1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Падыходзіць да завяршэння збор подпісаў

Пакет дакументаў на вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты неабходна падаць у Цэнтрвыбаркам да 11 лютага. Найбольшая колькасць пытанняў звычайна з'яўляецца з нагоды дэкларацыяў аб даходах

default

27 студзеня ініцыятыўныя групы мусяць здаць іх у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, і калі 100 тысячаў подпісаў будуць прызнаныя сапраўднымі, то ўжо 12 лютага ўдзельнікі кампаніі могуць патрабаваць у Цэнтрвыбаркаме пасведчанні кандыдатаў у прэзідэнты. Не выключана, што пасведчанні дастануцца не ўсім. Падчас праверкі подпісаў, а пазней і ўсяго пакету дакументаў могуць з'явіцца і хутчэй за ўсё з'явяцца спрэчныя пытанні, таму канчатковы спіс удзельнікаў кампаніі будзе вядомы 21 лютага.

Пакет дакументаў на вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты неабходна падаць у Цэнтрвыбаркам да 11 лютага ўключна. Найбольшая колькасць пытанняў звычайна з'яўляецца з нагоды дэкларацыяў аб даходах. Яна адрозніваецца ад той, што падаткаплацельшчык запаўняе па выніках году. Кандыдаты ў прэзідэнты мусяць дэклараваць даход і маёмасць як іх саміх, гэтак і іх блізкіх сваякоў, незалежна ад месца жыхарства. Падставай для адмовы ў рэгістрацыі можа быць адсутнасць у дэкларацыі звестак пра не зняты з рэгістрацыі гнілы "Запорожец" або любы разавы даход, які трапіў у вочы падатковай інспекцыі.

Як сведчыць досвед папярэдніх выбарчых кампаній, праверка дэкларацыяў прыводзіць да істотнага адсеву прэтэндэнтаў. Праваабаронцы сцвярджаюць, што ўлады свядома выкарыстоўваюць гэты працэдурны момант каб зняць з дыстанцыі няўгодных палітыкаў, а не проста выконваюць патрабаванне закону. Гэтую выснова ўскосна пацвярджае памер памылкі, з-за якой камісіі адмаўляюць у рэгістрацыі кандыдатам. Некалькі прыкладаў з апошняй выбарчай кампаніі. На парламенцкіх выбарах у 2004 годзе не быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты старшыня праўлення Рэспубліканскай партыі Ўладзімір Белазор, бо не поўнасцю напісаў пасаду па месцы працы, а таксама даход у суме 341.785 рублёў, што быў атрыманы са сродкаў рэспубліканскага бюджэту на кампенсацыю пуцёўкі ў санаторна-аздараўленчы комплекс. Відавочна, што сп. Белазор нават не ведаў, што мае такі даход. А вось сябру Партыі БНФ Андрэю Церашкову было адмоўлена ў рэгістрацыі за непраўдзівую інфармацыю. Ён не паведаміў пра сумеснае з маці права ўласнасці на кватэру. Тым часам Смаргонская акружная камісія адмовіла ў рэгістрацыі Зінаідзе Бандарэнцы з-за таго, што пры ўказанні пенсіі яна памылілася на 20 рублёў. Аднак Цэнтрвыбаркам пералічыў даходы артысткі, высветліў, што ў агульнай суме памылкі не было, і зарэгістраваў яе кандыдатам.

Такім чынам, і памылка на 20 рублёў, за якія ў лепшым выпадку набудзеш пушачку запалак, можа быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі? Менавіта так. Як сказаў сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік: "Як такога крытэрыя істотнасці парушэння, то бок вагі памылкі, не існуе". Таму Мікалай Лазавік заклікаў удзельнікаў кампаніі па магчымасці дакладна запаўняць дэкларацыю. У адмысловай пастанове Цэнтрвыбаркам паведаміў, што бланк дэкларацыі можна атрымаць у Цэнтральнай камісіі або зрабіць самастойна -- паводле формы, якую зацвердзіў урад. А калі сваякі прэтэндэнта жывуць не ў адным з ім горадзе і нават не ў адной краіне, то Цэнтрвыбаркам дазваляе іхныя дэкларацыі дасылаць па факсе. А вось завярэння дэкларацыі ў падатковай інспекцыі Цэнтрвыбаркам не патрабуе. Хаця менавіта падатковая будзе першай арганізацыяй, якая будзе спраўджваць звесткі з дэкларацыі.

Пасля рэгістрацыі кандыдатаў дэкларацыі будуць апублікаваныя ў цэнтральнай прэсе, каб кожны выбаршчык меў уяўленне пра афіцыйныя даходы, уласнасць і месца жыхарства кандыдатаў і іхных сямейных.