1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Перамовы берасцейскіх уладаў з галадаючымі таксістамі скончыліся безвынікова

Усяго на сённяшні дзень у Берасці галадуюць 15 чалавек. Яны ўжо месяц адмаўляюцца прымаць ежу з-за таго, што ўлады жадают спагнаць з іх збор за выкарыстанне транспартных сродкаў у камерцыйных мэтах.

3 жнівеня наместнік старшыні Берасцейкага аблвыканкаму Міхаіл Юхімчук наведаў кватэру прадпрымальніцы Любові Разановіч. Жанчына не прымае ежу з 5 ліпеня, ды ўжо чацвёра сутак, як адмаўляецца піць ваду. Перамовы пра спыненне галадоўкі не далі вынікаў. Любоў Разановіч заявіла, што працягне акцыю пратэсту. Жанчына адмаўляецца ад медычнай дапамогі. “Буду паміраць галоднай смерцю”, – папярэдзіла прадпрымальніца чыноўніка.

Усяго на сённяшні дзень у Берасці галадуюць 15 чалавек. Гэта ўладальнікі маршрутных таксовак, іх блізкія, кіроўцы ды два прадпрымальнікі-гандляры з рынку Берасця, якія далучыліся да галадоўнікаў на знак салідарнасці. Удзельнікі акцыі пратэстуюць супраць трактоўкі ўказу прэзідэнта №140 ад 22 сакавіка 2004 году аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камерцыйнай мэтай. Праблема ў тым, што нарматыўны акт пачалі прымяняць да аўтамабіляў, увезеных на тэрыторыю краіны яшчэ да яго прыняцця. Прадпрымальнікі кажуць, што ў іх няма сродкаў, каб заплаціць збор у некалькі тысячаў даляраў.

Юрыст Аляксандр Барнатовіч паведаміў “Нямецкай хвалі”, што гэта ўжо не першы выпадак, калі нарматыўным актам спрабуюць прыдаць зваротную сілу:

“Часцей за ўсё гэта сустракаецца ў падаткавым ды мытным праве, калі гаворка ідзе пра атрыманне дзяржавай дадатковых вялікіх сродкаў”. “Адпаведна Канстытуцыі ды закону аб нарматыўных актах, законы, дэкрэты прэзідэнта не маюць зваротнай сілы, калі яны не змякчаюць існае становішча”.

На думку юрыста, пасля такіх сітуацыяў, як у Берасці, не трэба здзіўляцца, чаму буйны бізнэс абыходзіць Беларусь бокам.

У Берасцейскім аблвыканкаме журналістам адказваюць, што пытанне вырашаецца ўжо на ўзроўні рэспублікі. Але, калі будуць канкрэтныя вынікі, ніхто паведаміць не можа. Разам з тым, у любы дзень у Любові Разановіч, якая перайшла на сухую галадоўку, могуць пачацца незвартоныя змены ў арганізме.

За апошнія гады ў краіне прайшлі некалькі страйкаў прыватных таксістаў. У 2004 годзе 150 гарадзенскіх кіроўцаў маршрутных таксовак не выйшлі на працу: яны страйкавалі супраць увядзення касава-падсумоўных апаратаў. У Ваўкавыску каля 30 чалавек некалькі тыдняў трымалі галадоўку з прычыны ціску ўладаў на фірму “Радыётаксі” прадпрымальніка Мікалая Аўтоховіча. А ў мінулым месяцы каля 50 машынаў сталічнай службы выкліку таксовак “052” пікетавалі офіс тэлекампаніі АНТ, пратэстуючы супраць канфіскацыі ў іх частаты, на якой кіраўнікі аўто звязваліся з дыспетчарамі.