1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Папа Рымскі вітаў беларускую моладзь

1 сакавіка адбыўся прымеркаваны да шостага Еўрапейскага дня студэнтаў тэлемост “Еўропа і Амерыкі разам для пабудовы цывілізацыі любові”. А напярэдадні прайшоў “круглы стол” па праблеме свабоды сумлення ў Беларусі.

default

Ідэя правядзення Еўрапейскага дня студэнтаў належыць папярэдняму Пантыфіку – Яну-Паўлу Другому. На пачатку гэта была проста сустрэча ў Ватыкане, але пасля нарадзілася думка, што трэба зрабіць так, каб як мага больш студэнтаў маглі ўзяць удзел у гэтым дні. Адразу яны спалучаліся праз ватыканскае радыё, а пазней з’явіўся тэлемост.

Тэлемост дзякуючы арцыбіскупу

Яшчэ некалькі месяцаў таму ніхто не думаў, што ў тэлемасце з удзелам Пантыфіка будзе ўдзельнічаць Мінск. Як распавёў прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Аляксандр Амяльчэня, у лістападзе мінулага году галава Беларускай каталіцкай царквы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у Ватыкане сустрэўся са святаром, які ад самага пачатку займаецца арганізацыяй тэлемастоў на Еўрапейскі дзень студэнтаў з удзелам каталіцкага Першаіерарха.

Хаця гэты мост быў распланаваны загадзя, Арцыбіскупу Кандрусевічу ўдалося пераканаць прадстаўнікоў Святога Прастолу ў неабходнасці ўдзелу Мінска ў сёлетнім мерапрыемстве. Як адзначыў кнёндз Аляксандр, “гэта не толькі рэлігійная падзея для нас, хаця перш за ўсё, канешне. Гэта і вялікая грамадская падзея, таму што аб нашай Беларусі даведаюцца ва ўсім свеце. Сёння малітва па-беларуску будзе гучаць мінімум у дзесяці краінах свету. Яны будуць бачыць нас, беларусаў, будуць бачыць, што мы ёсць, якія мы ёсць і што мы з’яўляемся часткай свету і часткай Еўропы”.

Разам будаваць цывілізацыю любові

У Катэдральны касцёл Прысвятой Дзевы Марыі з Мінску з’ёхаліся многія сотні студэнтаў і проста моладзі з усёй Беларусі і нават з краін-суседзяў. Яшчэ некалькі соцень людзей, нягледзячы на моцны дождж, больш за тры гадзіны правялі ля прыступак галоўнага касцёлу краіны, ля сцен якога быў усталяваны вялікі экран і вялася жывая трансляцыя.

Адзін з удзельнікаў телемаста распавядае: "Я пакуль яшчэ школьнік, я з Баранавічаў. Усіх нас запрасіў наш святар да ўдзелу ў будаўніцтве цывізлізацыі любові. І разам з астатняй студэнцкай моладдзю ўсёй краіны мы вырашылі далучыцца да гэтага і прыняць актыўны ўдзел у гэтым тэлемасце".

"Я студэнтка Белдзяржуніверсітэта. Гэта вялікая сустрэча са Святым Айцом, ён вельмі быў рады нас вітаць, мы разам з ім маліліся. Гэта вельмі дапамагае нам трымацца ў гэтым жыцці, будаваць цывілізацыю любові", - гаворыць другая ўдзельніца.

Як падкрэсліў “Нямецкай хвалі” арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, “моладзь – гэта будучыня нашага жыцця, будучыня нашай супольнасці, надзея касцёла, надзея свету. Калі гэтая моладзь будзе выхаваная на прынцыпах Евангелля, мы можам быць спакойныя за будучыню”.

Бенедыкт XVI прывітаў беларусаў

У Ватыкане, уручаючы энцыклікі “Spe Salvi” (“Збаўленне праз надзею”) студэнтам - прадстаўнікам усіх гарадоў-удзельнікаў тэлемасту, а гэта, апроч Мінска, былі румынскі Бухарэст і італійскі Неапаль, амэрыканскі Вашынгтон і французскі Авіньён, кубінская Гавана і бразільская Апарэсіда, гішпанская Таледа, мексіканскі Мехіка і эквадорскі Лоха, Бенедыкт XVI звярнуўся да маладзёнаў на іх родных мовах, у тым ліку і на беларускай.

“Дарагія студэнты мінскіх універсітэтаў! Сардэчна вас вітаю. Даручаю вашаму роздуму Энцыкліку аб надзеі і заахвочваю вас будаваць цывілізацыю любові. У жыцці прымайце правільныя рашэнні ды дзеянні, поўныя веры і евангельскай адвагі”.

Звяртаючыся да ўсёй моладзі, пантыфік, у прыватнасці, адзначыў: “Цывілізацыя любові і супольнасць – гэта значыць супольнае жыццё ў духу павагі, міру і радасці, суіснаванне рознага ў імя здзяйснення агульнага плану, які бласлаўлёны Папа Ян ХХІІІ засноўваў на чатырох слупах: любові, праўдзе, свабодзе і справядлівасці… Будзьце будаўнікамі міру і адзінства!”

