабаронца Наста Лойка, абвінавачанне яму дагэтуль не выстаўленае.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня
Рэдактар:Вікторыя Заранка

Контекст

Досье