1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

Праваабаронцы падсумавалі вынікі фармавання тэрытарыяльных выбаркамаў, рок-спявак Стынг заклікаў адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі, працягваюцца затрыманні з нагоды нападу на расійскае пасольства ў Мінску.

Молоток судьи на столе

Удзельнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ацанілі вынікі фармавання тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, сусветная зорка рок-музыкі Стынг заклікаў да адмены ў Беларусі смяротнай кары, праваабарончая арганізацыя будзе судзіцца з упраўленнем юстыцыі Брэсцкага аблвыканкаму за адмову ў рэгістрацыі, у беларускай сталіцы працягваюць затрымліваць моладзевых актывістаў, якіх падазраюць у нападзе на пасольства Расіі.

Ацэнка фармавання тэрытарыяльных выбаркамаў

Прадстаўнікі арганізацыяў, якія ладзяць кампанію "Праваабаронцы за свабодныя выбары", 1 кастрычніка падсумавалі вынікі фармавання тэрытарыяльных выбарчых камісіяў.

Па словах намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянціна Стэфановіча, сёлета назіральнікаў з большага дапускалі на паседжанні выканаўчых камітэтаў, якія фармавалі тэрыятарыяльныя выбаркамы, але мелі месца і выпадкі беспадстаўнага нядопуску назіральнікаў на паседжанні, як тое здарылася з прадстаўніком Беларускага Хельсінскага камітэту (БХК) у Оршы Ігарам Ходзькам.

Адсеў апазіцыі

Валентин Стефанович и Гарри Погоняйло

Валянцін Стэфановіч і Гары Паганяйла (злева направа)

Што да складу тэрытарыяльных камісіяў, то сітуацыя з колькасцю прадстаўнікоў ад апазіцыі ў выбаркамах параўнальна з мінулымі выбарамі практычна не змянілася: з 2000 сябраў тэрытарыяльных выбаркамаў толькі 14 прадстаўляюць апазіцыю, што складае менш за адзін працэнт. Кіраўніцтва Цэнтрвыбаркаму (ЦВК) заявіла пра малую актыўнасць апазіцыйных палітычных партыяў пры вылучэнні сваіх чальцоў у тэрытарыяльныя камісіі. Але гэта, на думку Валянціна Стэфановіча, не зусім адпавядае рэчаіснасці.

Як адзначае юрыст, калі прадстаўнікі ЦВК гавораць пра малую актыўнасць партыяў увогуле і апазіцыйных партыяў у прыватнасці, то ў Беларусі кожны год назіраецца адна і тая ж карціна: апазіцыйныя партыі вылучаюць сваіх прадстаўнікоў усімі шляхамі, якімі толькі магчыма, - і ад партыяў, і шляхам збору подпісаў. Але нават тых, якіх вылучылі, у гэтыя камісіі не бяруць. "Змены выбарчага заканадаўства ніякім чынам не паўплывалі на гэтую сітуацыю", - падкрэсліў праваабаронца.

ЦВК дзейнічае не па закону

Старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла, закранаючы пытанне рэгістрацыі ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, адзначыў, што сёлета Цэнтрвыбаркам рэгістраваў групы нават тады, калі ў іх спісах былі так званыя "мёртвыя душы".

Напрыклад, у спісах ініцыятыўнай групы аднаго з прэтэндэнтаў значыўся нават адзін сябар ЦВК, які нават не ведаў пра тое, што знаходзіцца ў спісе ініцыятыўнай групы. На мінулых выбарах, адзначыў юрыст, адразу ж здымаліся з выбарчай гонкі.

Па словах Гары Паганяйлы, Цэнтрвыбаркам у сваіх дзеяннях кіруецца зусім не выбарчым заканадаўствам. "ЦВК дзейнічае паводле пэўных палітычных матывах, і гэта ўжо не Цэнтральная камісія і не орган улады, а дадатак да той службовай асобы, якая чарговым разам рухаецца на прэзідэнцкія выбары і жадае атрымаць чарговую элегантную перамогу", - рэзюмаваў Гары Паганяйла.

