1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Папа Рымскі Бенедыкт XVI прыехаў у Польшчу з трохдзённым візітам

Галоўным пунктам праграмы стануцца сустрэча з вернікамі і ўрачыстыя набажэнствы ў храмах Польшчы. У іх возьмуць удзел не менш як 3 мільёны чалавек, у тым ліку каля 3 тысячаў каталікоў з Беларусі.

default

Візіт Папы Рымскага Бенедыкта XVI многія палякі атаясамліваюць з нацыянальным святам. "Папа ў краіне Папы" - на такія загалоўкі багатыя сённяшнія польскія газеты. Значэнне гэтага візіту для каталіцкай Польшчы цяжка пераацаніць. Да прыезду пантыфіка тут рыхтаваліся даўно і грунтоўна. Прадпрынятыя беспрэцэдэнтныя захады па бяспецы, адрамантаваныя, бадай, усе буйныя польскія храмы. Па ўсёй краіне вывешаныя нацыянальныя польскія сцягі, а ў вокнах дамоў выстаўленыя іконы і божыя абразы.


Па інфармацыі польскіх уладаў, у мерапрыемствах, звязаных з візітам Папы Рымскага, возьмуць удзел не менш як 3 мільёны чалавек, у тым ліку каля 3 тысячаў каталікоў з Беларусі.

"Ніякіх праблемаў з атрыманнем візаў у беларускіх вернікаў не было", паведамілі ў амбасадзе Польшчы ў Мінску. Прэсавы сакратар амбасады Беларусі ў Варшаве Зміцер Выбарны адзначыў у інтэрв'ю "Нямецкай хвалі", што для беларусаў, якія пажадалі ўбачыць Папу Рымскага ў Варшаве ці Кракаве, на мяжы былі створаныя "максімальна спрыяльныя ўмовы".

"Больш за тое, гэтых людзей прапускалі на мяжы без чаргі", -- дадаў Выбарны. Паводле яго словаў, не было праблемаў і з транспартам, так што ўсе жадаючыя змаглі трапіць у Польшчу. Прэс-сакратар падкрэсліў таксама, што яму не вядома пра якія-небудзь надзвычайныя сітуацыі, звязаныя з паломнікамі, ва ўсялякім разе ў беларускую амбасаду ніхто з іх па дапамогу не звяртаўся.

Адзін з паломнікаў, што прыехаў цяпер у Польшчу, - вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін распавёў мне, што для яго гэтая паездка -- даўгачаканая і важная. "Я вельмі цешуся, што ў нас будзе магчымасць на ўласныя вочы пабачыць Папу Рымскага і папрысутнічаць на яго набажэнстве. Я асабіста буду маліцца за Беларусь і за сваю жонку, якая цяпер чакае дзіця. Мы вельмі хочам дзяўчынку і назавем яе Марыяй -- у гонар Божай маці" – прызнаўся А.Пушкін.