1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Пачалося фінансаванне будаўніцтва новай АЭС у Беларусі

Паводле незалежных экспертаў, будаўніцтва запатрабуе шматмільярдных даляравых крэдытаў,якія Беларусь можа атрымаць толькі ад Расіі. Пакуль гаворка ідзе пра інжынерна-геалагічныя пошукі пад будаўніцтва інжынерных аб'ектаў

Атрымаць афіцыйную інфармацыю пра гэта немагчыма, як сказалі ў Аб'яднаным інстытуце энергетычных і ядзерных даследаванняў НАН РБ, інфармацыя пра гэта можа быць прадстаўленая выключна з дазволу прэзідэнта Акадэміі навук альбо ўраду. Але з крыніц, якія натуральна пажадалі заставацца неназванымі, наш карэспандэнт высвятліла, што ў поўным аб'ёме пачынаюцца інжынерныя працы на месцы меркаванага будаўніцтва – гэтак званым Чырвонапалянскім пляцы. Гэта лясістая мясцовасць у паўднёваўсходняй частцы Беларусі: прыкладна ў 15 км на ўсход ад райцэнтра Быхаў, у 60 км ад Магілёву і прыкладна ў 100 км ад мяжы з Расіяй. Непадалёк знаходзіцца зона, у якой пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС адзначана радыёактыўнае забруджанне. Больш высокая радыёактыўнасць цяпер фіксуецца ў раёне населеных пунктаў Слаўгарад, Чэрыкаў і ў наваколлях райцэнтра Касцюковічы. Вакол вылучанага для будаўніцтва АЭС Краснапалянскага пляцу месцяцца ў асноўным закінутыя альбо маланаселеныя вёскі. У эканамічным дачыненні гэта дэпрэсіўны раён, адзін з найменш развітых сельскагаспадарчых і прамысловых рэгіёнаў Беларусі.

Планы па будаўніцтве АЭС запатрабуюць стварыць на прылеглай тэрыторыі надзейную інфраструктуру, а таксама вырашыць праблему астуджання рэактара шляхам будаўніцтва альбо адмысловага каналу, звязанага з Дняпром, альбо падпруджвання адной з дробных рэк Дняпроўскага басейну. Адносна недалёка ад месца меркаванага будаўніцтва АЭС будзе пабудаванае жыллё і іншыя аб'екты для людзей, якія будуць удзельнічаць у будаўніцтве, а пазней у абслугоўванні станцыі.

Пакуль гаворка ідзе пра інжынерна-геалагічныя пошукі пад будаўніцтва інжынерных аб'ектаў. Адчыненае фінансаванне шэрагу навуковых арганізацыяў Акадэміі навук і дзяржпрадпрыемстваў. Інстытуту геахіміі і геафізікі НАН і геафізічнай экспедыцыі РУП "Белгеалогія" - для правядзення геалагічных і геафізічных пошукаў, РУП "Геасэрвіс" Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва - для правядзення свідравання на тэрыторыі пляцоўкі. У выніку будзе дадзеная адзнака інжынерных уласцівасцяў грунтоў, сейсмічнай бяспекі гэтай тэрыторыі і будуць прадстаўленыя матэрыялы, на падставе якіх пачнецца праектаванне асабліва важных аб'ектаў, у тым ліку рэактараў і дапаможных будынкаў.

Але будаўніцтва пачнецца толькі пасля дэталёвага вывучэння прыдатнасці вылучанай пляцоўкі для аб'ектаў такога тыпу. Што тычыцца сейсмічнай бяспекі, то на падставе праведзенай раней працы, даследчыкі сцвярджаюць, што тэрыторыя "дастаткова бяспечная", але гэта яшчэ павінна быць пацверджана падчас дадатковых даследаванняў. Што тычыцца грунтоў, то праведзеныя раней геалагічныя здымкі сведчаць, паводле меркавання навукоўцаў, што грунты гэтага пляцу могуць быць аднесеныя да досыць надзейных для будаўніцтва такога кшталту аб'ектаў.

Вырашаецца пытанне пра будаўніцтва альбо 4 блокаў рэактараў магутнасцю прыкладна 600-620 Мегават або двух блокаў магутнасцю ў 1000 МГВ. Дарэчы, на ЧАЭС кожны з 4-х блокаў быў магутнасцю ў 1000 Мгв. Будаўніцтва АЭС зойме не меньш за 7 гадоў.

Тып рэактара яшчэ не вызначаны. Мяркуецца, што ён будзе такім жа, як на Новаваронежскай, Калініскай, Кольскай, Армянскай ды іншых АЭС на тэрыторыі былога СССР. Гэта так званы вода-вадзяны тып, які адрозніваецца ад рэактараў, пабудаваных на Чарнобыльскай і Ігналінскай АЭС.

Паводле экспертаў, праблема складаецца і ў тым, што будаўніцтва запатрабуе шматмільярдных даляравых крэдытаў, якія Беларусь можа атрымаць толькі ад Расіі. Эксперты лічаць, што ў Расіі ёсць намер прапанаваць свае рэактары, якія яна будзе пастаўляць і на свае будучыя АЭС. Нагадайма, што пасля Чарнобыльскай катастрофы будаўніцтва рэактараў у Расіі для АЭС было практычна замарожанае, і толькі цяпер там разгортваецца праграма будаўніцтва новай АЭС.