1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Пачаўся працяг “Працэсу 14-ці”

У Мінску пачаўся разгляд крымінальнай справы яшчэ трох актывістаў, абвінавачаных у арганізацыі масавых беспарадкаў на акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня. Падтрымаць маладзёнаў прыйшлі дзесяткі людзей.

default

Яшчэ да пачатку працэсу на сцяне суседняга з судом Цэнтральнага раёну Мінску будынку з’явілася вялікая расцяжка з надпісам “Не – палітычным рэпрэсіям”, але правісела яна нядоўга. У людзей, якія прыйшлі падтрымаць абвінавачаных, не было ілюзіяў на конт магчымага выніку судовага разбіральніцтва.

Як падкрэсліў палітык Вячаслаў Сіўчык, “ведаючы, які прысуд быў па “справе дзесяці”, а быў палітычны прысуд, натуральна, і тут будзе прысуд палітычны. Вельмі вялікая небяспека, што гэтыя маладыя людзі трапяць пад рэальныя рэпрэсіі і будуць абмежаваныя ў сваіх дзеяннях. Гэта вельмі кепска”.

Паводле аднаго з абвінавачаных Паўла Вінаградава, маладзёны не шкадуюць, што бралі ўдзел у той акцыі пратэсту. “Натуральна, кожны з нас ведае, куды ідзе. Да таго ж, я за сваё правапарушэнне ўжо адседзеў 15 сутак”.

Папярэджанне да выбарчай кампаніі

Намеснік старшыні арганізацыі “Маладыя дэмакраты” Міхаіл Пашкевіч, які быў асуджаны за гэтыя ж падзеі на два гады абмежавання волі, не проста прыйшоў падтрымаць сваіх аднадумцаў: “Па іх прысуду я пагляджу, што нам чакаць ад нашай касацыйнай скаргі”.

Што да працэсу ўвагуле, то, на думку Пашкевіча, “улада ў любым выпадку паказвае, што можна і што нельга. І на нашым прыкладзе яна яскрава папярэджвае на будучыню: не дай Бог вы пойдзеце на жорсткія метады пад час парламенцкай кампаніі. Я думаю, гэтая крымінальная справа – гэта папярэджанне ні ў якім выпадку не перакрываць праспект. Таму што перакрыццё транспартнай артэрыі ёсць адным з найбольш дзейсных сродкаў шантажу рэжыму, а рэжым шантажу не любіць”.

На лаву падсудных у панядзелак, апроч Паўла Вінаградава, селі Міхаіл Субач і непаўнагадовы Максім Дашук, маці якога з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, а бацька памёр месяц таму. Менавіта з-за Дашука справу разглядаюць не толькі суддзя Валеры Есьман, але і дзве народныя засядальніцы пенсійнага веку ў прысутнасці дзяржаўнага абвінаваўцы Лук’янава. Усе абвінавачаныя адмовіліся даваць паказанні ў судзе, а Павал Вінаградаў выказаў недавер суду, які 22 красавіка ўжо вынес абвінаваўчыя выракі дзесяці актывістам, асуджаным па гэтай справе да штрафаў альбо абмежавання волі, а Андрэй Кім – да пазбаўлення волі.

Ніякіх зыскаў

Варта адзначыць, што ніхто з запрошаных сведкаў, а гэта былі дырэктары ГУМа, Цэнтральнага універсаму і крамы “Лакамка”, а таксама кіраўнік транспартнай кампаніі, якая валодае маршрутнымі таксоўкамі, і дырэктар адной з фірмаў не выставілі ніякіх фінансавых прэтэнзіяў да ўдзельнікаў акцыі, а сведкі – супрацоўнікі ДАІ не змаглі паказаць, што менавіта трое абвінавачаных арганізоўвалі беспарадкі. Мала таго, з паказанняў даішнікаў вынікала, што яны ўвогуле не бачылі гэтых трох маладзёнаў пад час акцыі.

Такія паказанні сведкаў надалі аптымізму падсудным. Як сказаў Павал Вінаградаў, ён адчувае сябе “нармальна, спакойна. Першы сведка, з якім я размаўляў яшчэ да пачатку працэсу, напачатку ўвогуле не ведаў, куды яго запрашаюць. На маё пытанне наконт прэтэнзіяў ён адказаў, што ўвогуле не мае да нас ніякіх пытанняў”.

У перапынку судовага паседжання адвакат Павал Сапелка пракаментаваў “Нямецкай хвалі” ход першага дня працэсу: “Я як лічыў, гэтак і лічу, што віна абвінавачваемых даставернымі і дапусцімімы доказамі не пацверджана. Таму выступы сведкаў нічога не дадалі да майго ўспрыняцця. Наадварот, я са здзіўленнем даведаўся, што шэраг суб’ектаў гаспадарання, у прыватнасці, універсам “Цэнтральны” не збіраюцца выстаўляць ніякіх зыскаў, хаця ў папярэднім судовым паседжанні пракурор практычна ад іх імя з парушэннем устаноўленага парадку выставіў зыск у іх інтарэсах”. Пасля перапынку на абед разгляд крымінальнае справы быў прадоўжаны.

Контекст