1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Польскі Сэйм прагаласаваў за фінансавую падтрымку дэмакратычных ініцыятываў Беларусі

Паводле экспертаў, сума складзе не меней за 7 мільёнаў даляраў. Пра эфектыўнасць дапамогі Польшчы апазіцыйнаму руху Беларусі разважае польскі сенатар, вядомы праваабаронца Збігнеў Рамашэўскі.

“Хацеў бы адзначыць, што цешуся з таго, што Польшча заангажавана не толькі ў кірунку дапамогі польскай меншасці ў Беларусі, але і ўсёй грамадзянскай супольнасці. Бо, па-першае, вядома, што тая сітуація, у якой апынуўся Звяз палякаў Беларусі, вынікае з агульнай – панавання недэмакратычнага рэжыму ў Беларусі. Па-другое, мы вельмі шчыра зацікаўленыя ў тым, каб мець побач з сабой дэмкратычнага суседа – Беларусь і мець з Беларусяй сяброўскія ды стабільныя стасункі. А стабільнымі стасункі могуць быць толькі паміж дэмакратычнымі дзяржавамі”, -

адзначае сенатар.

Наколькі эфектыўная дапамога польскага ўраду дэмакратычнай грамадскасці Беларусі і наколькі, на думку, палітыка, рацыянальна выкарыстоўваюцца фінансавыя сродкі, прызначаныя на падтрымку гэтых працэсаў?

“Я мяркую, што на гэты момант мы робім усё тое, што можам, у кірунку дапамогі дэмакратычнаму руху Беларусі. Мы з павагай і вялікай сімпатыяй ставімся да беларускай апазіцыі. А самыя галоўныя напрамкі гэтай дзейнасці палягаюць, на мой погляд, у падтрымцы рэпрэсаваных за свае палітычныя погляды беларусаў, а таксама ў развіцці незалежныя мас-медыяў”, -

гаворыць суразмоўца.

Збігнеў Рамашэўскі звяртае ўвагу на відавочны плён вышэй згаданага супрацоўніцтва. На думку вядомага палітыка, беларусы, якія трапілі пад рэпрэсіі рэжыму, павінныя ведаць, што яны не застануцца сам-насам са сваімі праблемамі. Сенатар згадвае сітуацыю з беларускімі студэнтамі, выключанымі з ВНУ пасля прэзідэнцкай кампаніі і якія цяпер навучаюцца ў Польшчы ў рамках стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага. А таксама стварэнне з дапамогай Польшчы незалежнага тэлерадыёвяшчання для Беларусі:

“На маю думку, незалежныя СМІ адыгрываюць істотную ролю ў працэсах дэмакратызацыі Беларусі, папулярызацыі дэмакратычных прынцыпаў і ўплыву на грамадскую думку. Бо, натуральна, вельмі цяжка ва ўмовах інфармацыйнае блакады зрабіць які-кольвек свядомы выбар, бо ў людзей няма доступу да альтэрнатыўнай інфармацыі. Вельмі добра памятаю, якое вялікае значэнне мелі незалежныя медыі ў часы ваеннага становішча ў Польшчы – таму болшасьць высілкаў мы і скіравалі зараз на стварэнне незалежных СМІ для беларускай аўдыторыі”, -

падкрэслівае Збігнеў Рамашэўскі.

Я запыталася ў суразмоўцы, чым, на яго погляд, тлумачыцца тое, што вось ужо 12 гадоў улада ў краіне знаходзіцца, па сутнасці, у руках аднаго чалавека? Можа быць, таму, што большасць беларусаў яна, гэтая ўлада, задавальняе? Слова Збігневу Рамашэўскаму:

“На маю думку, шмат у чым гэтая сітуацыя сталася магчымай яшчэ і таму, што на пачатку здабыцця незалежнасці Беларусяй было зроблена шмат памылак, якія адыгралі сваю ролю ў пляне фармавання свядомасці грамадства. Прынамсі, гэта датычыцца розных аспектаў. Я быў у Беларусі падчас прэзідэнцкіх выбараў і размаўляў са сталымі людзьмі: іх аргументацыя зводзілася да таго, што толькі пры Лукашэнку яны пачалі атрымліваць стабільную пенсію, а вось, маўляў, “падчас праўлення дэмакратаў гэтага не было”. І сталое пакаленне добра гэта ўсё памятае, бо пэўныя элементарныя рэчы да гэтых людзей данесці вельмі цяжка з-за інфармацыйнага вакуўму. Таму маем тое, што маем. Хацеў бы падкрэсліць, што працэс трансфармацыі свядомасці не ёсць простым, ён вельмі балючы і доўгі. Мы ў Польшчы таксама ў свой час праз гэтай прайшлі і ведаем, якіх высілкаў гэта вымагае. Мяркую, што ў рэшце рэшт сваё слова скажа маладое пакаленне, якое ўбачыць і зразумее, што пры гэтым рэжыму ў краіне няма якіхсьці перспектываў”.