1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Паўла Севярынца будуць судзіць

У аўторак пасля суда над Андрэем Кімам у Мінску быў затрыманы сустаршыня аргкамітэту партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павал Севярынец. Яго адвезлі ў гарадскую пракуратуру, дзе пратрымалі некалькі гадзінаў.

default

Па выхадзе на волю палітык распавёў “Нямецкай хвалі” пра абставіны і прычыны свайго затрымання:

“Забор быў даволі сур’ёзны - чатыры міліцыянты і маёр. Запіхнулі ў машыну і павезлі ў пракуратуру горада Мінска. Там з прыёмнай, дзе сказалі, што вядуць да намесніка гарадскога пракурора Стука, павялі, аднак, на чацверты паверх да нейкага Карпіцкага, які дапытаў мяне на прадмет збору подпісаў. То бок, была падпісная кампанія хрысціянскіх дэмакратаў разам з цэрквамі па зборы пяцідзесяці тысячаў подпісаў. Мы сабралі гэтыя подпісы, і цяпер пракуратура высветліла, што гэтыя подпісы сабраныя з парушэннем заканадаўства, і нас за гэты збор будуць судзіць. Мне ўручылі пратакол аб парушэнні пункту 9.10 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях, і гэтую справу ўжо перадаюць у суд.

Гэта страх перад хрысціянскім рухам, перад дзейнасцю хрысціянскіх дэмакратаў, перад упартасцю царквы “Новае жыццё”, іншых цэркваў, якія адстойваюць свае правы. Гэта сутаргавыя дзеянні, якія выходзяць за рамкі логікі, за рамкі закону. Таму што караць людзей за спробу легальным шляхам змяніць заканадаўства – гэта таксама навінка ў нашай абсурднай юрыдычнай сітуацыі”.

Ініцыятыўная група, у якую ўваходзіць і сустаршыня БХД Павал Севярынец, правяла па ўсёй краіне збор подпісаў пад зваротам з патрабаваннем змяніць заканадаўства аб свабодзе сумлення, якое, на думку актывістаў, дапускае пераслед рэлігійных аб’яднанняў і абшчынаў, а таксама парушэнне іх правоў. Больш за 50 тысячаў подпісаў грамадзянаў былі перададзеныя ініцыятыўнаю групаю ў канстытуцыйны суд, Адміністрацыю прэзідэрта, Палату прадстаўнікоў Нацянальнага сходу Беларусі.