1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

У цэнтры Мінску затрымалі дэмакратычных актывістаў, Міністэрства інфармацыі вынесла два папярэджанні незалежнай газеце, Вярхоўны суд адклаў разгял скаргаў на расстрэльны прыгавор.

На столе лежит молоток судьи - один из символов правосудия

Супрацоўнікі міліцыі ў цэнтры сталіцы затрымалі дэмакратычных актывістаў, якія мерыліся адзначыць 20-я ўгодкі Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, Міністэрства інфармацыі цягам тыдня вынесла два афіцыйныя папярэджанні недзяржаўнай газеце "Наша ніва", Вярхоўны суд Беларусі на месяц адклаў разгляд касацыйнай скаргі двух грамадзян, асуджаных на смяротнае пакаранне.

Затрыманні за кветкі

27 ліпеня ў цэнтры Мінску былі затрыманы дэмакратычныя актывісты, якія ўскладалі кветкі да помніка славутага беларускага паэта Якуба Коласа з нагоды дваццатых угодкаў абвяшчэння Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. У гэты дзень на аднайменным пляцы сабраліся некалькі дзесяткаў чалавек, планавалася, што пасля ўскладання кветак да згаданага помніка людзі пройдуць і да помнікаў паэтаў Максіма Багдановіча і Янкі Купалы.

Вячеслав Сивчик

Вячаслав Сіўчык затрымалі 27 ліпеня ў цэнтры Мінску

Аднак супрацоўнікі міліцыі не далі правесці мерапрыемства, пры гэтым яны гвалтоўна з выкарыстаннем фізічнае сілы затрымалі чарытох прадстаўнікоў беларускага дэмакратычнага руху Вячаслава Сіўчыка, Андрэя Кіма, Мікалая Дземідзенку і Кацярыну Давыдзік. Усіх затрыманых адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна, дзе яны правялі ноч. На раніцу актывістаў даставілі ў суд Савецкага раёну Мінска, аднак разгляд адміністратыўнах справаў перанеслі на 5 жніўня. Усіх чатырох абвінавачваюць у дробным хуліганстве.

Папярэджанні недзяржаўнаму выданню

Цягам некалькіх дзён незалежная газета "Наша ніва" атрымала адразу два папярэджанні Міністэрства інфармацыі. Падставаю стала тое, што ў загалоўках артыкулаў, у якіх былі знойдзены "парушэнні", фігуравалі словы "Хросны бацька". Варта адзначыць, што абодва папярэджанні былі вынесеныя за нумар газеты, які чытачы не знайшлі ў кіёсках "Белсаюздруку".

У адным з папярэджанняў Мінінфарм абвінавачвае выданне ў распаўсюдзе звестак, што не адпавядаюць рэчаіснасці. Падставай для абвінавачвання стаў загаловак "Хросны бацька сканфіскаваў". "Паводле артыкула 244 Грамадзянскага кодэкса РБ канфіскацыяй з’яўляецца безвыплатнае выманне маёмасці ва ўласніка ў выглядзе санкцыі за здзейсненае злачынства ці іншае правапарушэнне", - адзначаецца ў папярэджанні Міністэрства інфармацыі. Далей прадстаўнікі гэтай дзяржаўнай установы спасылаюцца на інфармацыю "Белсаюздруку" аб тым, што наклад "Нашай нівы" № 25 ад 7 ліпеня 2010 году "быў накіраваны для рэалізацыі ў гандлёвыя аб’екты прадпрыемства". Адпаведна, як адзначае Мінінфарм, "канфіскацыя выдання не ажыццяўлялася".

Жанна Литвина

Жанна Літвіна лічыць папярэджанне сведчаннем набліжэння прэзідэнцкай кампані

Інфармацыя, якая была змешчана ў артыкуле "Хросны бацька сканфіскаваў", як адзначаецца ў лісце за подпісам міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага, "можа нанесці шкоду, у тым ліку і дзяржаўным інтарэсам, паколькі скажае практыку ўзаемадзеяння дзяржавы са сродкамі масавай інфармацыі".

Другое папярэджанне, датаванае 26 ліпеня, тычыцца артыкула "БРСМ рэкламуе фільм "Хросны бацька", які быў змешчаны ў № 25 газеты. "Згодна інфармацыі грамадскага аб’яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", актывістамі згаданага аб’яднання 6 ліпеня ў горадзе Мінску была зладжаная акцыя, зместам якой не з’яўлялася рэклама згаданага фільма", - адзначаецца ў лісце. Адпаведна, мяркуюць чыноўнікі Мінінфарму, "апублікаваная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і ганьбіць рэпутацыю дадзенай юрыдычнай асобы".

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Жанна Літвіна лічыць, што Міністэрства інфармацыі скарыстоўвае любыя фармальныя падставы, каб праз афіцыйныя папярэджанні зацугляць незалежныя выданні. Па словах Літвіной, ёсць сведкі і зафіксаваны факты, што сапраўды ў поўным памеры наклад "Нашай нівы" не быў дастаўлены ў пункты продажу. Як адзначае старшыня БАЖ, умяшальніцтва Міністэрства інфармацыі ва ўзаемаадносіны двух суб’ектаў гаспадарання, як любіў увесь час тлумачыць праблемы з распаўсюдам незалежных выданняў Мінінфарм, на гэты раз ён выкарыстоўвае гэтую нагоду для папярэджання. "Гэта ўсё дзіўна і, канешне ж, гэта ўсё - сведчанне набліжэння найважнейшай палітычнай выбарчай прэзідэнцкай кампаніі", - падкрэсліла Жанна Літвіна.

Гарри Погоняйло

Гары Паганяйла мяркуе, што расстрэльны прысуд можа быць зменены

Разгляд касацыі перанесены

Вярхоўны суд Беларусі на месяц адклаў разгляд касацыйнай скаргі прыгавораных да смяротнага пакарання двух жыхароў Гарадзенскай вобласці. Прысуд па справе аб забойстве трох чалавек 14 кастрычніка 2009 года быў абвешчаны ў абласным судзе сёлета 14 траўня. Злачынства было ўчынена ўначы ў кватэры 2-га корпусу дому № 8 па вуліцы Кабяка ў Гродна. Пажарныя, якія прыбылі ліквідаваць узгаранне, знайшлі там трупы 65-гадовага гаспадара, яго 34-гадовай нявесткі і яе 52-гадовай знаёмай. Знік сын маладой жанчыны, які вучыўся ў пятым класе.

Беларускія і замежныя праваабаронцы ўжо заклікалі ўлады перагледзець смяротны вырак і замяніць яго на пажыццёвае зняволенне.

Старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла мяркуе, што гэтым разам расстрэльны прысуд можа быць зменены. "Я не выключаю, што да восені будзе прынята рашэнне аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне, і, магчыма, у сувязі з гэтым на месяц адкладзены разгляд касацыйных скаргаў", - адзначыў юрыст.

Нагадайма, што сёлета ўжо быў прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у дачыненні да двух грамадзянаў Беларусі, што выклікала хвалю абурэння з боку праваабарончых арганізацыяў і еўрапейскіх структур.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар:Уладзімір Дорахаў

Контекст