1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Пачалася афіцыйная агітацыя за кандыдатаў у прэзідэнты

Аднак не паўсюды яе можна заўважыць. Дагэтуль назіральнікі вялі лік на секунды, на працягу якіх узгадаваліся прозвішчы апазіцыйных кандыдатаў.

Дзякуючы цырымоніі рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты ўпершыню пасля прызначэння выбараў у галоўнай навіннай праграме дзяржаўнага Беларускага тэлебачання прагучаў выступ апазіцыйнага лідэра. Дагэтуль назіральнікі вялі лік на секунды, на працягу якіх узгадаваліся прозвішчы апазіцыйных кандыдатаў.

Зрэшты, да аўторка ім зноў прыйдзецца лічыць секунды. На заўтра запланаваны першы выступ кандыдатаў па тэлебачанні. Запіс зваротаў да выбаршчыкаў будзе рабіцца за суткі да эфіру. Трансляцыя запісаў кандыдатаў пройдзе па працоўных днях з 18 да 19 гадзін па тэлебачанні, і з 8 да 9 гадзін раніцы па радыё. У абодвух выпадках асноўная маса выбаршчыкаў у гэты час будуць знаходзіцца ў дарозе паміж домам і працай.

У адзін дзень выбаршчыкі пазнаёмяцца або з выступамі па радыё, або па тэлебачанні -- але двух кандыдатаў. Пры гэтым, адпаведна жэрабя, кандыдаты знаходзяцца ў парах -- выступаюць адзін за адным. Кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, які ў якасці свайго перадвыбарчага лозунгу зрабіў варыяцыю з лозунгу дзейнага кіраўніка дзяржавы, трапіўся да пары з Аляксандрам Лукашэнкам. Іншую пару склалі адзіны кандыдат ад дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч і лідэр сацыял-дэмакратаў Аляксандр Казулін -- абодва, нагадаю, апелююць у большай ступені да апазіцыйнага выбаршчыка.

Аднак, Гайдукевічу, не выключана, надарыцца магчымасць выступіць сола, а не дуэтам. У 2001 г. Аляксандр Лукашэнка ўжо адмаўляўся ад тэле- і радыёэфіру для прадстаўлення сваёй перадвыбарчай праграмы. Як прэзідэнт зробіць цяпер -- будзе вядома ў аўторак увечары.

У дзяржаўнай прэсе кандыдаты будуць друкавацца паводле жывой чаргі. Пакуль няма звестак, што які-небудзь выбарчы штаб перадаў сваю праграму ў газеты.

Агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў таксама пакуль не надрукаваныя. Кожнаму з іх на гэтыя мэты з бюджэту будзе выдаткавана прыкладна 27 тыс. EUR. Гэтыя грошы Цэнтрвыбаркам пералічыць друкарням, якія возьмуцца друкаваць плакаты і ўлёткі. У лепшым выпадку грошы паступяць праз тыдзень. Таму пакуль у кандыдатаў ёсць магчымасць толькі сустракацца з выбаршчыкамі.

Аляксандр Мілінкевіч на мінулых выходных правёў сустрэчы ў Бабруйску, Жлобіне, Светлагорску і Гомелі. Аляксандр Казулін у суботу і нядзелю масавых сустрэч не праводзіў, а ў чацвер ён збіраецца накіравацца ў Віцебскую вобласць. Сяргей Гайдукевіч сёння запісваў свой тэлезварот да выбаршчыкаў, а прэзідэнт Лукашэнка, як паведамляе афіцыйны сайт кіраўнік дзяржавы, "працуе паводле запланаванага графіку".