1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Пазітыву больш чым негатыву

Па-рознаму ацэньваюць вулічную акцыю 25-га сакавіка яе арганізатары і ўдзельнікі. Яе вынікі арганізатары падводзілі ля сцен суда Савецкага раёну Мінска, куды прывезлі затрыманых актывістаў дэмакратычных сілаў.

default

Старшыня аргкамітэту Дня Волі Віктар Івашкевіч упэўнены ў паспяховасці адбытае акцыі ў плане рэакцыі, якую яна выклікала ў электронных і друкаваных медыях. “Насамрэч, наша задача была, каб максімальная колькасць людзей даведалася пра нашы пазіцыі і пазіцыі ўлады. Гэтая дэманстрацыя адбылася, усе сродкі масавай інфармацыі, беларускія і замежныя, зараз даюць гэта першай навіной, і ў гэтым сэнсе акцыя ўдалася як інфармацыйная акцыя. Я лічу, што толькі тое адбываецца, што трапляе ў СМІ”.

Паводле словаў Віктара Івашкевіча, у арганізацыйным плане ўсё было зроблена правільна. “Памылак няма, ёсць дэманстрацыя нашай пазіцыі, і масавыя арышты – гэта таксама дэманстрацыя. А калі б улады не пайшлі на масавыя арышты, то мы б дэманстравалі спакойна і ўрачыста. Ну, а тое, што ўлады б’юцца, гэта кепска, але ж мы не можам адмаўляцца ад сваёй дэманстрацыі пазіцыі”.

Чаму не з’ядналіся?

З палітыкам не згодны актывіст грамадзянскай кампаніі “Джынс за свабоду” Павал Юхневіч, які быў у той групе дэманстрантаў, што трапіла пад навалу амонаўцаў. “Арганізатары не зусім ведалі, што ім рабіць, бо мы спачатку стаялі, потым ішлі. Насупраць была калона АГП, якая чамусці не перайшла да нас, чамусці мы былі паасобку, і міліцыянты скарысталіся гэтай сітуацыяй. Яны проста рассеклі натоўп на кавалкі і зрабілі зачыстку. І мне таксама не зразумела, чаму столькі людзей, а там было 2-3 тысячы чалавек, стаялі ля Акадэміі навук, а не рушылі ў бок Плошчы Якуба Каласа. Мы маглі б з’яднацца, і атрымалася б добрая прыгожая акцыя, а не сумны мітынг ля Акадэміі навук і бадзёрая, але потым жорсткая сутычка на праспекце”.

“Усе знаходзяць нейкія мінусы, а я знаходжу станоўчае ў тым, што адбываецца, у кантэксце апошніх падзеяў, - парыруе лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. – Першае, увага да Беларусі, яна даецца нам вялікай цаной – разбітымі галовамі, разбітымі ныркамі, судовымі працэсамі, арыштамі, але без гэтага таксама не змяніць сітуацыю ў Беларусі. Я думаю, што Аляксандр Лукашэнка зараз нам дапамагае перавесці “беларускае пытанне” з раздзелу “рознае” у галоўны парадак дня”.

Не хапіла сродкаў

Старшыня Беларускага народнага фронту Лявон Баршчэўскі прызнае, што ў працы аргкамітэту пры падрыхтоўцы Дня Волі былі пэўныя недахопы. “Арганізатарам трэба зрабіць высновы, што на гэтыя акцыі трэба збіраць больш людзей. Практыка паказвае: калі людзей болей, міліцыя паводзіць сябе лепш”.

Але, як канстатуе кіраўнік БНФ, былі і не залежныя ад арганізатараў, але суб’ектыўныя прычыны таго, што акцыя не атрымалася на сто адсоткаў так, як яе планавалі. “Не хапіла нам ні сродкаў, ні сіл для дастатковага інфармавання. Мы ўсе свае партыйныя сродкі паклалі, нават залезлі ў даўгі, каб распаўсюдзіць інфармацыю. Але крыху не хапіла дапамогі, у тым ліку і з тых, хто яе на словах дэклараваў, але ні капейкай не дапамог”.

Як бы то ні было, цяпер лідэры дэмакратычных сілаў абяцаюць прааналізаваць прайшоўшы Дзень Волі, улічыць недахопы, каб годна падрыхтавацца да чарговай вулічнай акцыі – “Чарнобыльскага Шляху”, запланаванага на 26-га красавіка.