1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

Камітэт па правах чалавека ААН разгледзіць забарону мірных сходаў у Беларусі, адзін суд падтрымаў міліцыянтаў, другі - адмовіўся легалізаваць праваабаронцаў, зборшчыка подпісаў за апазіцыянера звольнілі з працы.

Символ правосудия - молоток судьи на столе

Забарона на правядзенне мірных сходаў у Беларусі будзе разгледжаная ў Камітэце па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных нацыяў, суд у Брэсце не стаў разглядаць скаргу аднаго з кіраўнікоў Свабоднага прафсаюза Беларускага, актывіст ініцыятыўнай групы апазіцыйнага прэтэндэнта звольнены з працы, брэсцкім праваабаронцам зноў адмовілі ў легалізацыі іх дзейнасці.

Забарону сходаў вывучыць ААН

Актывіст дэмакратычнага руху са Смалявічаў Мінскай вобласцi Яўген Пугач накіраваў у Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў індывідуальнае паведамленне пра парушэнне свайго права на правядзенне мірнага сходу і свабоду выказвання меркавання. Камітэт ужо зарэгістраваў дакумент і адвёў афіцыйнаму беларускаму боку шэсць месяцаў дзеля дачы каментароў па скарзе спадара Пугача.

Милиция задерживает участников мирной акции

Беларускiя улады забараняюць нават мiрныя акцыi пратэсту

Скарга была накіраваная з нагоды рашэння беларускіх уладаў, што забаранілі актывісту правесці пікетаванне супраць жорсткага абыходжання з жывёламі. Падставы для адмовы падаліся ініцыятару пікета надуманымі. Як адзначалася ў адказе чыноўнікаў, "правядзенне пікетавання ў названым месцы можа прыцягнуць увагу кіроўцаў транспартных сродкаў, што можа прывесці да стварэння перашкодаў для транспартнага і пешаходнага руху".

Па словах праваабаронцы Сяргея Усцінава, Камітэт па правах чалавека ААН будзе вырашаць, наколькі гэтае абмежаванне суадносіцца з міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Нагадаем, што Беларусь у свой час ратыфікавала міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама факультатыўны пратакол да яго.

Суд стаў на бок міліцыянтаў

Ленінскі раённы суд Брэста 14 кастрычніка вынес азначэнне па скарзе старшыні Брэсцкага абласного Свабоднага прафсаюза Беларускага Валяніна Лазарэнкава на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія з выкарыстаннем грубай фізічнай сілы затрымалі прафсаюзнага дзеяча на чыгуначным вакзале абласнога цэнтра. Прафсаюзны лідэр прасіў прызнаць затрыманне і вышук незаконнымі і парушаючымі яго грамадзянскія правы.

Справа была спынена суддзёй "у сувязі з непадведамаснасцю гэтай справы суду". Такім чынам суд адмовіўся разглядаць справу супраць супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Па словах брэсцкага праваабаронцы Рамана Кісляка, ёсць вышэйстаячыя інстанцыі, куды справа будзе зноў перададзена на разгляд.

Звальненне за збор подпісаў

Подписной лист с подписями за выдвижение кандидатом в президенты

Апазiцыйных актывiстаў караюць звальненнем з працы за збор подпісаў

Актывіст Партыі БНФ Аляксандр Кузняцоў, які працаваў таксоўшчыкам у фірме "107" па дамове на ўласнай машыне, атрымаў паведамленне, што звольнены з працы. "Нашай фірме не патрэбны непрыемнасці", - перадалі Кузняцову словы кіраўніцтва фірмы. Справа ў тым, што актывіст удзельнічаў у пікеце па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Беларусі намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

Кіраўніцтва фірмы ведала, што сябра БНФ Кузняцоў працаваў па дамове, у якой не было абумоўлена, што таксаваць ён мусіць штодня. Тым не менш, яго звольнілі и да таго ж загадалі выплаціць фірме пэўную суму няўстойкі. Дыспетчарка фірмы сказала, што Кузняцова бачаць у горадзе на апазіцыйным пікеце, а такія супрацоўнікі ў таксі "107" не патрэбныя.

Праваабаронцам зноў не ўдалося легалізавацца

Брэсцкі абласны суд пакінуў у сіле рашэнне суда першай інстанцыі, які падтрымаў адмову ў рэгістрацыі Галоўным упраўленнем юстыцыі Брэсцкага аблвыканкаму праваабарончай арганізацыі "Брэсцкая вясна".

Па словах аднаго з сузаснавальнікаў арганізацыі Уладзіміра Вялічкіна, рашэнне суда сведчыць, што дзяржава не жадае рэгістраваць праваабарончыя структуры, а спецыяліст Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкаму Скрыпкін, які адмаўляў у рэгістрацыі "Брэсцкай вясны" па надуманых прычынах, наўмысна парушае канстытуцыйныя правы васямнаццаці заснавальнікаў аб’яднання.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня

Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Контекст