1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Праваабаронцы: “Улады перасталі саромецца”

Беларускія праваабаронцы сцвярджаюць, што зафіксаваныя імі факты парушэння заканадаўства і грубай фальсіфікацыі выбараў у Беларусі амаль немагчыма данесці да грамадскасці, і ўлады гэтым бессаромна карыстаюцца.

default

Сваё жаданне падзяліцца ў Вільні інфармацыяй аб назіранні за выбарамі з літоўскімі журналістамі беларускія праваабаронцы патлумачылі проста – пра гэтую палітычную кампанію дзяржаўныя мас-медыя ў Беларусі не давалі і не даюць ня толькі што альтэрнатыўнай, але амаль ніякай інфапрмацыі:

"Самая ціхая агітацыйная кампанія з усяго, што мы назіралі за апошнія 15 год", – такую характарыстыку даў старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла.

"Доказы падману нікога не цікавяць і не палохаюць"

Інфармацыйны вакуум у краіне, паводле віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, стварае глебу для беспакараных рэпрэсій:

"У нас некалькі кандытатаў звольнілі з працы проста нахабным чынам. Ёсць сенсацыйны запіс аднога з кандыдатаў у Кобрыне, які запісаў на сотавы тэлефон размову з ім начальніка кобрынскага КДБ і дырэктара ягонага прадпрыемства, якія ўдвух яго "уломвалі", а потым паставілі ультыматум: "гарадок у нас невялікі, калі хочаш працаваць – здымайся". Ён гэта запісаў, выклаў у інтэрнеце, мы яшчэ да гэтага ўвагу прыцягнулі – і што? Ці быў пакараны гэты начальнік КГБ або дырэктар заводу? Не, нічога такога. Чалавека спакойна звольнілі, і гэтым усё скончылася".

Аналагічна бездапаможна, паводле Бяляцкага, адчуваюць сябе незалежныя назіральнікі на выбарах, маючы на руках неабвержныя доказы падману падчас падліку галасоў, якія нікога не цікавяць і не палохаюць:

"У нас дзясяткі гэтых выпадкаў – сядзіць назіральнік, лічыць па галовах, у яго прагаласавала датэрмінова 150, у пратаколе пры падліку галасоў з’яўляецца лічба 450, 500, 600. Што гэта такое!? Ці гэта выбары!? Улады ўвогуле перастацца саромецца назіральнікаў – ня толькі нас, але і міжнародных".

"Усе да гэтага ўжо зусім прызвычаіліся"

Літоўскія журналісты, якія слухалі расповед беларускіх праваабаронцаў, больш за ўсё не маглі зразумець, чаму грамадства не цікавіцца адкрытым гвалтам улады над сабой – хоць падчас датэрміновага галасавання, на якое, паводле назіральнікаў, людзі былі загнаныя пераважна ў прымусовым парадку. Праваабаронцы маглі адказаць толькі красамоўнымі прыкладамі – гаворыць намеснік старшыні праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч:

"Усе да гэтага ўжо зусім прызвычаіліся. Дапусцім са Слуцку нам прыйшоў фотаздымак аб’явы ў школе: "шаноўныя калегі, прагаласуйце датэрмінова, бо ўжо запатрабаваныя спісы настаўнікаў, што не прагаласавалі." Кім запатрабаваныя, навошта – можна толькі здагадвацца. Або ведамасці ў Баранавічах, дзе настаўнікі распісваліся проста, пасля таго як прагаласавалі датэрмінова".

Пададзеная ў Вільні пазіцыя аб якасці беларускіх выбараў – гэта толькі адзін з пунктаў гледжання. Міжнародныя назіральнікі ад Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе выбары прызналі недэмакратычнымі, але ўгледзелі пэўны прагрэс у параўнанні з ранейшымі. А назіральнікі ад СНД ніякіх парушэнняў традыцыйна ўвогуле не заўважылі.