1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

Следства не выключае магчымасці імітацыі самагубства журналіста Алега Бябеніна, БАЖ сустрэў юбілей ва ўмовах ціску ўладаў на незалежныя СМІ, у Беларусі пачалася кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Символ правосудия - молоток судьи на столе

Генпракуратура Беларусі разгладае версію імітацыі самазабойства заснавальніка і кіраўніка апазіцыйнага сайту "Хартыя-97" Алега Бябеніна, Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) адзначыла 15-годдзе ў абставінах ціску дзяржаўных структураў на незалежныя медыі, ў краіне стартавала кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары", у Мінску прэвентыўна затрымалі дэмакратычных актывістаў, якія хацелі ўзяць удзел у акцыі на абарону каталіцкага храму.

Версія імітацыі засілля

Венки на могиле Олега Бебенина

Кветкі на магіле Алега Бябеніна

Генеральная пракуратура Беларусі не выключае варыянт забойства з наступнай імітацыяй суіцыду заснавальніка і кіраўніка апазіцыйнага інтэрнэт-сайту "Хартыя-97" Алега Бябеніна, якога знайшлі павешаным на ўласным лецішчы ўвечары 3 верасня. Пра гэта на бягучым тыдні заявіў намеснік генеральнага пракурора Андрэй Швед. Паводле яго словаў, асноўнымі на сёння версіямі застаюцца замагубства і імітацыя самазабойства журналіста.

Раней памочнік пракурора Мінскай вобласці Таццяна Калініна заяўляла, што, паводле папярэдняй экспертызы, на момант смерці Бябенін знаходзіўся ў цяжкай форме алкагольнага ап’янення, у што не вераць паплечнікі і блізкія нябожчыка. Зараз, па словах Калінінай, працягваецца шэраг іншых экспертызаў, якія накіраваныя на вывучэнне ўсіх магчымых версіяў трагедыі.

Правесці дакладнае і адкрытае расследванне абставінаў гібелі Алега Бябеніна афіцыйны Мінск заклікалі вядомыя еўрапейскія палітыкі, а таксама міжнародныя праваабарончыя і журналісцкія арганізацыі.

Кампанія за свабодныя выбары

Беляцкий, Гулак, Стефанович

Беларускія праваабаронцы распачынаюць назіранне за выбарамі

У Беларусі стартавала кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Яе ладзяць Беларускі Хельсінскі камітэт (БХК) і незарэгістраваны праваабарончы цэнтр "Вясна". Па словах кіраўніка "Вясны", віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (МФПЧ) Алеся Бяляцкага, мэтаю кампаніі з’яўляецца правядзенне назірання за выбарамі прэзідэнта, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання існуючага выбарчага заканадаўства, а таксама міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў.

Цяперашняя выбарчая кампанія, падкрэслівае Алесь Бяляцкі, адбываецца ў даволі неспрыяльных унутрыпалітычных умовах: крымінальны і адміністратыўны пераслед актывістаў з боку спецслужбаў і з боку фінансавых органаў "аказвае ўціск на грамадскіх актывістаў, на грамадзянскую супольнасць Беларусі і падтрымлівае ўзровень страху, боязі, які штучна ўтрымліваецца беларускімі выканаўчымі ўладамі для кантроля над беларускім грамадствам".

Планы кампаніі

Юрыст "Вясны" Валянцін Стэфановіч паведаміў, што ў межах кампаніі будзе праводзіцца доўгатэрміновае назіранне, у якім плануецца задзейнічаць каля 80 назіральнікаў па ўсёй краіне, і кароткатэрміновае, у якім прадугледжаны ўдзел 600 назіральнікаў на 300 выбарчых участках. "Мы спадзяемся, што стаўленне ўладаў да незалежнага назірання будзе адэкватным", - адзначыў праваабаронца.

Беларускія праваабаронцы, паводле старшыні БХК Алега Гулака, не цешацца ілюзіямі наконт дэмакратычнасці і адкрытасці сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі. "Мы без вялікага аптымізму ўступаем у гэтую кампанію, бо сур’ёзных сістэмных зменаў, якія б давалі яскравыя сігналы, што гэтыя выбары павінны прайсці па дэмакратычным сцэнары, практычна няма", - падкрэсліў Гулак.

Праваабаронцы паабяцалі шырока інфармаваць беларускую грамадскасць і міжнародную супольнасць пра ход кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі.

Затрыманні ў сталіцы

Увечары 16 верасня, у Дзень беларускай салідарнасці, у Мінску былі затрыманыя каля дваццаці актывістаў дэмакратычных партыяў і арганізацыяў, якія мелі намер узяць удзел у акцыі на абарону касцёла Святога Язэпа, што ў цэнтры Мінску. У кляштары побач з касцёлам улады плануюць размясціць гатэль з забаўляльнымі ўстановамі.

Па словах сустаршыні незарэгістраванай Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўла Севярынца, затрыманні мелі прэвентыўны характар. Сярод тых, каго схапілі супрацоўнікі міліцыі, былі лідэры "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч, Мікалай Дземідзенка, каля дзесяці актывістаў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!", сябры арганізацыі "Моладзь БНФ", а таксама лідэр Руху салідарнасці "Разам!" Вячаслаў Сіўчык.

Юбілей пад уціскам

Представители БАЖ

Арганізацыі незалежных журналістаў БАЖ - 15 год

Беларуская асацыяцыя журналістаў 16 верасня адзначыла сваё 15-годдзе. Але гэты невялікі юбілей арганізацыя незалежных журналістаў змушана сустракаць у неспрыяльных для дзейнасці недзяржаўных СМІ ўмовах. Гэта звязана з ціскам на незалежныя мас-медыя з боку ўладаў.

Але больш за ўсё азмрочыла ўгодкі БАЖ трагічная смерць сябра асацыяцыі Алега Бябеніна. Апроч таго, напярэдадні юбілею арганізацыі, чацвёртае цягам бягучага году афіцыйнае папярэджанне за подпісам міністра інфармацыі Беларусі Алега Праляскоўскага атрымала незалежная газета "Народная воля".

Па словах намесніка старшыні БАЖ юрыста Андрэя Бастунца, вельмі сімвалічна, што апошнім часам папярэджанні атрымалі менавіта тыя два незалежныя друкаваныя выданні – "Народная воля" і "Наша ніва", якія пад уціскам з боку Еўропы пазалетась былі вернутыя ў дзяржаўную сістэму падпіскі і распаўсюду.

Паводле дзейнага заканадаўства, цяпер гэтыя газеты ў любы момант могуць быць зачыненыя праз суд. "Мы бачым жаданне ўладаў трымаць усё пад кантролем, ствараць напружанне ў рэдакцыях, і нічога лепшага ў бліжэйшыя месяцы чакаць не даводзіцца", - падсумаваў намеснік кіраўніка БАЖ.

Вера ў свае сілы

З Андрэем Бастунцом згодная і старшыня асацыяцыі Жанна Літвіна. З яе меркавання, наперадзе ў журналістаў вельмі складаны перыяд выпрабавання, і гэта, у першую чаргу, звязана з абвешчанай прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй.

Але, па словах кіраўніка БАЖ, журналісты павінны яшчэ больш аб’яднацца, памятаць, што акрамя іх ніхто не выканае іхны абавязак - даць людзям аб’ектыўную, нецэнзураваную інфармацыю. "Трэба трымацца разам, трымацца праўды, і мы будзем больш узброеныя і гатовыя да тых выпрабаванняў, якія нас чакаюць", - падкрэсліла Жанна Літвіна.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня

Рэдактар: Вікторыя Заранка

Контекст