1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Патрэбная салідарнасць

Аргкамітэт камісіі па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсіяў звярнуўся да грамадскасці і міжнароднай супольнасці з заклікам падтрымаць актывістаў, якія прадстануць перад судом за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў

default

Аргкамітэт Грамадскай камісіі па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсіяў заклікаў грамадскасць і міжнародную супольнасць падтрымаць актывістаў, якія 23 траўня прадстануць перад судом за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў.

Цікавасць падае

Каардынатар аргкамітэту камісіі Ігар Рынкевіч адзначыў, што цікавасць да “Працэсу 14-ці”, працяг якога адбудзецца 23 траўня, калі на лаву падсудных сядуць яшчэ чацвёра моладзевых актывістаў, ужо не такая вялікая, як гэта было яшчэ некалькі тыдняў таму.

Ігар Рынкевіч выказаў занепакоенасць тым, што ў беларускім грамадстве і ў замежжы зменшылася хваля салідарнасці “як з тымі, хто ўжо быў пакараны, так і з гэтымі чатырма дэмакратычнымі дзеячамі”.

Сябра “Маладога Фронту” Уладзімір Сяргееў, які праходзіў у якасці абвінавачанага ў першай частцы працэсу, і якому быў прысуджаны штраф, адзначыў, што і абмежаванне волі па месцы жыхарства, а менавіта такі прысуд у красавіку атрымалі сямёра з дзесяці падсудных, ёсць даволі суворы від пакарання.

Адным з тых, хто на працэсе будзе праходзіць як абвінавачаны, з’яўляецца грамадскі актывіст, былы індывідуальны прадпрымальнік Міхаіл Субач. Паводле словаў маладзёна, ён добра разумее праблемы іпэшнікаў, якія, згодна ўказу прэзідэнта №760, не маюць права браць на працу наймітаў, таму і браў удзел у акцыі пратэсту.

“Я быў змушаны прыпыніць сваю дзейнасць, у мяне быў вясельны салон, і спецыфіка майго бізнесу была такая, што мне былі патрэбныя найміты, бо я не мог выконваць усе тыя дзеянні, якія былі неабходны”.

Абсурдныя абвінавачанні

Міхаілу Субачу, як і ўсім астатнім фігурантам гэтае крымінальнае справы, ставяць за віну парушэнне грамадскага парадку.

“Я лічу гэтыя абвінавачанні смехатворнымі, бо ў якасці галоўнае аргументацыі прыводзіцца тое, што быў спаралізаваны рух транспарту”.

Юрыст Ігар Рынкевіч таксама распавёў, што Сяргея Парсюкевіча накіравалі ў Жодзінскі СІЗА, дзе вельмі жорсткія ўмовы. А што датычыцца Андрэя Кіма, падкрысліў юрыст, у яго хворыя вочы, хворае сэрца. “Парсюкевіч напісаў, што не можа карыстацца спецыяльным балёнчыкам ад астмы, ён мусіць, задыхаючыся, па дваццаць хвілінаў грукаць у дзверы. Гэта азначае, што фактычна ўжываюцца катаванні ў дачыненні да нашых палітвязняў”.

Спадзяванне на Нямеччыну

Паводле словаў Ігара Рынкевіча, праваабаронцы ўжо звярнуліся да “Міжнароднай амністыі” з заклікам прызнаць Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма вязнямі сумлення. Да таго ж, як адзначыў юрыст, правабаронцы вельмі спадзяюцца на нямецкіх палітыкаў у вырашэнні пытання беларускіх палітвязняў.

Яны таксама рыхтуюць зварот да канцлера Нямеччыны Ангелы Меркель, распавеў Ігар Рынкевіч. “Вельмі важную ролю адыгрывае гэта краіна – місію АБСЕ ў Мінску таксама ўзначальвае прадстаўнік нямецкага дыпламатычнага корпусу, у ЕБРР таксама нямецкі прадстаўнік, значыць, роля Нямеччыны яшчэ больш павялічваецца. І мы, праваабаронцы, вельмі віталі б нямецкіх прадстаўнікоў на судзе”.

Разгляд крымінальнай справы яшчэ чатырох дэмакратычных актывістаў пачнецца ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска ў пятніцу, 23 траўня, у 9.30. Весьці працэс будзе суддзя Валеры Есьман.

Контекст