“Круглы стол” па свабодзе сумлення

А напярэдадні тэлемасту з Ватыканам у мінскай сядзібе БНФ адбыўся круглы стол, прысвечаны праблемам свабоды сумлення ў Беларусі. Яго ўдзельнікі адзначалі факты пераследу ўладамі святароў і вернікаў розных канфесіяў, забарону правядзення набажэнстваў у прыватных дамах і кватэрах без дазволу чыноўнікаў і судовы пераслед за гэта пастараў, у першую чаргу, пратэстанцкіх, высылку з краіны каталіцкіх святароў – неграмадзянаў Беларусі і гэтак далей.

Як падкрэсліў сустаршыня аргкамітэту Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец, “царкве практычна забараняюць, перашкаджаюць ратаваць беларускую нацыю. Пакуль працягваюцца пераледы хрысціянаў, беларускі народ співаецца. Пакуль забараняюць будаваць новыя храмы, адчыняць малітоўныя дамы, разводы і аборты крочаць па краіне. Калі высылаюцца святары з невялікіх правінцыйных мястэчак, гэтыя мястэчкі пагружаюцца ў п’янства, крымінал, наркаманію”.

Карны закон

Як адзначалі ўдзельнікі дыскусіі, сярод якіх былі юрысты, прадстаўнікі розных канфесіяў, палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў, а таксама замежныя дыпламаты, (запрошаныя для ўдзелу прадстаўнікі дзяржаўных структур мерапрыемства праігнаравалі), у краіне дачынна вернікаў дзейнічае карнае заканадаўства ў выглядзе закону аб свабодзе сумлення.

Яго распрацоўшчыкі сцвярджалі, што забаронныя нормы закону скіраваныя на барацьбу з магчымым з’яўленнем у Беларусі таталітарных сектаў. Але, як адзначыла юрыст Дзіна Шаўцова, “мы сёння нічога не чуем ні пра якія таталітарныя секты, якія былі адлоўленыя пры дапамозе гэтага закону, але мы чуем пра непамерныя штрафы і адміністратыўныя арышты, якія прымяняюцца да свяшчэннаслужыцеляў”.

Таму ўдзельнікі “круглага стала” вырашылі дабівацца ўнясення паправак у дзейнае заканадаўства. З меркавання Дзіны Шаўцовай, трэба “у першую чаргу, прыбіраць з Адміністратыўнага кодэкса і Закона аб масавых мерапремствах тыя нормы, якія дазваляюць штрафаваць і арыштоўваць за правядзенне рэлігійных мерапрыемстваў".

Акрамя таго, на думку юрыста, неабходна змяніць артыкул 25 Закона аб свабодзе сумлення, у адпаведнасці з якім рэлігійных лідэраў, свяшчэннаслужыцеляў і вернікаў адсылаюць да таго ж Адміністратыўнага кодэкса і Закона аб масавых мерапрыемствах па атрыманне дазволу на набажэнствы ў кватэрах ці іншых памяшканнях.

Закон не пройдзе

Былі прапановы падрыхтаваць адразу цэлы законапраект, але, паводле юрыста Галіны Лявонавай, якая ў свой час працавала ў Міністэрстве юстыцыі, дабіцца прыняцця новага закону цяпер практычна немагчыма.

"Мы сёння маем той парламент, які маем. Праходжанне закону абсалютна бесперспектыўна, ён па розных, дарэчных ці недарэчных, апраўданых ці неапраўданых падставах будзе адхілены”, - гаворыць Галіна Лявонава.

Ініцыятыўная група, якая дабіваецца змяненняў у Закон аб свабодзе сумлення, сабрала і перадала ў Адміністрацыю прэзідэнта, Канстытуцыйны суд і Палату прадстаўнікоў больш за 50 тысяч подпісаў грамадзян пад адпаведнымі патрабаваннямі. У суботу прыйшоў адказ з Канстытуцыйнага суда на адрас кампаніі па абароне правоў на свабоду сумлення.

У адказе гаворыцца пра адмову вышэйшай судовай інстанцыі краіны раглядаць зварот. Маўляў, гармадзяне не маюць права накіроўваць у гэты суд падобныя звароты. Як адзначыў каардынатар кампаніі юрыст Сяргей Луканін, беларускае заканадаўства не забараняе Канстытуцыйнаму суду па ўласнай ініцыятыве ацэньваць адпаведнасць таго ці іншага закона Канстытуцыі.

“Але суд праігнараваў ініцятыву грамадзян, хаця меў законную магчымасць пайсці ім насустрач і ўпершыню ў гісторыі Беларусі стварыць прэцэдэнт нарматворчага дыялогу паміж кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі і грамадствам”, - падкрэсліў Сяргей Луканін.