1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Пад Мінскам распачаў сваю працу намётавы летнік-семінар “Круглае возера-2006"

Цягам 10 дзён маладзёны з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, а таксама іх здаровыя аднагодкі бяруць удзел у разнастайных інтэрактыўных адукацыйных мерапрыемствах і проста весела адпачываюць.

На беразе Плешчаніцкага вадасховішча пад Мінскам распачаў сваю працу намётавы летнік-семінар “Круглае возера-2006”.

Інтэграцыйны летнік «Круглае возера» - гэта своеасаблівая візітоўка моладзевай грамадскай арганізацыі "Розныя-Роўныя". Пачынаючы з 1999 году, штогод на беразе аднаго з азёраў Беларусі месціцца міжнародны экалагічны намётавы летнік. Сюды з’язджаюцца сябры арганізацыі, а таксама іхнія калегі з іншых беларускіх арганізацыяў і замежныя валанцёры. Кожнае "Круглае возера" ўключае ў сябе навучальную праграму па шэрагу захапляльных тэмаў: экалогія, асновы працы ў няўрадавых аб’яднаннях, пераадоленне стэрэатыпаў і дыкскрымінацыі ў грамадстве.

Унікальнасць летніка ў тым, што ягоныя ўдзельнікі належаць да розных сацыяльных групаў, якія, як правіла, у паўсядзённым жыцці не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, не могуць на роўных камунікаваць. На «Круглым возеры» захаваны нязменны прынцып, які з’яўляецца падставовым для ўсіх праектаў і мерапрыемстваў «Розных-Роўных». Гэта «залатая формула» 50 на 50, якая прадугледжвае роўны ўдзел як моладзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, так і моладзі без фізічных абмежаванняў. Дзейнасць «Розных-Роўных» пераконвае ў тым, што нельга пераадолець негатыўныя стэрэатыпы датычна людзей з абмежаванымі магчымасцямі, працуючы асобна з групамі “здаровых” і інвалідаў. Гэты сэнс закладзены і ў самой назве арганізацыі – «людзі ўсе розныя, але роўныя ў сваім праве на шчасце і паўнавартаснае жыццё ў грамадстве».

За гады свайго існавання арганізацыя «Розныя-роўныя» рэалізавала мноства сацыяльных і культурна-адукацыйных праграмаў, сярод якіх – псіхалагічныя трэнінгі, экалагічныя акцыі, міжнародныя моладзевыя абмены, інтэграцыйныя вечарыны, фотавыставы. Цяпер пры падтрымцы арганізацыі рэалізуецца адметны для Беларусі, доўгатэрміновы праект - інфармацыйны цэнтр для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На сайце «Розных-роўных» http://www.rrby.org магчыма атрымаць інфармацыю пра адукацыю, прафарыентацыю, працаўладкаванне, рэабілітацыю людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, задаць пытанні адмыслоўцам сацыяльнай галіны.

Унікальнасць дзейнасці арганізацыі «Розныя-роўныя» ў пераадоленні падзелу грамадства на інвалідаў і неінвалідаў падкрэсліла ў інтэрв’ю «Нямецкай хвалі» Ірына Белая. Сябра грамадскай арганізацыі «Экадом» двойчы ўдзельнічала ў намётавым летніку «Круглае возера». І абодва разы Ірына Белая адзначала атмасферу роўнасці, якая пануе паміж удзельнікамі праекта. У Беларусі інваліды практычна не могуць дазволіць сабе адпачыць на прыродзе, тым больш у намётавым летніку, а «Круглае возера» стварае аптымальныя ўмовы для партнёрскіх стасункаў людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і іхнімі здаровымі аднагодкамі. «Такі стыль узаемаадносінаў добра было б перанесці на ўсё грамадства ўвогуле», - падкрэсліла Ірына Белая.