Праваабаронцы супраць чыноўнікаў

У Брэсцкім абласным судзе 29 верасня прайшлі папярэднія слуханні па зыску заснавальнікаў Грамадскага праваабарончага аб’яднання "Берасцейская вясна" да галоўнага ўпраўлення юстыцыі абласнога выканаўчага камітэту, якое адмовіла праваабаронцам у дзяржаўнай рэгістрацыі.

Падставаю для такога рашэння чыноўнікаў сталіся нібыта няверныя дадзеныя ў пададзеных на рэгістрацыю дакументах, у прыватнасці, нумар дому, дзе пражывае адзін з заснавальнікаў. Як высветлілася, памылілася Упраўленне ўнутраных справаў, бо менавіта яно падало няправільныя звесткі пра месца жыхарства аднаго з заснавальнікаў праваабарончае арганізацыі, у той час як у дакументах заснавальнікаў някай памылкі не было.

Паколькі ў пазасудовым парадку пытанне вырашыць не ўдалося, праваабаронцы прынялі рашэнне звярнуцца ў суд. Разгляд справы адбудзецца 12 кастрычніка.

Стынг супраць смяротнага пакарання

Стинг на концерте

Спявак Стынг - супраць смяротнага пакарання

Днямі ў інтэрнеце з’явіўся відэазварот слыннага брытанскага рок-выканаўцы Стынга з заклікам адмяніць у Беларусі смяротнае пакаранне. Сустрэча вядомага музыканта з беларускімі праваабаронцамі адбылася падчас ягоных гастроляў у Мінску. У хадзе сустрэчы музыка падпісаў петыцыю за адмену смяротнага пакарання ў рамках апошняга этапа кампаніі, якую праводзіць Беларускі Хельсінкскі Камітэт, праваабарончы цэнтр "Вясна" і "Міжнародная амністыя".

Па словах Стынга, ён выступае супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках, таму што верыць у чалавечую годнасць. Як канстатаваў музыкант, толькі адна краіна ў Еўропе прымяняе смяротнае пакаранне – Беларусь, і прыспеў час гэта змяніць. "Няхай ваш голас пачуюць, падпішыце петыцыю супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, і давайце спынім гэта - раз і назаўсёды”, - заклікаў супольнасць Стынг.

Апроч Стынга гэтую петыцыю падпісалі вядомыя беларускія літаратары Святлана Алексіевіч і Уладзімір Арлоў, музыканты Лявон Вольскі (гурт "NRM") і Уладзімір Пугач (гурт "J:Mors"), а таксама многія іншыя вядомыя асобы.

Нагадайма, што Беларусь застаеца апошняй у Еўропе дзяржавай, дзе да сёння прымяняецца смяротнае пакаранне. Увесну бягучага году былі расстраляныя Андрэй Жук і Васіль Юзэпчук. Хадайніцтвы пра абскарджанне прысуду яшчэ двох чалавек, якія былі асуджаныя на смяротнае пакаранне ў траўні, былі адхіленыя ў верасні. З прычыны прымянення смяротнага пакарання Беларусь застаецца адзінай на кантыненце, якая не з’яўляецца чальцом Рады Еўропы.

Затрыманні актывістаў

У беларускай сталіцы працягваюцца затрыманні ў сувязі з нападам на амбасаду Расійскай Федэрацыі, якое адбылося позна ўвечары 30 жніўня. Паводле папярэдніх падлікаў, у ізалятары часовага ўтрымання за гэты перыяд утрымліваліся каля трох дзясяткаў актывістаў анархісцкага руху, а таксама дэмакратычных моладзевых структураў.

Некаторым з тых, хто дагэтуль знаходзіцца за кратамі, абвінавачанне так і не выставілі. Праваабаронцы заяўляюць, што маюць месца парушэнні законаў, т плануюць узняць гэтае пытанне на ўзроўні Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Апроч нападу на пасольства Расійскай Федэрацыі, затрыманых актывістаў таксама падазраюць у шэрагу нападаў на будынкі "Беларусбанка", Федэрацыі прафсаюзаў і Генеральнага штаба Узброеных сілаў Беларусі.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня
Рэдактар : Уладзімір Дорахаў

Контекст

Досье

Также по теме